У пошуках сюіты, альбо Шпацыр з маэстра
«Сюіта беларуская» Людвіга Рагоўскага — твор з незвычайным лёсам. Яна была напісана на пачатку ХХ стагоддзя і ніколі публічна не выконвалася. Пра гэта распавёў падчас экскурсіі па музыкальным Мінску Віктар Скарабагатаў.
Дарэчы, упершыню аркестравая сюіта прагучыць 27 жніўня, падчас заключнага канцэрта фестывалю «Класіка каля Ратушы з velcom».
Прадзюсар фестывалю Аляксандр Чахоўскі заўважае, што традыцыйна першы і заключны канцэрт маюць асаблівую вартасць, і калі ў папярэдніх канцэртах творы беларускіх кампазітараў гучалі кропкава, то апошні было вырашана цалкам прысвяціць менавіта ім.
Усіх наведвальнікаў фестывалю ў гэтую суботу чакае шмат прыемных сюрпрызаў і адкрыццяў. У выкананні MuzzicDom Orchestra пад кіраўніцтвам маэстра Івана Касцяхіна прагучыць акадэмічная музыка кампазітараў — ураджэнцаў Беларусі: уверцюры і арыі з опер Станіслава Манюшкі «Галька», Verbum Nobile і «Страшны двор», а таксама з оперы Голанда «Чужое багацце», аркестровая сюіта Літвіноўскага, канцэрціна для цымбал з аркестрам Кур’яна. У мерапрыемстве возьмуць удзел Маргарыта Леўчук (сапрана), Арцём Хамічонак (барытон), Віктар Мендзелеў (тэнар), Вераніка Прадзед (цымбалы). А госцем стане струнны квартэт з Польшчы Altra Volta.
Што да прэм’еры «Сюіты беларускай», то аўтарам гэтай файнай ідэі выступіў саліст і рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, прафесар, выкладчык Акадэміі мастацтваў, кіраўнік мастацкага калектыву «Беларуская капэла» Віктар Скарабагатаў:
— Я палічыў, што за гады існавання «Беларускай капэлы» мы аднавілі творчасць 200 айчынных кампазітараў. Я ўпэўнены, што гэта як вяршыня айсбергу — толькі пачатак шляху, і трэба як мага глыбей вывучаць творчасць кампазітараў, якія мусяць быць у беларускай музычнай гісторыі. Узяць таго ж Людвіга Рагоўскага. Яго жыццёвы і творчы шлях былі драматычнымі. Ён нікому не патрэбны быў ні тут, у савецкай Беларусі, ні ў Польшчы, бо лічыў сябе беларускім кампазітарам. Ён быў вымушаны пераехаць у Харватыю ў Дуброўнік, дзе і памёр, але паспеў стаць вядомым еўрапейскім кампазітарам.
