Вясна. Кветкі. Каханне. Музычна-паэтычная вечарына ў мінскай бібліятэцы
У мінскай бібліятэцы № 15 імя Цёткі прайшла музычна-паэтычная вечарына «Вясна. Кветкі. Каханне». Беларускія паэты шчыра апавядалі пра патаемныя старонкі свайго жыцця, натхнёна ўспаміналі сваё першае каханне. Адпаведную музычную атмасферу задавалі беларускія барды і музыкі.

Тэму вясны і кахання беларускі паэт Рыгор Барадулін назваў спрадвечнай і цалкам меў рацыю. Колькі напісана аб гэтым вершаў, шэдэўраў, і не злічыць. На працягу вечарыны яго вершы гучалі не аднойчы. Адкрыла імпрэзу загадчыца гасціннай бібліятэкі Ірына Мяцельская. Правяла і арганізавала творчы вечар Таццяна Барысюк – паэтка, крытык, літаратуразнаўца, перакладчыца і празаік, навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязей літаратур у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Яна і сама шмат прачытала сваіх вершаў, у прыватнасці з нізкі вершаў «Платанічнае каханне».


Немагчыма ўявіць вершы аб вясне і каханні без згадвання прыгажосці кветак. Гэтак і ў творчасці Таццяны Пратасевіч, якую вядоўца параўнала з ягадкай-журавінкай. Паэтэса, паэтычны свет якой поўны містыцызму і шчырых пачуццяў, піша і пра папараць-кветку, і пра «ліпы квецень». Багата параўнанняў дзявочай прыгажосці з пекнымі кветкамі і ў беларускага паэта, празаіка і журналіста Алега Грушэцкага, аўтара авантурна-прыгодніцкай казкі-фэнтэзі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства», працяг якой мы ў хуткім часе пабачым.


Музычную частку распачалі з прыгожых рамансаў, у тым ліку і на італьянскай мове, у выкананні супрацоўніка Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Дзяніса Канька, якому акампаніравала за фартэпіяна лаўрэат міжнародных конкурсаў Ганна-Марыя Добрава-Іванава.
Таленавітыя на музычную творчасць, як вядома, і беларускія паэты. Так, непараўнальная і таленавітая празаік і паэтэса Людміла Шчэрба, якую вядоўца параўнала з адной з гераінь барадулінскага верша, праспявала свой пераклад на беларускую мову вядомай песні Элвіса Прэслі «Can't Help Falling In Love». Прагучаў у яе выкананні і шэраг іншых вядомых песень з кінафільмаў. Ёй акампаніравалі пад гітару Ціхан Мядзведзеў (гітара) і Кірыл Журын (барабан).


А на вершы вядоўцы вечарыны, Таццяны Барысюк, прагучала некалькі музычных твораў у выкананні таленавітага кампазітара, саксафаніста, піяніста і педагога Вольгі Воінскай. Яе ж дачка прадэманстраваланеверагодны для свайго юнага ўзросту акрабатычны нумар.
Паэзія і музыка з самых старажытных часоў ішлі поруч і натхнялі адна адну. Нездарма словы «лірыка» і «ліра» маюць адзін корань. Калі кампазітары кладуць словы паэтаў на музыку, атрымліваюцца песні. Бард МіхаілЗавадскі выканаў песні не толькі на свае словы, але і паклаў на музыку пераклад верша на беларускую, зроблены Максімам Багдановічам.


Завяршылася вечарына выступленнем паэтэсы і крытыка, супрацоўніцы аддзела рэдкіх кніг Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людмілы Сільновай, якая прадэкламавала багата вершаў як на адвечную тэму кахання, так і нечакана – пра бібліятэку.
Чакалі прысутных гледачоў і слухачоў не толькі вершы і музычныя выступы, але і інтэлектуальная віктарына з памятнымі прызамі.
Фота Алега Грушэцкага