Увекавечыць памяць пра царкву Уваскрашэння Хрыстова

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прапануе ўвекавечыць памяць пра былую царкву Уваскрашэння Хрыстова XVIII стагоддзя ў Мінску, паведаміў НЧ старшыня таварыства Антон Астаповіч.



ast.jpg

Паводле ягоных слоў, сучасная вуліца Вызвалення ў Ракаўскім прадмесці сталіцы, на якой знаходзіцца будынак Мінскай епархіі Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы, да савецкага перыяду мела назву Воскресенская па размяшчэнню царквы Уваскрашэння Хрыстова — драўлянага аднаапсіднага храма падоўжана-восевай кампазіцыі. Дакладнае месца знаходжання святыні — цотны бок сучаснай вуліцы Вызвалення, паміж будынкамі №№ 6 і 8, сказаў Астаповіч.

Царква Уваскрашэння Хрыстова, мела даўнюю гісторыю, што пацвярджаецца шматлікімі архіўнымі дакументамі і пазначэннем святыні на планах горада, пачынаючы з канца XVIII стагоддзя.

Зараз існуе ўнікальная магчымасць увекавечыць памяць пра храм, знішчаны па ініцыятыве камуністычных уладаў у 1920-я гады, шляхам пазначэння на мясцовасці перыметральнага плану царквы, альбо праз добраўпарадкаванне тэрыторыі ці ландшафтны дызайн. Такія прыёмы пазначэння страчаных будынкаў, у першую чаргу культавых, існуюць практычна як па ўсёй Еўропе, так і ў самой Беларусі. Прыкладам можа служыць пазначэнне на мясцовасці плану падмуркаў першага Мінскага праваслаўнага храму XI-XII стагоддзяў на Замчышчы, якое зроблена па ініцыятыве Беларускай праваслаўнай царквы. Дарэчы, гэтае пазначэнне дазваляе рэалізаваць планы ўзнаўлення гэтай замкавай царквы у візантыйскім стылі менавіта на яе захаваўшыхся аўтэнтычных падмурках (размова ідзе пра прыкладнае ўзнаўленне вобліку мураванага чатырохслупавога трохапсіднага амаль квадратнага ў плане крыжова-купальнага храма ў мэтах рэканструкцыі аўтэнтычнай планіроўкі Замчышча), — сказаў Астаповіч.

Ён распавёў, што спецыялістамі архітэктурнай секцыі таварыства Антонам Вантухам і Юрасём Мацяшам праведзены аналіз шэрагу крыніц, на падставе якога лакалізавана месца знаходжання царквы і зроблена яго прывязка да сучаснай горадабудаўнічай сітуацыі.

У выніку аўтары прыйшлі да высновы аб мажлівасці пазначэння на мясцовасці контураў плану царквы, што дазволіць увекавечыць месца, дзе спрадвеку знаходзілася хрысціянская святыня. Акрамя таго, такое пазначэнне стане цудоўным прыкладам экспанавання гістарычнай планіровачнай структуры гэтага кутка Ракаўскага прадмесця, — сказаў старшыня таварыства.   

У сувязі з тым, што тэрыторыя, дзе раней месцілася хрысціянская святыня, знаходзіцца ў землекарыстанні Беларускага экзархату, таварыства звярнулася да мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, патрыяршага экзарха Беларусі з прапановай правесці добраўпарадкаванне ўчастку паміж будынкамі №№6 і 8 па вуліцы Вызвалення з пазначэннем на мясцовасці контураў перыметру сцен царквы Уваскрашэння Хрыстова.

Пры гэтым Астаповіч звярнуў увагу на тое, што грамадскае аб’яднанне гатова распрацаваць адпаведную навукова-праектную дакументацыю на валанцёрскай аснове.