Новы лаўрэат „Глінянага Вялеса” — Франц Сіўко

Традыйна ў сакавіку арганізацыйны камітэт літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” называе чарговага свайго лаўрэата — сёлета ім стаў віцебскі празаік Франц Сіўко.



siuko_01_451x478.jpg

Узнагароду пісьменніку прынёс леташні зборнік прозы “Плебейскія гульні”. Франц Сіўко: — Чым адрозніваецца новая кніга? Тэматычна, можа быць трошачкі. Але там таксама тэма “каранёў”, бо яна ў мяне скразная. Аповесць “Плебейскія гульні” — гэта ўжо цалкам сённяшні дзень. Гэта тыя гульні, у якія гуляюць дарослыя людзі.
„Плебейскія гульні” — вынік літаратурнай працы Франца Сіўко напрацягу апошніх пяці гадоў. У новы зборнік празаіка ўвайшлі тры аповесці: “Дзве вясны дзяцей Прыяпа”, “Цымант”, “Плебейскія гульні”. Аповесць „Дзве вясны дзяцей Прыяпа” апублікаваная ўпершыню. Імпрэза ўганаравання новага лаўрэата літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” адбудзецца ў траўні ў Полацку. „Гліняны Вялес” — найстарэйшая літаратурная прэмія найноўшай Беларусі — была заснаваная ў 1993 годзе Таварыствам Вольных Літаратараў. Сярод яе лаўрэатаў —  Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Андрэй Федарэнка, Эдуард Акулін і інш.
Паводле "Радыё Рацыя"