У Мінску паставяць помнік князю Глебу Усяслававічу. Хто гэта?

Намеснік старшыні Мінскага гарвыканкаму Ігар Юркевіч паведаміў агенцтву «Мінск-Навіны» пра рашэнне паставіць ў Мінску помнік князю Глебу Усяслававічу (Глебу Мінскаму) згодна з прапановай Беларускага грамадскага аб’яднаньня экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Канцэпцыя і месца помніка абмяркоўваюцца.

Глеб Усяслававіч, князь Мінскі. Выява з манеты Нацыянальнага банку Беларусі «Глеб Мінскі». Дызайн манеты: Святлана Заскевіч.

Глеб Усяслававіч, князь Мінскі. Выява з манеты Нацыянальнага банку Беларусі «Глеб Мінскі». Дызайн манеты: Святлана Заскевіч.


Глеб Усяслававіч — сын полацкага князя Ўсяслава Брачыслававіча (Усяслаў Чарадзей), з 1101 да сьмерці ў 1119 годзе быў мінскім князем, роданачальнік мінскага адгалінаваньня Рагвалодавічаў.
Як расказаў Свабодзе гісторык Алег Дзярновіч, можна ўпэўнена сцьвярджаць, што Глеб Усяслававіч быў першым мінскім князем і тым, пры кім Мінск як горад набыў «адміністрацыйнае значэнне».
«Князь Глеб вядомы як першы князь Мінскага ўдзельнага княства. Ёсьць такая абгрунтаваная версія, што калі адбываліся яго заручыны з Анастасіяй, дачкой уладзімера-валынскага князя Яраполка Ізяслававіча, ягоны бацька Ўсяслаў у сувязі з гэтым вылучыў з полацкай зямлі ў асобны ўдзел Мінскае княства.
Тое, што мы ведаем з крыніцаў, — ён быў чалавек амбітны, відавочна рашучы. Вядома, што ён амаль адразу пачаў праводзіць палітыку пашырэння Мінскага княства на ўсход, дзе ягоныя інтарэсы сутыкнуліся з тэрыторыяй Смаленскай зямлі. Ёсьць версія, што сістэма фартэцыяў, малых замкаў на берагах Дняпра, дзе Ворша і Копысь, узнікла ў пэрыяд экспансіі Глеба Мінскага. На поўдні ягоныя інтарэсы сутыкнуліся зь інтарэсамі кіеўскага князя Ўладзіміра Манамаха. Быў славуты напад на Слуцак, бо дрыгавіцкая зямля была пад кантролем Кіева.
Калі вялікая кааліцыя паўднёварускіх і смаленскіх князёў падышла пад Мінск, Глеб быў узяты ў палон, дзе і памёр у Кіеве ў 1119 годзе; пахаваны ў Кіева-Пячорскай лаўры. Гэта цікавы эпізод з рэлігійнай гісторыі: ён пакінуў вялікую фундацыю ў Кіева-Пячорскай лаўры, і калі праз 40 гадоў памерла ягоная жонка, яна таксама была пахаваная ў лаўры разам з мужам, побач з магілай заснавальніка гэтай лаўры».
Таксама падобна, што першая мінская мураваная царква, якая была ля замчышча, магла ўзнікнуць або пачаць будавацца пры Глебу Ўсяслававічу, кажа Дзярновіч. Знойдзеныя падмуркі даюць падставы гаварыць, што гэта быў раманскі храм; паводле адной з вэрсіяў, будаваўся з удзелам польскіх майстроў.
На пытанне, каго яшчэ зь мінскіх гістарычных асобаў варта ўшанаваць, Дзярновіч разважае: род мінскіх старастаў Завішаў у XVII-XVIII ст вельмі адчувальна змяніў Мінск; таксама мемарыялу варты Галоўны трыбунал Вялікага Княства, які быў на мінскім замку — Мінск быў адной з «трыбунальскіх сталіцаў», па чарзе адна сесія праходзіла ў Вільні, другая — у Мінску ці Наваградку.
Паводле «Радыё Свабода»