Віктар Марціновіч: Мары беларусаў — госці

Чалавеку ўласціва сустракацца з сябрамі і прыемнымі яму людзьмі, бавіць час разам. Гэта адна са шматлікіх рэчаў, якія робяць чалавека чалавекам. Але не варта блытаць класічную камунікацыю і тое, што ў нас завецца «гасцямі». Бо «госці» ў жыцці беларусаў — гэта не пра чалавечнасць. Гэта пра «каб было як у людзей». А гэта іншае. Ты можаш жыць як чалавек, але рабіць усё «не як у людзей».



2860_original.jpg

Віктар Марціновіч

У сённяшняй Беларусі пад «гасцямі» разумеецца побытавы рытуал, які можа быць нават больш прадуманым за рытуал пахавання ці шлюбу. Ён такі ж сакралізаваны, гэтаксама ж праходзіць праз пэўныя містычныя фазы развіцця – ад пачатку і да моманту, калі гасцям ужо ўлілі «страмянныя» і панеслі іх да таксоўкі. Прычым ніхто ніколі не чытаў кніг пра тое, як ладзіць «госці». Але ўсе тупа ўзнаўляюць гэтыя спарахнелыя савецкія гастранамічныя шаблоны, гэтую куханна-аліўешную хтонь.

Першае, чаго патрабуюць «госці», – гэта стол. Стол павінны быць вялікім, каб на ім змясціліся ўсе стравы, якія вы ахвяруеце на алтар «гасцей». У СССР, дзе канчаткова сфармаваўся перфоманс, які завецца «гасцямі», жылплошча была маленькая, і таму быў вынайдзены такі цуд даікейскага перыяду, як стол-кніга. Калі ў кватэры, якая запрасіла (выклікала) гасцей, свайго стала-кнігі няма, яна звяртаецца па дапамогу да суседзяў, тыя пазычаюць – так, як у пэўных вёсках перадаюць па коле шыла для біцця свіней (гэты сакральны прадмет можа быць адным на некалькі хат).

Мая памяць захоўвае дзіцячыя ўспаміны пра сялянскія лавы, якія зберагаліся ў адной з кватэр нашай шматпакаёўкі ў Зялёным лузе: імі карысталіся па чарзе. Зварот да ўладальнікаў гэтых лаваў адначасова гарантаваў запрашэнне іх на самі «госці».

Калі стол і зэдлікі знойдзеныя, пачынаецца самае незразумелае: гатаванне ежы. Ежу для «гасцей» трэба рабіць пэўным чынам, бо інакш яна будзе недастаткова «гасцёўная». Па-першае, яе нельга ні ў якім разе набываць у рэстарацыі – бо гаспадары дома будуць выглядаць нядбайнымі, недарэчнымі людзьмі. Што гэта за гаспадарка, калі яны самі «аліўе» не замуцяць? Хлусіць і хітраваць не мае сэнсу: вы можаце набыць аліўе і мяса па-французску ў «Кароне», аднак які-небудзь асабліва хцівы запрошаны абавязкова апазнае штучнасць, «няхатнясць» пачастунку і гучна абвесціць: а салацік-та з гіпермаркета!

budzma.by__wp_content_uplo_16f1487ee3f757bd0bf6a855eb9827f2.png

Па-другое, ежу абавязкова трэба пачынаць гатаваць за адзін ці нават за некалькі дзён да «гасцей». Немагчыма проста напярэдадні «таржаства» настругаць кілбасы ды наварыць бульбы – гэта будзе ўспрымацца як недастатковая падрыхтоўка, непавага да «гасцей». Асноўны прынцып, які пакладзены ў аснову гатавання ежы для «гасцей», – самаахвярнасць. Пажадана, каб сям’я пасварылася некалькі разоў, стругаючы мяса на аліўе. З чым рабіць? З курай ці кілбасой? Гарошак класці ці не? Усё гэта пытанні, якія патрабуюць катэгарычнага і адназначнага адказу. Не дзіва, што да пачатку ўласна рытуалу большасць гаспадарак падыходзіць прыкладна ў тым настроі, у якім сёння размаўляе расійскае і ўкраінскае кіраўніцтва.

