Віктар Марціновіч: За што мы любім «Зорныя войны»
Якім чынам даволі сярэдні ў параўнанні са знятай на 6 гадоў раней «Касмічнай Адысеяй» Кубрыка фільм стаў самай пазнавальнай карцінай ХХ стагоддзя?
Чаму так сталася, што наіўная прыгодніцкая казачка ў стылістыцы Лема мела настолькі моцны ўплыў на сучаснасць, што яе імем была названая стратэгічная абарончая ініцыятыва ЗША? Як дарослыя дзядзькі могуць глядзець фільмы, у якіх чалавек з чорным бідонам на бошцы б’ецца светлавым мячом і душыць усіх, нібы ў «Бітве экстрасэнсаў» на ТНТ? Чаму нам не сорамна за гэты сорам? Чаму, наадварот, мы захапляемся ім?
Зразумець магію «Зорных войнаў» важней, чым напісаць пра сёмы эпізод, бо, па-першае, пра сёмы эпізод ужо выказаліся ўсе навокал. Прычым калі задаць тым, хто выказаўся, пытанні з першага абзаца, яны задумаюцца на тыдзень.
Да таго ж, пакуль «Войны» будуць торкаць, колькасць эпізодаў будзе няспынна памнажацца. Дык чаму ж торкаюць?
Гэта ідэальная казка пра біпалярны свет. Тут ёсць дабро, ёсць зло. Ёсць светлы бок сілы, ёсць СССР. Без «Зорных войнаў» цяжка зразумець, чаму на адной і той жа планеце суіснуюць «Шэўрале Камаро» і «Запарожац», Элвіс Прэслі і Эдуард Хіль. «Зорныя войны» тлумачаць усё так, што любому, хто апынуўся па той бок мяжы з Імперыяй (то бок нам! Нам з вамі!), робіцца млосна. Дарэчы, у «Эпізодзе 1», які зняты ў 1999-м, у час, калі біпалярны свет пахіснуўся, адчуваецца недахоп вось гэтай хтанічнай энергіі смяротнага супрацьстаяння. «Імперыя», якую ў той момант узначальваў добры Ельцын, была за крок ад таго, каб «стаць на светлы бок сілы». Яшчэ крыху – і «Зорныя войны» адышлі б назаўсёды. І як жа добра яны выглядаюць цяпер, калі Халодная вайна ідзе поўнай хадой!
Што больш важна, гэта гісторыя пра рэчы, не бачныя чалавечаму воку. Гэта гісторыя пра тое, што любы задохлік, батан, камп’ютарны гік, фапер ці аматар гаджэтаў можа лёгка пакаціць з дапамогай “force push” ды “mind trick” шоблу з Аўтазу. Бо сіла, Люк! Танныя фокусы заўсёды працуюць, калі напярэдадні пра іх марылі мільёны.
Пры ўсёй сваёй спрошчанасці, гэтая гісторыя мае абагульняльную моц эпасу. Прыгадаем, як Обі Ван Кенобі кліча Люка паляцець з ім да зор, а той адмаўляецца, бо яму трэба збіраць ураджай. У кожнага з нас у жыцці быў такі выбар: нас клікалі да зор, а нам трэба было чыніць харвестары. Ці паступаць ва ўніверсітэт. «Зорныя войны», як і Гамэрава «Адысея», расказваюць у дэталях, што б з намі здарылася, калі б мы ўсё ж абралі прыгоды.
Гэта ўвасабленне філасофскіх ідэй і духоўных здабыткаў папярэдняга 1977 году дзесяцігоддзя. «Зорныя войны» – гэта пра Вудстак. Пра 1969-ы. Пра хіпі-філасофію – паглядзіце на прасторныя хламіды, у якія апранутыя джэдаі! Не хапае толькі бусікаў, кветак, каляровых акуляраў і значкоў з Хендрыксам! Фільм яшчэ і пра антываенную хвалю, звязаную з В’етнамам. Бо добрыя хлопцы тут пачынаюць біцца толькі тады, калі гэта непазбежна. Джэдаі – амаль пацыфісты.
