Валерыя Валадзько: Усё, што ні робіцца — усё да лепшага

 Са жніўня 2020-га года ціск на беларускіх музыкаў з боку сілавых структур заўважна ўзмацніўся. Многія з іх вымушаныя былі з’ехаць і наладжваць жыццё ў новых краінах. Такі лёс чакаў і Валерыю Валадзько, вакалістку гуртоў «Harotnica mix» і «Kriwi».

valeryia_valadzko_833x400.jpg

Дзяўчына пераехала ў Польшчу, ва Уроцлаў, але цяпер знаходзіцца ў Варшаве. Тут разам з беларускімі творцамі яна працуе над новым праектам, які ўяўляе сабой музычны сімбіёз з усяго спалучальнага і не вельмі.

Пра яго, а таксама пра сваё новае жыццё яна распавяла «Радыё Рацыя».

— Як настрой?

— Зараз настрой лепей, бо я знаходжуся не ў Беларусі, мне і майму мужу нічога не пагражае. Цяпер больш спакойна сплю, але, канешне, навіны, якія кожны дзень прылятаюць, яны сумныя, але мы жывём —і зараз дыхаць лягчэй. Хаця сон усё роўна не такі моцны, як быў. Зараз можна паспяваць, павыступаць ужо тут, гэта таксама радасць для мяне.

— Калі ты з’язджала, што цябе больш за ўсё хвалявала?

— Хвалявала тое, што трэба ўсё пакідаць, пакідаць працу, пакідаць тое, што ёсць — кватэру, родных, сяброў. Яны ж там засталіся, зараз я вельмі сумую, пераглядаю фоткі, сумую. Калі ў цябе было ўсё — і цяпер табе трэба будаваць жыццё з нуля. Гэта такі, канешне, экспірыянс. Можа б, каб не гэта ўся сітуацыя, мы б на гэта не пайшлі. Але думаю, што гэта зробіць нас больш моцнымі. Усё, што ні робіцца, усё да лепшага, я так спадзяюся. За мяжой можна таксама сустрэць самых клёвых, таленавітых нашых землякоў.

— Чым цябе прываблівае і чым падабаецца Уроцлаў?

— Я ва Уроцлаў прыехала жыць не ведаючы гэтага горада, пакуль не была дагэтуль ва Уроцлаве. Мае розныя сябры казалі, што гэта вельмі класна, такі прыгожы горад, што ён падобны архітэктурай і ўвогуле паветрам да Берліну, што ён маленькі, што ён больш цёплы, што ён больш сонечны. Недалёка ад яго знаходзіцца Берлін, Прага. Паехалі проста “пальцам у неба”. Пакуль што я сябе там адчуваю больш, канешне, турыстам, хаця там з’яўляюцца знаёмыя, старыя знаёмыя. Мне некалькі разоў напісала некалькі чалавек: “О, прывітанне, я таксама ва Уроцлаве”. Я думаю: “Крута, клас, пайшлі сустракацца!”.

Я думаю, што з цягам часу мы пазнаёмімся з музыкамі. Пакуль музыкаў я там не сустрэла. Упэўнена, што яны ёсць, ёсць беларусы. Я мару зрабіць нейкую калабарацыю з польскімі музыкамі, але ж трэба мову вывучыць. Гэта таксама такая зараз праблема, але нам, беларусам, лягчэй вывучыць, як усе кажуць.  Я спадзяюся, што гэта будзе не так складана. Я ўжо навучылася чытаць.

— Што дапамагло?

— Некалькі відосаў на Ютубе, было тры заняткі ў нас ужо па польскай мове. Таксама з беларусамі, якія дапамагаюць. У нас зараз бартэр з дзяўчынай, яна мову выкладае, а я ёй спяваю народныя песні.

 — У цябе ёсць адчуванне, што ва Уроцлаве шмат беларусаў?

— Ёсць адчуванне, так, я ведаю, што іх шмат. Калі мы гуляем па горадзе, то мы чуем рускую мову. Я не ведаю, хто беларусы, хто не беларусы, але ў чатах вельмі шмат людзей. Кажуць, што ўсё больш і больш прыязджае беларусаў. Напрыклад, калі я напісала паведамленне, што вось, я прыехала ва Уроцлаў, я выкладаю спевы, то адразу было шмат-шмат рэпостаў. Пісалі людзі, у мяне ўжо ёсць некалькі дзяцей, некалькі вучняў ва Уроцлаве. Я прыеду, будзем займацца, будзем спяваць далей.