Трэцяя адметнасць ежы для «гасцей» – яе павінна быць значна болей, чым можна з’есці. Тут зноў бачым зварот да магутных ды нябачных сіл, якія стаяць за кожным сур’ёзным беларускім рытуалам: нашто гатаваць выварку з тым аліўе? Хто яго будзе есці пасля таго, як людзі ім насыцяцца? Спрэс метафізіка, пагадзіцеся!

Уся гэтая ежа раскладаецца ў спецыяльны посуд – той, што ніколі не выкарыстоўваецца ў звычайным жыцці. «Сакральны» посуд для рытуалу зберагаецца ў спецыяльных «шафах-горках», якія займаюць большую частку жылых пакояў беларусаў. У гэтай адметнасці таксама адчуваецца надзвычайны характар прызвання «гасцей».

І вось шампанскае разлітае па крышталёвых фужэрах, мужыкі ўжо каўтнулі гарэлкі, здаецца, можна неяк разняволіцца, адпачыць, атрымаць асалоду. Але ўсе працягваюць сядзець у пінжаках і гальштуках і «прытрымлівацца фармату». Фармат у дадзеным выпадку азначае, напрыклад, тое, што пра палітыку размаўляць нельга. Піць толькі з тостамі, па-іншаму ўжываюць напоі «выключна алкаголікі». Дарэчы, калі гаспадары заможныя і на стале французскі каньяк ці добра вытрыманы бурбон, якія трэба спажываць маленькімі глыточкамі, іх усё роўна будуць піць «за раз», «пад тосты».

Ёсць некалькі канвенцыйных гутарак за сталом «у гасцях». Напрыклад, трэд «як гэта прыгатавана». У межах гэтай сакральнай тэмы гаспадыні перадаюць адна адной веды пра тое, як раскладаць шпроты па бутэрбродах ці дзе лепей набываць шампіньёны, каб тыя можна было запячы пад сырам.

Потым падаецца «гарачае». Тут ёсць два класічныя варыянты. Першы: курыца на бутэльцы ці проста смажаная курыца, паламаная рукамі на буйныя кавалкі. Другі: «мяса па-французску». Зафіксуем для гісторыі: мяса па-французску – гэта калі бярэцца каштоўная свіная паляндвіца, па рытуальных прычынах адбіваецца малатком (?), пасля засыпаецца цыбуляй і сырам. Каб у Францыі даведаліся, што недзе ў свеце такі кулінарны трындос называюць «французскім», яны б моцна абразіліся.

Пад «гарачае» абавязкова трэба выпіць. Пасля гэтага раўнду мужчынам дазволена выйсці на кухню пакурыць. Сапраўдная размова пачынаецца менавіта тут, на кухні – тут можна і «пра палітыку», і пажаліцца на жыццё (усё гэта не прынятае там, за сталом). Але гэты пробліск чалавечнасці цягнецца ўсяго некалькі хвілін – столькі, колькі гарыць падпаленая цыгарэта. Фактычна, «госці» – гэта чаргаванне пяціхвілінных цікавых усім перакураў з фундаментальнасцю асноўнага застольнага «служэння».

Калі ўжо сцямнела, бывае, выбухаюць «танцы». Прапанова патанчыць заўсёды прыходзіць ад самых нечаканых удзельнікаў сакраменту «гасцей», яна заўсёды агаломшвае. Далей, калі моцна п’яных робіцца болей, усё перакульгваюць з нагі на нагу пад Газманава. Прадугледжаны таксама «белы танец».

«Госці» пакідаюць пасля сябе шмат ежы, процьму шклатары і нейкую незразумеласць: нашто гэта было? Але нейкія галасы з-пад зямлі, з падсвядомасці шэпчуць: так трэба. Цяпер усё як у людзей!

І адзначу асобна: «у госці» ходзяць і на Захадзе. Але там – без аліўе і не зусім для таго, «каб як у людзей». Тут нагодай для гасцей можа быць новы сервант з «Ікеі», новы тэлевізар, які хочацца паказаць супрацоўнікам, каб выклікаць у іх зайздрасць і адчуць ад яе асалоду. Здаецца, нашыя хтанічныя «госці» ёсць з’явай нават меней вычварэнскай за гэтыя заходнія бяздушныя мэблевыя «агледзіны».

Што да мяне, дык я з тых, хто «не як у людзей».

Сустракаюся з тымі, хто мне цікавы, не ем мяса па-французску і танцую тады, калі мне весела, а не тады, калі таго патрабуе рытуал.

Віктар Марціновіч, budzma.by