Уладзімір Дунаеў: «ЕГУ — гэта унікальны выпадак у гісторыі выгнання»

Гісторыя суверэннай Беларусі адзначана не толькі палітычнымі баталіямі, але і неаднаразовымі рэарганізацыямі сістэмы адукацыі, якія, як лічаць шматлікія навукоўцы і эксперты, толькі уніфікавалі вучэбныя ўстановы, а гэта ніяк не можа спрыяць вяртанню Беларусі ў Еўропу. Пра наступствы такога стаўлення ўладаў да адукацыі ў гутарцы з аглядальнікам Раманам Якаўлеўскім разважае доктар філасофскіх навук Уладзімір Дунаеў.



2f55707d4193dc27118a0f19a1985716.jpg

Гісторыя суверэннай Беларусі адзначана не толькі палітычнымі баталіямі, але і неаднаразовымі рэарганізацыямі сістэмы адукацыі, якія, як лічаць шматлікія навукоўцы і эксперты, толькі уніфікавалі вучэбныя ўстановы, а гэта ніяк не можа спрыяць вяртанню Беларусі ў Еўропу. Пра наступствы такога стаўлення ўладаў да адукацыі ў гутарцы з аглядальнікам Раманам Якаўлеўскім разважае доктар філасофскіх навук Уладзімір Дунаеў.
— Да гэтага часу нямала гаварылася пра Еўрапейскі гуманітарны універсітэт у выгнанні. Разам з тым чамусьці ніколі не згадвалася, ці гэта з’ява унікальна або ўжо ў гісторыі ёсць падобныя прэцэдэнты і вучэбныя ўстановы такога кшталту існуюць. Што ж гэта такое — універсітэт у выгнанні?
— Выгнанне — гэта толькі адна з мер, якія выкарыстоўваюць улады для пакарання універсітэтаў. Дакладней, універсітэцкай супольнасці, студэнтаў і выкладчыкаў. Першапачаткова слова «universitas» азначала любую карпарацыю або арганізаваную супольнасць людзей з агульнымі інтарэсамі і незалежным прававым статутам. Таму універсітэты — гэта, найперш, самакіравальныя акадэмічныя супольнасці. Менавіта гэтыя супольнасці і становяцца ахвярай рэпрэсій. На працягу стагоддзяў універсітэты зачынялі, перамяшчалі, дарылі і, безумоўна, выганялі.
Выгнанне ў ХХ стагоддзі стала масавай палітычнай практыкай. Настолькі прыкметнай з’явай сучаснага жыцця, што паўстала нават «тэорыя выгнання». Яе аўтар — выбітны палесцінскі мысляр-выгнаннік Эдвард Саід. Ён вызначыў выгнанне як гвалтоўнае і незваротнае адсячэнне ад родных мясцінаў.
Універсітэты адпраўляюцца ў выгнанне не па сваёй волі. Гэта зразумела. Але незваротнасць выгнання, на першы погляд, выглядае вельмі песімістычным прагнозам. Але Саід мае рацыю — вярнуцца ў кропку сыходу вельмі цяжка, папросту немагчыма. Нават калі універсітэт здолее вярнуцца на радзіму з выгнання, то гэта будзе цалкам новы універсітэт — і таму, што па-за домам ён павінен змяніцца, каб выжыць, і таму, што на радзіме яму давядзецца зноў шукаць сваё месца. Сярод гісторый універсітэтаў, якія называлі сябе выгнаннікамі, даволі мала такіх, якія маюць шчаслівы канец.

