Успамінаем дзевяностыя: Васіль Быкаў з’язджае з Беларусі

5 чэрвеня 1998 года пісьменнік Васіль Быкаў разам з жонкай Ірынай Міхайлаўнай выехаў з Беларусі ў Фінляндыю, дзе пражыў наступныя паўтары гады. Учынак Быкава быў сведчаннем не толькі адчаю — на Радзіме яму стварылі вельмі цяжкія ўмовы для жыцця і працы, — але і яго нязгоды з тым, што адбывалася ў Беларусі.



bykau_.jpg

Быкаў у 90-я

Канец 1980-х — першая палова 1990-х гадоў — адзін з ключавых перыядаў у беларускай гісторыі. Пачатак нацыянальнага адраджэння, распад СССР, стварэнне незалежнай дзяржавы і першыя прэзідэнцкія выбары. Нацыянальная інтэлігенцыя пераважна падтрымала гэтыя пераўтварэнні, але большасць яе прадстаўнікоў засталася ў баку ад паўсядзённай палітыкі і не выказвала сваёй пазіцыі. Адным з выключэнняў стаў Васіль Быкаў.

У канцы 1980-х гадоў ён успрымаўся не толькі афіцыйна прызнаным творцам — народным пісьменнікам, лаўрэатам Ленінскай прэміі і народным дэпутатам СССР, — але і творцам, чые аповесці чыталі ва ўсім свеце. Але менавіта Быкаў напісаў прадмову да артыкула Зянона Пазняка «Курапаты. Дзесяць гадоў пасля». Менавіта Быкаў удзельнічаў у стварэнні «Мартыралогу Беларусі» і Беларускага народнага фронту. Менавіта Быкаў падтрымліваў дзеянні БНФ, а на першых прэзідэнцкіх выбарах выступаў у якасці даверанай асобы Пазняка.

90s.by__wp_content_uplo_9dd7916fe2ea2461812a32c4975f8ca7.jpeg

Быкаў падчас святкавання свайго 70-годдзя (Мінск, 1994 г.).

У 1994 годзе беларусы прагаласавалі за зусім іншую стратэгію свайго далейшага развіцця, чым прапаноўваў Быкаў. З новай уладай кропак судакранання не было, таму ў другой палове 1990-х жыццё Васіля Быкава ў Беларусі істотна ўскладнілася.

Народнага пісьменніка перасталі друкаваць. У 1994 годзе выйшаў апошні том з яго шасцітомнага Збору твораў, у 1995-м у «Мастацкай літаратуры» з’явілася кніга інтэрв’ю і эсэ Юрася Залоскі «Дыялогі з Васілём Быкавым». Кніга «Сьцяна», якая была набрана і вычытана аўтарам у карэктуры, праляжала ў выдавецтве тры гады, пакуль пісьменнік сам не забраў рукапіс. Прайшло чатыры гады, перш чым «Мастацкая літаратура» выдала наступную кнігу аднаго з лепшых беларускіх пісьменнікаў (і тое з нагоды святкавання 75-гадовага юбілею Быкава).

У 1995 годзе па сутнасці быў забаронены фільм «На Чорных лядах», які рэжысёр Валерый Панамароў паставіў па Быкаўскіх апавяданнях «На Чорных лядах» і «Перад канцом». У прэсе пачалася траўля Быкава. У 1997 годзе ў газеце беларускіх камуністаў «Мы и время» быў надрукаваны артыкул «Обыкновенный иуда», прысвечаны Быкаву. У тым жа годзе пяць аднапалчан, якія служылі з творцам у 252-й дывізіі, падпісаліся пад лістом «Прививка неприязни». У ім сцвярджалася: «Военные повести ваши, Василий Владимирович, остаются с нами, а вот с Быковым-политиком в разведку мы не пойдем». Тэкст перадрукавалі «Народная газета», «Знамя юности» і «Славянский набат».

Апроч таго, па меркаваннях самога пісьменніка, Быкава сталі кантраляваць зверху. У лісце да літаратуразнаўцы Лазара Лазарава ён пісаў: «Ну а о своей жизни что тебе написать — сволочная жизнь во всех отношениях… Вот написал письмо и не знаю, как посылать — на какой адрес. Письма просто исчезают в черной дыре… Телефонные переговоры стали выше возможностей».