Ідэя Сілы, якой падпарадкоўваецца ўсе жывое, ёсць пераасэнсаванне вельмі папулярных ў 1977-м магічных закідаў Карласа Кастанеды. Чалавека, шмат кім названага «апошнім вялікім філосафам чалавецтва» (бо не называць жа апошнім філосафам Бадрыяра ці, тым больш, Жыжака – абодва старанна гоняць ад сябе пытанні, якія некалі і зрабілі філасофію філасофіяй). Кастанеда напоўніў Амерыку самазробленымі знахарамі, што шукалі выхаду са свайго цела і шляхоў кіравання снамі з дапамогай пеётля і без яго. «Зорныя войны» не прапанавалі лёгкага шляху ператварэння ў арла, але прывілі генерацыі містычнае самаадчуванне, якое было бліскуча ўслаўленае ў вельмі смешным фільме The man who stare at goats (2004).
Пры ўсёй сваёй біпалярнасці, «Зорныя войны» лёгка маглі быць знятыя ў СССР. Амаль нічога не дае гэтай карціне і яе героям
сувязі з амерыканскай культурай. Часам эпізоды 4, 5, 6 выглядаюць як працяг прыгод школьніка Колі Герасімава, хай сабе сам Коля з’явіўся ў эфіры толькі ў 1984-м. Нават лазерныя стрэлы
выглядаюць падобна. Замест схем «Зоркі Смерці» прынцэса Лея магла хаваць у Ар Два Дэ Два міелафон. Замест Сі Тры Пі О па калідорах імперскіх крэйсераў мог хадзіць робат Вертэр.
Замест легендарнага “O, dear” галоўнай фразай фільма магло быць запрашэнне на “Спаборніцтвы робатаў-гітарыстаў” – нічога істотна не змянілася б. Калі б
«Зорныя войны» былі знятыя ў СССР, у Вейдэра замест брэжнеўскай адышкі, якую, па легендзе імітавалі роварным насосам, была б Ніксанава ўсмешка. На тым адрозненні заканчваюцца.
Пры ўсёй сваёй «лёгкасці» ды «забаўляльнасці» «Зорныя войны» прапанавалі паўнавартасны кодэкс этыкі для цэлай генерацыі. Прычым кодэкс гэты збудаваны на вельмі сур’ёзным падмурку, які не ўсе здольныя счытаць ды распазнаць. Джэдаі не могуць дазваляць сабе эмацыянальныя схільнасці, яны не мусяць прывязвацца да людзей. Памятаеце той не вельмі зразумелы момант, калі будучы Дарт Вейдэр імкнецца дапамагчы блізкай, і гэта прыводзіць да бедстваў. Заўважце: гэта не хрысціянства, бо хрысціянства не замінае любіць і спачуваць. Гэта так па-хрысціянску – паводзіць сябе як чалавек, які дапамагае слабаму! А тут за гэта караюць! Тут кожны мусіць выконваць сваю ролю, не зважаючы на прывязанасці. Па сутнасці, гэта чысцюткі будызм. Жыццё ёсць пакуты. Пакуты маюць тлумачэнне. Пакуты паходзяць ад прывязанасцяў. Калі хочаш пазбавіцца ад пакутаў – пазбаўся прывязанасцяў. Усе джэдаі спавядаюць дзэн. Медытацыя, адзінота, любоў да ўсіх, а не да тых, каго ведаеш асабіста. І як прыгожа тут раскрыты прынцып духоўнай раўнавагі! Калі ты злуешся – ты робішся значна мацнейшым. Але гэта выводзіць цябе на цёмны бок сілы. Таму не злуйся і не прывязвайся… Ці не занадта спрадвечнай мудрасці для просценькай казачкі пра зорнага хлопчыка?
Ну і галоўнае. Таму што Ёда!