Бібліятэка Тартускага ўніверсітэта

Тартускі ўніверсітэт


Еўрапейскі гуманітарны універсітэт — гэта сапраўдны універсітэт у выгнанні. Пасля закрыцця ў Беларусі па палітычных матывах ЕГУ атрымалася аднавіць — а практычна стварыць наноў — у Літве. Важную ролю ў гэтым адыграла пазіцыя універсітэцкай супольнасці, якая падтрымала такі рызыкоўны крок, і, вядома, беспрэцэдэнтная міжнародная дапамога, якая дазволіла ЕГУ выжыць і атрымаць легальны статут літоўскага універсітэта. Гэта унікальны выпадак у гісторыі выгнання. Аналагаў гэтаму досведу мала. Але і самі гэтыя гісторыі ўстаноў-выгнаннікаў разнастайныя. Сярод універсітэтаў, якія дадавалі да сваёй назвы азначэнне «ў выгнанні», нам варта адрозніваць перамешчаныя і эвакуяваныя універсітэты, універсітэты для выгнаннікаў і ўласна універсітэты ў выгнанні. У іх розны лёс, і пакуль цяжка сказаць, што чакае ЕГУ.
— Што такое перамешчаны універсітэт?
— У гісторыі Усходняй Еўропы гэтая вельмі характэрная з’ява. Можна ўзгадаць два універсітэта, якія сімвалізавалі крах русіфікатарскай палітыкі ў гэтым рэгіёне: Варшаўскі і Юр’еўскі універсітэты. Юр’еў — гэты руская назва эстонскага горада Тарту, у якім з ХVІІ стагоддзя існаваў спачатку шведскі, а потым — нямецкамоўны універсітэт. Аднак у 1892 годзе адбылася гвалтоўная русіфікацыя універсітэта. З-за моцнага процідзеяння такой палітыцы з боку эстонскага насельніцтва і нямецкай інтэрвенцыі ў 1918 годзе Юр’еўскі універсітэт быў перамешчаны ў Варонеж. Праз год у Тарту быў створаны нацыянальны эстонскі універсітэт. Але трэба сказаць, што руская прафесура загадзя паклапацілася пра месца новага прытулку для Юр’еўскага універсітэта і спрабавала пераканаць урад Расійскай імперыі, Часовы і Савецкі ўрад у неабходнасці пераводу яго ў Расію. Гэта было вельмі цяжка зрабіць, таму што ўлады не хацелі адмаўляцца ад такога фарпоста імперскай палітыкі ў Эстоніі. Выгнаны з Эстоніі, Юр’еўскі універсітэт здолеў знайсці прытулак у Варонежы дзякуючы таму, што не ўрад, а мясцовыя супольнасці гарадоў-кандыдатаў выяўлялі вялікую зацікаўленасць і жаданне фінансава забяспечыць перамяшчэнне універсітэта.
Вельмі падобная гісторыя адбылася з Варшаўскім (Аляксандраўскім) універсітэтам. Універсітэт некалькі разоў зачынялі з-за непрыхаванага супрацьстаяння палякаў рускай імперскай палітыцы. З 1862 года універсітэт быў пераведзены на рускую мову выкладання і мусіў забяспечваць рускія інтарэсы ў Польшчы. Але супраціў быў настолькі моцным, што з 1902 года універсітэт практычна не мог працаваць. Універсітэцкая карпарацыя з 1906 года настойвала на перамяшчэнні ВНУ на Усход. Сярод гарадоў-кандыдатаў былі і беларускія — Мінск і Віцебск. Але да 1915 года, калі універсітэт давялося тэрмінова эвакуяваць у Растоў-на-Доне, улады супраціўляліся такім планам. І, як у гісторыі з Юр’еўскім універсітэтам, пераезд у Растоў-на-Доне стаў магчымым дзякуючы пазіцыі мясцовай улады і грамадзянскім ініцыятывам. Праўда, Варшаве пашанцавала больш, чым Тарту. У адрозненне ад Юр’еўскага універсітэта, які паспеў вывезці значную частку бібліятэкі, калекцый і лабараторнага абсталявання, паспешлівыя ўцёкі з Варшавы перашкодзілі рускім прыхапіць універсітэцкую маёмасць.

