У Беларусі ўбачыла свет кніга пра гісторыю беларускага войска — ад гузіка да спражкі

У Беларусі ўбачыла свет кніга, у якой робіцца спроба аналізу эвалюцыі ўніформы айчынных вайсковых фармаванняў ад старажытнасці да сённяшняга дня.



gistoryya_belaruskaga_voyska_ad_guzika_da_sprazhki_kniga.jpg

Займаючыся гісторыяй, а таксама вайскова-гістарычнай рэканструкцыяй, я заўсёды звяртаю ўвагу на выданні, прысвечаныя ўніфармістыцы. Аднак калі пра мундзіры армій еўрапейскіх краін літаратуры больш-менш хапае, то з уніформай былых постсавецкіх краін сітуацыя значна горшая. У некаторым сэнсе свой уплыў на гэта аказала адсутнасць у беларусаў, украінцаў і прадстаўнікоў іншых народаў СССР свайго “міжваеннага дваццацігоддзя”.

Гутарка ідзе пра кароткі перыяд незалежнасці, які атрымалі шматлікія еўрапейскія краіны ў 1920-1930-я гады. Тады, пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, шэраг нацый скарысталася з магчымасці збудаваць сваю дзяржаўнасць. У гэты час акрамя іншых інстытутаў стваралася і войска, якое мела ўласную ўніформу.

Як гэта ні парадаксальна, але менавіта тая “міжваенная” ўніформа паўплывала на выгляд мундзіраў сучасных армій гэтых краін. Гутарка тут, перш за ўсё, пра Польшчу, Чэхію, Славакію, краіны Балтыі і г.д.

bitva_pad_orshay_i_belaruskiya_scyagi_kniga.jpg

Бітва пад Оршай і беларускія сцягі. Фота: istpravda.ru

bitva_pad_orshay_i_belaruskiya_scyagi_kniga_1.jpg

У гэтым сэнсе Беларусь пасля 1991 года вымушана была карыстацца традыцыямі савецкага вайсковага мундзіра, якія, на жаль, не ўлічвалі нацыянальныя і гістарычныя асаблівасці ўніформы беларускага войска. Кароткі перыяд нацыянальнага рэнесансу ў пачатку 1990-х скончыўся вядомымі палітычнымі зменамі, якія прывялі да “вяртання” савецкіх традыцый, у тым ліку і ў форменнае адзенне айчынных вайскоўцаў.

epokha_bnr_kniga.jpg

“Эпоха” БНР…

suchasnaya_belarus_kniga.jpg

…і сучасная Беларусь

Аднак цікавасць да гісторыі ўніформы беларускага войска не знікла і энтузіясты-даследчыкі па крупінках працягвалі збіраць інфармацыю па вайсковай гісторыі Беларусі ўвогуле і ўніформістыкі ў прыватнасці.

У гэтым сэнсе адной з першых спроб агульнай характарыстыкі гісторыі вайсковага мундзіра ў Беларусі стала манаграфія Віктара Ляхара “Вайсковая сімволіка беларусаў. Сцягі і мундзіры”. Як адзначае аўтар, “у кнізе прадстаўлены кароткі аналіз сцягоў і баявых штандараў, а таксама мундзіраў, непадзельна звязаных з беларускай вайсковай гісторыяй”.

Важным момантам з’яўляецца і тое, што даследчык адмовіўся ад ідэалагічных клішэ і не дзеліць гісторыю і беларускія сімвалы на “правільныя” і “не правільныя”.

“Ачарненне ўласнай гісторыі, спекуляцыі на мінулым, у тым ліку і на тэме калабарацыі, і шкодныя, і няслушныя. Выжываючы ў пекле вайны, у цісках дыктатуры, беларусы бачылі розныя сімвалы, у тым ліку і зоркі на аколышках фуражак стралкоў у Курапатах, у канваіраў у сталінскіх лагерах і г.д. Навешваць ярлыкі на сімвалы і эмблемы, абвінавачваць іх у дачыненні да злачынстваў чалавечых – глупа і недальнабачна. 

gistoryya_belaruskaga_voyska_ad_guzika_da_sprazhki_kniga_1.jpg

Сучаснаму разважнаму чалавеку зразумела: пад кожным вайсковым сімвалам былі свае героі і свае злачынцы. Што ж тычыцца “Пагоні”, то заснаванне геральдычных сімвалаў сучасных беларускіх гарадоў ставіць кропку ў гэтым пытанні. Грозны вершнік упрыгожвае гербы Віцебскай і Гомельскай абласцей, гарадоў Рэчыца, Верхнядзвінск, Лепель і іншых. Гэта перамога праўды, розума і справядлівасці”, - адзначае аўтар новага выдання.

