Два польскія вайскоўцы атрымалі раненні на мяжы з Беларуссю
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі сказаў: "Кожную ноч у нас атакі".
Два вайскоўцы атрымалі напярэдадні раненні на польска-беларускай мяжы, паведамляе Памежная служба Польшчы. Паведамляецца пра тры групы мігрантаў, якія спрабавалі прарвацца на тэрыторыю краіны з Беларусі. У адной было каля 30 чалавек, у другой — каля 20, у трэцяй — яшчэ 11 чалавек.
Усяго ўчора беларуска-польскую мяжу спрабаваў незаконна перасекчы 71 чалавек.
Пра тое, што міграцыйны крызіс не вырашаны, казаў днямі прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. "Кожную ноч у нас атакі", — адзначаў ён па выніках сустрэчы з канцлерам ФРГ Олафам Шольцам. На гэтай сустрэчы абмяркоўваліся і магчымыя новыя санкцыі супраць Мінска. Сёння гэтая тэма таксама будзе на парадку дня саміта кіраўнікоў ЕС.