У Беларусі адмяняюць паказ забароненага ў Расіі фільма «№44»

З афіш мінскіх кінатэатраў сталі знікаць сеансы фільма «№44», які 15 красавіка забаранілі ў Расіі. Пад пагрозай санкцыі фільм павінны зняць з пракату ў Беларусі, Украіне і Казахстане.



censura.jpg

Літаральна за некалькі гадзін на сайце Аfisha.tut.by зніклі пяць кінатэатраў, у якіх павінна была прайсці сусветная прэм’ера карціны, перадаюць naviny.by.

У адзіным пакінутым у спісе на дадзены момант кінатэатры «Цэнтральны» закрыты продаж квіткоў на гэты фільм.

Пракат фільма «№44» ў Расіі быў адменены за дзень да запланаванага рэлізу фільма ў кінатэатрах. Як стала вядома пазней, той жа пад пагрозай санкцый павінны зрабіць кінапракатчыкі ў Беларусі, Украіне і Казахстане.

Расійская кампанія «Цэнтрал Партнершып», якая займаецца пракатам ў Расіі амерыканскага фільма, адклікала яго з кінатэатраў па просьбе Міністэрства культуры Расіі. Прадстаўнікі Міністэрства культуры і фірмы-пракатчыка выпусцілі сумесную заяву, у якой абвінавацілі аўтараў фільма «ў скажэнні гістарычных фактаў», а таксама вобразаў і характараў савецкіх людзей той эпохі. Гендырэктар «Цэнтрал Партнершып» кажа, што сцэнар фільма некалькі разоў мяняўся па просьбе расійскага боку, але ўнесеныя змены ўсё роўна Расію не задаволілі.

«Не краіна, а Мардор, з фізічна і маральна непаўнавартаснымі недачалавекамі, крывавае месіва ў кадры з нейкіх оркаў і ўпыраў — вось у такой краіне адбываецца дзеянне фільма ад 30-х да 50-х гадоў ХХ стагоддзя. Так паказана наша краіна — тая самая, якая толькі што перамагла ў Вялікай вайне, вырвалася ў лік сусветных лідэраў і вось-вось запусціць першага чалавека ў космас», — пракаментаваў фільм міністар культуры Расіі Уладзімір Мядзінскі.

У Мінску, Гродне і Віцебску прэм’ера павінна была адбыцца таксама як і ў Расіі — 16 красавіка. Квіткі, як сказаў гендырэктар кінавідэапракату Мінгарвыканкама Васіль Коктыш, добра прадаваліся. Грошы за іх прыйдзецца вярнуць, бо за паказ фільма расійскія партнёры пагражаюць санкцыямі.

Фільм «№44» (у арыгінале «Child 44» — «Дзіця №44», пракатная назва ў Беларусі «Нумар 44») распавядае гісторыю афіцэра савецкай разведкі Льва Дзямідава, які расследуе серыйныя забойствы дзяцей у 1952 годзе. Дзямідаў аказваецца пад ціскам кіраўніцтва, якое лічыць, што прызнаць існаванне маньяка ў савецкім грамадстве было б тое ж што і здрада дзяржаве.

Зняў фільм шведскі рэжысёр Даніэль Эспіноса па матывах кнігі брытанскага пісьменніка Тома Роба Сміта «Сорак чацвёртае дзіця». Сміт, які атрымаў за гэтую кнігу некалькі прэстыжных прэмій, раней расказваў, што ў аснову задумы пакладзена гісторыя савецкага серыйнага забойцы Андрэя Чыкаціла.