zhaunery_kascyushki_kniga.jpg

Жаўнеры Касцюшкі…

zhaunery_vkl_epokhi_napaleonauskikh_voyn_kniga.jpg

…і ВКЛ эпохі напалеонаўскіх войн

Кніга складаецца з двух раздзелаў. Першы прысвечаны гісторыі штандараў беларускага войска. Даследчык грунтоўна апісвае гісторыю фармавання нацыянальных сімвалаў беларусаў, выявы якіх былі на сцягах беларускіх вайскоўцаў ад старажытных часоў да сучаснай Беларусі.

Ёсць тут аналіз “Пагоні”, “багародзічных” сцягоў, апісанне сімвалаў паўстанцаў 1794 і 1863 гг. Акрамя гэтага, вялікая ўвага надаецца вайсковым сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі, БССР, а таксама сімвалам беларускіх вайсковых фармаванняў, якія стварылі немцы падчас акупацыі Беларусі ў 1941-1944 гг. Асобную ўвагу аўтар надае разгляду вайсковай сімволікі незалежнай Беларусі ў пачатку 1990-х гадоў.

У другой частцы кнігі Віктар Ляхар спыніўся на даследаванні гісторыі вайсковага мундзіра ў Беларусі. Калі гісторыі “адзення” беларускіх вайскоўцаў Сярэднявечча і перыяду Вялікага княства Літоўскага айчынныя даследчыкі прысвяцілі шэраг выданняў (можна ўзгадаць працы: Грыгор’еў М. Войска ВКЛ ад Сасаў да Касцюшкі (1765-1794), Бохан Ю. Зброя Вялікага княства Літоўскага 1385-1576), то ўніформу беларускіх фармаванняў часоў БНР, Грамадзянскай і польска-бальшавіцкай войнаў у Беларусі практычна ніхто не даследаваў.

uniforma_belaruskay_vayskovay_kamisii..jpg

Уніформа Беларускай вайсковай камісіі…

uniforma_belarusau_u_voysku_polskim_kniga.jpg

…і беларусаў у Войску Польскім

У главе “На аскепках імперыі” між іншым разглядаецца ўніформа Беларускай вайсковай камісіі, нашых вайскоўцаў у арміях балтыйскіх краін, слуцкіх паўстанцаў 1920 года ды жаўнераў “бацькі” Булак-Балаховіча.

Вялікім плюсам выдання з’яўляецца спроба ўзгадаць пра тое, што на момант пачатку Другой сусветнай вайны 70 тысяч беларусаў служыла ў шэрагах Войска Польскага, а пазней вялікая колькасць нашых суайчыннікаў ваявала ў 1-й польскай пяхотнай дывізіі ім. Т. Касцюшкі, якая фармавалася ў СССР, а баявое хрышчэнне прыняла пад Леніно на Беларусі. У главе “У мундзірах саюзных войскаў” аўтар падрабязна спыняецца на гэтых мала вядомых сучасным жыхарам Беларусі старонках айчыннай гісторыі.

mundziry_belaruskikh_kalabarantau_chasou_drugoy_susvetnay_vayny_kniga.jpg

Мундзіры беларускіх “калабарантаў” часоў Другой сусветнай вайны

mundziry_belaruskikh_kalabarantau_chasou_drugoy_susvetnay_vayny_kniga_1.jpg

Нарэшце, вялікую цікавасць выклікае глава “Паміж Гітлерам і Сталіным”, дзе Віктар Ляхар спыняецца на ўніформе беларускіх вайсковых частак, створаных немцамі падчас акупацыі Беларусі ў 1941-1944 гг. Гэтая тэматыка раней знаходзіла сваё адлюстраванне ў некаторых расійскіх выданнях (напрыклад, Драбязка С., Карашчук, А. “Усходнія дабраахвотнікі ў вермахце, паліцыі і СС”), аднак у Беларусі такія даследаванні амаль не правадзіліся.

belaruskae_voyska_pachatku_1990-kh_gadou_kniga.jpg

Беларускае войска пачатку 1990-х гадоў

Варта дадаць, што новая кніга багата ілюстравана. Прычым тут змешчаны як ўласныя ілюстрацыі аўтара, так і раней не вядомыя малюнкі іншых спецыялістаў па ўніфармістыцы і архіўныя фотаздымкі. Падаецца, што новае выданне зацікавіць не толькі айчынных, але і замежных аматараў вайсковай гісторыі.

Ігар Мельнікаў, Гістарычная праўда