Варшаўскі ўніверсітэт

Варшаўскі ўніверсітэт

— Можна сказаць, што такое выгнанне — гэтае вяртанне дадому. Гэта, хутчэй, павучальны досвед таго, як універсітэцкая ініцыятыва і грамадская падтрымка дазваляюць ВНУ знайсці сваё месца на радзіме.
— Так, але гэта і ўрок таго, як цяжка, нават і пры велізарнай палітычнай і фінансавай падтрымцы, укараніць універсітэт у чужым нацыянальна-культурным асяроддзі. Нават калі гэта асяроддзе не такое варожае, як у згаданых прыкладах з Юр’еўскім і Варшаўскім універсітэтамі. Вымушаныя пакінуць радзіму з-за акупацыі, грамадзянскай вайны, іншых аналагічных пагроз, універсітэты пры першай магчымасці імкнуцца вярнуцца назад. Так, гэта адбылося з Кабульскім універсітэтам, што стаў ахвярай вайны і тэрору талібаў, або са Страсбургскім універсітэтам, якія пераехаў на некалькі гадоў з акупаванага немцамі Эльзаса ў Клермон-Феран на поўдні Францыі. І калі выгнанне зацягваецца без дастатковых падстаў, гэта можа справакаваць пратэсты акадэмічнай супольнасці, як адбылося, напрыклад, ва універсітэце Джуба (Судан). Гэты універсітэт вымушаны быў пакінуць поўдзень Судану з-за грамадзянскай вайны і ўладкавацца ў Хартуме. Там дайшло да сутыкненняў студэнтаў з паліцыяй.
— Але ж ёсць універсітэты, якія ствараюцца адмыслова для выгнаннікаў. У іх, напэўна, іншы лёс?
— Гэта сапраўды так. Калі вы ўводзіце ключавыя словы «універсітэт у выгнанні» ў пошукавую сістэму кшталту Google, то, хутчэй за ўсё, вы атрымаеце спасылку на Новую школу сацыяльных даследаванняў у Нью-Йорку. У 1933 годзе пры гэтай школе быў створаны універсітэт у выгнанні — праграма падтрымкі нямецкіх навукоўцаў — ахвяр нацызму. Дзякуючы гэтай праграме за гады другой сусветнай вайны больш 170 інтэлектуалаў і іх сем’і знайшлі прытулак у ЗША. Пазней да іх далучыліся французы. Сярод тых, хто выратаваўся дзякуючы Новай школе сацыяльных даследаванняў, — Хана Арэнд, Лео Штраўс, Клод Леві-Строс, Раман Якабсон і шмат іншых. І пасля вайны гэтая школа працягвае цікавіцца Усходняй і Цэнтральнай Еўропай, але універсітэтам у выгнанні яна больш не з’яўляецца. Гэта нармальны амерыканскі універсітэт.
У перыяд «халоднай вайны» студэнты, што ўцякалі з краін усходняга блока, маглі знайсці прытулак, напрыклад, ва універсітэце ў выгнанні Вольная Еўропа (Free Europe University in Exile). Зрэшты, гэты амерыканскі праект не быў сапраўдным універсітэтам, бо не здолеў даць сваім выпускнікам дыплом, які б прызнаваўся.
Універсітэты ў выгнанні, асуджаныя на доўгае знаходжанне ўдалечыні ад радзімы, звычайна губляюць сваё значэнне і занепадаюць. Павучальны прыклад Польскага універсітэта ў выгнанні (PUNO), які быў створаны ў 1939 годзе ў Парыжы, а пасля акупацыі Францыі перабраўся ў Лондан. Ён існуе і зараз, але ператварыўся ў сціплы каледж для навучання дарослых і польскі культурны цэнтр. У 1998 годзе польскі ўрад прызнаў дыпломы, якія выдаваліся PUNO да 1990 года — г. зн. да перадачы паўнамоцтваў польскага ўрада ў выгнанні законнаму дэмакратычнаму ўраду. Пасля падзення камуністычнага рэжыму PUNO не змог знайсці сваё месца ў сістэме вышэйшай адукацыі Польшчы.
Кароткім было жыццё Балтыйскага універсітэта ў выгнанні. Створаны ў 1946 годзе ў Гамбургу для выкладчыкаў і студэнтаў — уцекачоў з краін Балтыі, што акупаваў СССР, гэты універсітэт зачыніўся ў 1949 годзе, бо так і не атрымаў афіцыйны універсітэцкі статус і прызнанне дыпломаў. Выкладчыкі і студэнты з краін Балтыі даволі хутка знайшлі сабе месца ў іншых універсітэтах Еўропы і ЗША, пасля чаго праект страціў сэнс.
Гэтыя універсітэты для выгнаннікаў, як правіла, не прэтэндуюць на самастойную ролю ў нацыянальнай сістэме адукацыі тых краін, з якіх яны сышлі. Іх досвед не дае адказу на галоўнае пытанне — як універсітэту ў выгнанні знайсці дарогу дадому, дый ці варта яе шукаць?
— Вось у гэтай сувязі сёння можна пачуць, што ЕГУ ў Вільні мае перспектыву стаць міжнародным універсітэтам. Пры гэтым спасылаюцца на прыклад Цэнтральнаеўрапейскага універсітэта ў Будапешце. Вы можаце ўнесці пэўную яснасць у гэту сітуацыю?
— Баюся, што я не валодаю дастатковай інфармацыяй для таго, каб казаць пра новую стратэгію ЕГУ. Мы казалі пра тое, што вяртанне з выгнання — гэта вельмі складаная задача. Пакуль у Беларусі для гэтага яшчэ няма перадумоў. Ёсць настойлівыя рэкамендацыі Еўрапарламента, адрасаваныя беларускім уладам, пра пажаданасць вяртання ЕГУ на радзіму. Але міністр адукацыі Радзькоў не бачыць месца ЕГУ на радзіме. У гэтых умовах стратэгія адмовы ад беларускай ідэнтычнасці ЕГУ дзеля перспектывы ператварэння ў міжнародны універсітэт падаецца камусьці добрым крокам. Цэнтральнаеўрапейскі універсітэт — прыклад, варты пераймання. ЦЕУ — гэта міжнародны інстытут для падрыхтоўкі магістраў і дактароў навук, акрэдытаваны адначасова ў ЗША і Венгрыі. Ён прымае студэнтаў з 96 краін, выкладчыкаў — з 30. У яго унікальная фінансавая сітуацыя і выдатная матэрыяльная база. Студэнты атрымліваюць сур’ёзную фінансавую падтрымку — бясплатнае навучанне, стыпендыі і г. д. Напэўна, ЕГУ мог бы з часам ператварыцца ў аналагічны універсітэт, але для гэтага трэба знайсці такога ж донара, якім з’яўляецца Джордж Сорас для ЦЕУ. Без гэтага ў аналагічнага праекта ЕГУ ці наўрад ёсць будучыня.