Да гэтых праблем дадаліся фінансавыя цяжкасці. Дайшло да таго, што Быкаў напісаў у верасні 1995 года ў лісце да сястры: «Нічога добрага — адны праблемы і труднасці. Канешне, ёсць пенсія, не галадаем. З апраткі даношваем старое, добра што запас быў».

90s.by__wp_content_uplo_c211e6d8a6a6e813d0cc2accbde5967f.png

З лістоў Быкава да расійскага літаратуразнаўцы Лазара Лазарава: «Жизнь становится все отвратительнее во всех отношениях, а у нас эта отвратительность накладывается на неотвратимо надвигающуюся старость. Кажется, из всех зол эта последняя будет самой удручающей. Не знаю, по какой из причин — личной или общественной, — но куда-то все дальше уходит литература. Не только сам не пишу, но даже не хочется читать, тем более что почти все (все!) московские журналы от нас отрезаны (нет подписки), а теперь вот отрезают и последние демократические газеты (на второе полугодие), например, нет подписки на «Известия», которой я особенно дорожил. Минских газет хватает, но это почти все официозы, конечно, коммунистические, за исключением 2-3 малоформатных, которые имеют по 3-4 судимости и пустые счета в банках. Проблема политическая все та же: коммунистический тоталитаризм в условиях экономической катастрофы. <…> С поездками, кажется, все кончено. Ездить некуда. Да и незачем. Рейсовые автобусы отменены. А на своей машине — 1200 руб. литр бензина. При моей пенсии 80 тысяч, что равно 13 долларам. Ирина получает еще меньше (55 тысяч)… А я думаю: круг замыкается. Началась жизнь в нужде, недоедании, тем и закончится, по всей видимости. Хотя и то благо — не будет о чем сожалеть…»

У 1997 годзе Васіль Уладзіміравіч даваў інтэрв’ю расійскаму пісьменніку Дзмітрыю Быкаву. Той запытаўся: «Может быть, раз такая травля, вам хоть уехать? В Москву?» Быкаў адказаў: «Я сейчас все более подумываю о переселении не в другой город, а в какой-нибудь более комфортный мир». Зразумела, маскоўскі суразмоўца быў не першым і не апошнім, хто выказаў такую прапанову. Але для Быкава часовы ад’езд сапраўды стаў выратаваннем.

90s.by__wp_content_uplo_8afcb0f1d13707bc2f08a07583e58f7f.jpeg

Мітынг ля Опернага тэатра ў гонар 78-х угодкаў БНР (Мінск, 1996 г.).

 

Ад’езд

У пачатку 1998 года Васіль Быкаў вырашыў часова з’ехаць у Фінляндыю. Як узгадваў літаратуразнаўца Міхась Тычына, пісьменнік тады гаварыў, што «знакаў магчымай бяды, якая кружыла вакол яго і яго блізкіх, было занадта шмат, каб не рэагаваць адэкватна сітуацыі». Напярэдадні Быкаў атрымаў афіцыйнае запрашэнне з Хельсінкі.

Ліст Элізабет Нордгрэн, прэзідэнта Фінскага ПЕН-цэнтра: «Уважаемый господин Быков! Я буду рада приветствовать Вас в конце апреля — начале мая 1998 года в рамках Хельсинкской программы «Безопасный город для писателей». Это значит, что город Хельсинки обеспечит Вас квартирой — удобной и современной в Вуассари рядом с природой и морем, а также с удобными маршрутами метро и автобусов (15 минут), идущими в центр Хельсинки. Квартира не очень большая, но в ней есть большая комната, балкон, ванная, маленькая кухня и кровать-альков при комнате. <…>


Все это позволит Вам писать и жить в мире и покое в течение одного года. Мы также надеемся, что Вы посетите некоторые литературные мероприятия: безусловно, конгресс Международного ПЕН-клуба, организованный Финским ПЕН-центром, прочитаете несколько лекций, расскажете о литературе и политической ситуации в Беларуси во время своего пребывания у нас».