Як я ацэньваю яго «Сюіту беларускую»? У адказ запытаю: а вам падабаецца «Севільскі цырульнік» Расіні? Ці «Травіята» Вэрдзі? «Лебядзінае возера» Чайкоўскага? «Кармэн» Бізэ? Дык я вам назваў тыя творы, якія на прэм’еры з трэскам праваліліся. У гэтым былі вінаватыя кампазітары альбо выканаўцы? Зразумела, апошнія. Аднаўленне нашай музычнай спадчыны павінна быць пачата з выканання яе прафесіяналамі высокага ўзроўню. Калі гэта здараецца, мы чуем усе адметнасці твора, а калі проста агучваюцца ноты, вядома, ніякага ўражання не будзе…
Са слоў Віктара Іванавіча, такія выпадкі ў гісторыі сусветнай музыкі даволі часта адбываліся. Напрыклад, немцы на некалькі стагоддзяў забылі пра творчасць свайго славутага земляка Іагана Себасцьяна Баха, а італьянцы — пра Вівальдзі. І мы зараз праходзім гэты шлях, калі нашаму народу вяртаецца яго ўласнае «Я». Парадокс жа ў тым, што ў нашых бібліятэках захоўваецца шмат унікальных выданняў, пра якія мала хто ведае, у тым ліку, і з спецыялістаў. Той жа арыгінал «Беларускай сюіты» знаходзіцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Разам з іншымі прадстаўнікамі СМІ мы паўдзельнічалі з Віктарам Скарабагатавым у адмысловай музычнай квэст-экскурсіі «Мінск музычны». Выконваючы заданні квэсту і перасоўваючыся з аднаго знакавага месца да іншага, мы па нотах збіралі некалькі пачатковых тактаў «Сюіты беларускай» Рагоўскага пад цікавыя аповеды Віктара Іванавіча:
— Як раней людзі маліліся ў цэрквах? Яны ж спявалі свае малітвы. А пад якую музыку танчылі ў Мірскім замку? А мы доўга верылі ў гэты міф, што акадэмічныя жанры беларускай музыкі пачаліся толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі…
Раён плошчы Свабоды можна смела назваць самым «музычным» у сталіцы. Побач з ёю месціцца і кансерваторыя, і канцэртная зала «Верхні горад», і Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. А раней недалёка ад яе нарадзіўся і ствараў свае музычныя творы наш славуты зямляк Станіслаў Манюшка. Дарэчы, 3 верасня, у Дзень гораду, на плошчы Свабоды яму і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу будзе адкрыты помнік.
— З 20 опер Станіслава Манюшкі 4 былі створаны на лібрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Менавіта яны вярнулі беларускую мову на акадэмічную сцэну, —падкрэслівае спадар Віктар Іванавіч. — Па тых часах гэта быў грамадзянскі подзвіг, бо за адно згадванне такіх словаў як «Беларусь», «беларускі» можна было сесці за краты…
Наш гід не перастае здзіўляць нас усё новымі фактамі і звесткамі. Так, каля архікафедральнага касцёлу Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які ўзвялі ў свой час езуіты, Віктар Іванавіч распавёў нам пра цікавую гісторыю паходжання самога слова «кансерваторыя»:
— Раней у Еўропе часта здараліся розныя эпідэміі, якія пакідалі шмат дзяцей сіротамі. Пры касцёлах для іх арганізоўваліся прытулкі, дзе дзяцей вучылі спяваць ў хоры. Aд італьянскай "conservatorio" — прытулак для сірот і беспрытульнікаў.
А каля дому Ваньковічаў дзякуючы нашаму гіду мы пабачылі самае старое ў сталіцы дрэва і даведаліся, што першы батанічны сад раней знаходзіўся на месцы забаўляльнага комплексу «Журавінка», бо яго стваральнікі — сям’я Ваньковічаў — вельмі любілі экзатычныя расліны.
Усе ведаюць песню Ісаака Любана «Бывайце здаровы», але многія лічаць яе народнай. У 1936 годзе Ісаак Любан выканаў яе ў канцэртнай залі Саюза кампазітараў у спадзяванні, што гэтая арганізацыя набудзе песню. Калі гэтага не адбылося, засмучаны кампазітар, сыходзячы з залы, выкінуў свой твор у сметніцу. Адтуль яго выцягнула і ўратавала ад забыцця прыма тагачаснай опернай сцэны Ларыса Александроўская. А праз пару год «Бывайце здаровы» стала савецкім шлягерам…
Пасля заканчэння экскурсіі я яшчэ доўга разважала над тым, якая ў нас была багатая музычная спадчына і колькі ж нам трэба будзе яшчэ пераасэнсаваць з яе, вярнуўшы з нябыту шмат імёнаў і твораў. І тады мы пабачым, што яны варты таго, каб стаяць у адным шэрагу з творамі сусветнай класікі. Тым больш, што лёс твораў Баха і Вівальдзі натхняе на гэта.
Фота аўтара і арганізатараў