У Раўбічах адкрылася выстава памяці Лявона Баразны (фота)
Лявон Баразна быў мастаком, этнографам, грамадскім дзеячам. Верагодна, яго забілі на замову КДБ. Ён адным з першых падняў тэму спадчыны Францішка Скарыны, беларускіх народных строяў, арнаменту.
![48243234_2225544957765494_7281652828827811840_o_logo.jpg 48243234_2225544957765494_7281652828827811840_o_logo.jpg](/img/v1/images/48243234_2225544957765494_7281652828827811840_o_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На выставе ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея ў Раўбічах, што адкрылася 15 снежня, можна пабачыць рэдкія фота з сямейнага архіву, у тым ліку, дзе Баразна зняты разам з Караткевічам і Барадуліным. Экспануюцца этнаграфічныя замалёўкі, карціны, габелен Лявона Цімафеевіча.
![48426419_2225545694432087_1281213135516073984_o_logo.jpg 48426419_2225545694432087_1281213135516073984_o_logo.jpg](/img/v1/images/48426419_2225545694432087_1281213135516073984_o_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
4 снежня Лявону Баразне споўнілася б 90 гадоў. Праўда, яго жонка Марыя казала, што мастак нарадзіўся 3 снежня, гэта дата пазначаная на яго помніку, што паставілі сябры. Малая радзіма Лявона Цімафеевіча — вёска Новае сяло Талочынскага раёна. Ён вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы і ў тэатральна-мастацкім інстытуце, працаваў у Белпрамсавеце і Мастацкім фондзе БССР, быў сябрам Саюза мастакоў.
![48395297_2225544794432177_8928096982329720832_o_logo.jpg 48395297_2225544794432177_8928096982329720832_o_logo.jpg](/img/v1/images/48395297_2225544794432177_8928096982329720832_o_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Не маючы фотаапарату, Лявон Баразна, як і Язэп Драздовіч, вандраваў з эцюднікам па вёсках, замалёўваючы мясцовыя ўзоры і агульны від народнага адзення. У фондах мастацкага музея захоўваюцца альбомы яго малюнкаў «Беларускі народны арнамент Палесся» (1957) і «Беларуская народная вопратка» (1958). Іх часткі экспануюцца ў Раўбічах. Баразна падрыхтаваў таксама альбом «Арнамент Гродзеншчыны» (1960). Замалёўкі дасюль не выдадзенныя.
![48393139_2225545887765401_2990308999166951424_o_logo.jpg 48393139_2225545887765401_2990308999166951424_o_logo.jpg](/img/v1/images/48393139_2225545887765401_2990308999166951424_o_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На адкрыцці выставы прысутнічалі родныя і сябры этнографа, вядомыя мастакі і грамадскія дзеячы. Ініцыятарам мерапрыемства выступіў мастак Мікола Купава. У свой час Лявон Баразна моцна сябраваў з Уладзімірам Караткевічам, той быў хросным яго дачкі Алены. На адным з фота, што экспануюцца, яны выяўлены ўтрох, разам з Рыгорам Барадуліным.
![48376562_2225545597765430_4942402846726291456_o_logo.jpg 48376562_2225545597765430_4942402846726291456_o_logo.jpg](/img/v1/images/48376562_2225545597765430_4942402846726291456_o_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У 1969-м Баразна разам з Зянонам Пазьняком выступілі супраць руйнавання вуліцы Няміга, і яно спынілася на тры гады. У 1972-м Баразна рыхтаваў новую акцыю ў абарону Нямігі, але 15 жніўня быў забіты пры нявысветленных абставінах. Суд над забойцамі пастанавіў, што гэта быў звычайны крымінал, але сябры Лявона Баразны лічаць, што руку да забойства прыклала КДБ. Усяго некалькі дзён мастак і даследчык не дачакаўся выхаду сваёй манаграфіі «Гравюры Францішка Скарыны». Нясшытыя аркушы кнігі паклалі яму ў труну.
Выстава ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах працуе да 3 лютага.
Фота Міхася Аракчэева