90s.by__wp_content_uplo_2b013ad84a776116798ccc925365b138.png

Улада спадзявалася, што Быкаў можа перадумаць. З паэтам Уладзімірам Някляевым, які тады ўзначальваў Саюз беларускіх пісьменнікаў, сустрэўся Уладзімір Канаплёў, уплывовы чыноўнік, які з’яўляўся віцэ-спікерам ніжняй палаты беларускага парламента. «Нельга, каб Быкаў з’ехаў, — заявіў Канаплёў. — Мы ўсё для яго зробім, самі адправім за мяжу ў найлепшы санаторый, дома створым якія ён захоча ўмовы, толькі…» Адзінай умовай была сустрэча Быкава з прэзідэнтам Лукашэнка. Някляеў прапанаваў сустрэчны варыянт: каб Лукашэнка сам прапанаваў такую сустрэчу. Маўляў, нават калі пісьменнік адмовіцца, можна будзе «публічна развесці рукамі: народны прэзідэнт, не зважаючы на палітыку, паклапаціўся пра народнага пісьменніка, хацеў як найлепш, а той, заядлы, заўпарціўся». Але прэзідэнт на такі варыянт не пагадзіўся, а болей ініцыятыў не было.

5 чэрвеня 1998 года Быкаў разам з жонкай Ірынай Міхайлаўнай выехаў з Беларусі праз Маскву.

Фінскі побыт

У Хельсінкі Быкавы пасяліліся на другім паверсе пяціпавярховага дома, які знаходзіўся ў раёне Вуасары, на ўскрайку Хельсінкі. Гарадскі дэпартамент культуры часова прадаставіў ім аднапакаёвую кватэру. Таксама Васіль Уладзіміравіч атрымліваў пісьменніцкую стыпендыю, прызначаную Фінскім ПЭН-цэнтрам. Дарэчы, ён быў не першым, каго прытулілі фіны. Да гэтага ў Хельсінкі жыў узбекскі пісьменнік Альберт Мусін, а яшчэ ў 1939 годзе туды прыехаў Бертальд Брэхт.

90s.by__wp_content_uplo_26bb0bdf7f82d7cb5b941334f66364e8.jpeg

З ліста Васіля Быкава Рыгору Барадуліну: «Рыгорка, дарагі мой чалавек! Пішу табе гэтае пісьмо — першаму з нашага далёкага-далёка, спяшаюся паведаміць, што ўсё пакуль што о’кей: даехалі, уладкаваліся, і я во дастаў з валізкі машынку, нешта карціць накляпаць. Уладкаваліся небагата, але і не блага: асобная кватэрка (аднапакаёвая), але ў ёй кухонны куточак, спальны куточак, душ і туалет — усё побач і, канешне ж, дасканала і па-еўрапейску. Ірына дужа давольная, а мне што! Абы ціха! — старадаўні лозунг беларусаў-крывічоў і, здаецца, камуністаў таксама. Пакуль што — ціха. Раён гэты новы, на краі горада, побач лес і марская затока, паветра заўжды свежае. Сустрэлі добра, хоць грошай яшчэ не далі, але днямі павінны даць, галадаць не будзем — у тым я ўпэўнены. Астатняга нам нічога і не трэба».

Невялікіх грошай цалкам хапала на пражыванне. Быкаў прызнаваўся, што Ірына Міхайлаўна доўга не магла прыйсці ў сябе ад «капіталістычных» крамаў, бо яна ўпершыню трапіла на Захад.

Неўзабаве пасля прыезду ў Быкава нармалізаваўся сон (у апошні час перад ад’ездам яго адольвала бяссонніца). У творцы паболела сіл, і ён з асалодай сышоў у працу. Паэту Сяргею Законнікаву, галоўнаму рэдактару часопіса «Полымя», Быкаў пісаў: «У першыя дні апантана накінуўся на пісанне. Для гэтага там усе ўмовы. Ніхто не турбуе, не тузае. Зрэдку толькі запрашаюць на нейкія сустрэчы. Было, праўда, і некалькі паездак за межы Хельсінкі. Але мне і самому цікава паглядзець, што там, у фінскай глыбінцы, робіцца. Гэта не абцяжарвае. А таму тыднямі не выходзіў з-за стала. Ты ж ведаеш, калі пішацца, дык і настрой лепшае, і неяк весялей жыць. Прадукцыю маю хутка атрымаеш для «Полымя». Можа, і не ўсё ўдалае, але нешта атрымалася. А калі ўволю напрацаваўся, то потым ужо стаў рабіць сабе перадых. Выходзіў у белы свет».

Сябры пазычылі Быкаву старэнькі камп’ютар, якім ён пачаў авалодваць. Часам няўдала, за што камп’ютар атрымаў назву «Жываглот». Цікава, што тэлевізар у кватэры адсутнічаў, але мелася радыё, праз якое Быкаў даведваўся пра ўсе сусветныя падзеі — у тым ліку і тыя, што адбываліся ў Беларусі.