Цэнтральна-еўрапейскі ўніверсітэт

— Але калі захоўваць беларускую ідэнтычнасць універсітэта, то чым такі універсітэт мог бы быць карысны нацыянальнай культуры, пакуль ён знаходзіцца ў выгнанні? Ці ёсць хоць нейкі пазітыўны сэнс у выгнання?
— Выгнанне можа быць пакутлівай незаменнай стратай, а можа ператварыцца ў прадуктыўную рухаючую сілу культуры, пра што пісаў Эдвард Саід. Універсітэт у выгнанні можа аказаць вялікую паслугу нацыянальнай культуры, калі дасць штуршок працэсу яе самааналізу. Выгнаннік валодае той перавагай, што ведае як мінімум дзве культуры, жыццё прымушае яго разумець як мінімум дзве раўналежныя культурныя прасторы і ўвесь час выходзіць па-за традыцыйныя межы мыслення. Саід, сам выбітны музыкант, называў свядомасць выгнанніка контрапунктычнай.
Універсітэт-выгнаннік можа дапамагчы значнаму колу людзей пераадолець як этнацэнтрызм, так і нігілізм у стаўленні да нацыянальнай культуры, дасць магчымасць паглядзець з боку на сваё роднае дзеля таго, каб адчуць сябе часткай адроджанай нацыі. Добра, калі б такая місія не пакінула абыякавай акадэмічную супольнасць ЕГУ.