90s.by__wp_content_uplo_9d82c0cb53f5403c458cffe7d7e0119d.jpeg

Быкаў у метро горада Хельсінкі, 1999 г.

З’ехаць нельга вярнуцца

Быкаў і яго сябры спадзяваліся, што пісьменнік хутка вернецца дадому. У снежні 1998 года ён заявіў у адным з інтэрв’ю: «Не хватает нашей белорусской атмосферы, родного воздуха, дружеского общения, без чего не может быть полного душевного комфорта. Но скоро эта «болдинская осень» закончится, и я вернусь в Минск». Пісьменнік скардзіўся на клімат — 1 мая 1999 года яшчэ толькі пачынала зелянець трава. Але галоўнай прычынай, каб вярнуцца, была настальгія. У лісце Рыгору Барадуліну Быкаў піша: «Мы тут жывем неяк. Тых клопатаў, што былі на радзіме, тут няма. Затое іх месца заступілі іншыя. Зь іх у каторы раз я раблю высновы (старыя, дарэчы, як сьвет): трэба жыць дома. Іншая справа, што тое неяк. Што тое трудна. І ўсё роўна — трэба дома».

90s.by__wp_content_uplo_3e83515d30db1f70e77d730d655f2497.jpeg

Малюнак Быкава, 1998 г.

Летам 1999 года Быкаў ненадоўга прыехаў у Беларусь. Два тыдні ён правёў у Мінску, наведаў ва Ушачах сястру, якая аўдавела той зімой, а таксама брата. Завітаў да сына ў Гродна, дзе заначаваў. Але галоўнае, што Быкаў убачыў: у краіне нічога не змянілася. «Жить там невозможно! — напісаў ён літаратуразнаўцу Валянціну Аскоцкаму. —Разве что притерпевшись, сломившись, махнув на все. Что и делают мои друзья — одни уйдя в себя, другие дружно спиваясь». Значыцца, трэба было заставацца за мяжой. Але дзе менавіта?

Яшчэ ў студзені таго ж 1999 года Валянцін Аксоцкі, маскоўскі сябра Быкава, прапанаваў пісьменніку пераехаць у Маскву. У красавіку ўзнік іншы, нямецкі варыянт, які знайшоў Беларускі ПЭН-цэнтр у асобе тагачаснага віцэ-прэзідэнта Карласа Шэрмана. Урэшце тое і ажыццявілася. Праўда, пад новы 2000 год Быкаў выправіўся з Фінляндыі ў Мінск, бо з запрашэннем у Германію яшчэ не былі вырашаны ўсе фармальнасці.

90s.by__wp_content_uplo_143936ca98f8268d42c82f19e74d40fe.png

З часавой адлегласці знаходжанне ў Фінляндыі стала ўспрымацца па-іншаму. Пасля Быкава ў Хельсінкі прыехаў Уладзімір Някляеў, які пасяліўся у той жа кватэры. Ён узгадваў, што «не было па ад’ездзе Быкава з Хельсінкі ніводнай гаворкі, у якой Васіль Уладзіміравіч не згадваў бы Фінляндыю, Вуасары, не перадаваў бы паклоны нашым агульным фінскім сябрам. Ён помніў дабро і добрых людзей, ціха сказаўшы аднойчы, што фінскія паўтары гады — самы спакойны і шчаслівы час у ягоным жыцці». Аднойчы Някляеў запытаўся ў Юккі Малінэна, віцэ-прэзідэнта фінскага ПЕН-цэнтра, чаму Васілю Уладзіміравічу не працягнулі запрашэнне. «Дык ён не прасіў…» — адказаў той. «Я давёў яму, што Быкаў і не мог прасіць», — узгадваў Някляеў.

Далей пісьменніка чакалі жыццё ў Германіі і Чэхіі. Быкаў канчаткова вярнуўся ў Беларусь толькі перад смерцю, напрыканцы 2003 года. Сімвалічна, што ў якасці надмагільнага помніка Васілю Уладзіміравічу яго жонка Ірына Міхайлаўна і паэт Уладзімір Някляеў абралі вялікі камень, прывезены з тых мясцінаў у Фінляндыі, дзе жыў Быкаў.

Максім Конанаў, 90s.by, lit-bel.org

Аўтар выказвае падзяку літаратуразнаўцу Сяргею Шапрану за прадастаўленне электроннай версіі шэрагу дакументаў.

Фота: vytoki.net, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, архіў Валянціны Быкавай.