Вечары на выставе “Мінск. Нонканфармізм 1980-х”

НЧ анансаваў чытачам дакументальную выставу “Мінск. Нонканфармізм 1980-х”, якая праходзіць у галерэі “Ў” па праспекце Незалежнасці 37а ў Мінску па 10 мая. Апрача дакументальнага напаўнення — шматлікіх фатаграфій, афіш, інсталяцыі мастакоўскага пакоя, падзея цікавая прэзентацыямі, што адбываюцца ў паасобныя дні.



rusava_600.jpg

Сёння, 6 мая, а 19-й гадзіне наведвальнікаў чакае вечар “Беларускага клімату” з удзелам Дзмітрыя Строцава і "Drum Ecstasy".  Арт-група “Беларускі клімат”, створаная ў 1987 г., займалася, як дэкларуюць яе ўдзельнікі, “хаатычнай творчасцю” ў розных напрамках візуальных і прасторавых мастацтваў, тэатры, хэпенінгу, перформансе, музыцы. Выхадзец з “Беларускага клімату” Філіп Чмыр, удзельнік гурта "Drum Ecstasy", вядомы скандальнай заявай пра нянавісць да беларускай мовы, якую яму, быццам бы, навязваюць у Мінску. З другога боку, іншы “кліматавец”, таленавіты рускамоўны паэт Дзмітры Строцаў напачатку 2015 года заклікаў да свядомага самаўмалення рускай культуры ў Беларусі, а рускамоўных беларусаў да вяртання да мовы прашчураў — дзеля яе ўратавання. Так ці іначай, імпрэза дасць уяўленне пра тэндэнцыі ў гэтым сегменце “руска-габрэйскага” мінскага андэграўнду, які, як і раней, застаецца пераважна андэграўндам. Чакаецца прэзентацыя свежай літаратурна-музычнай кампазіцыі drum’n’dance musical “Люстра Мілігана” з удзелам "Drum Ecstasy" і Строцава і паказ відэа пра першы дазволены канцэрт “Беларускага клімату” ў ДК Прафсаюзаў у 1988 годзе.

strocau_600.jpg

7 мая ў той жа час гасцей выставы пазнаёмяць з творчасцю мастачкі і перформера Людмілы Русавай (1954–2010). Неардынарная творчая постаць Русавай увасобілася ў створаных ёю жывапісных палотнах, габеленах, аб’ектах, інсталяцыях, фотакалажах, першых беларускіх перформансах, відэапраектах  і многім іншым. Падчас вечара публіцы прэзентуюць прысвечаны мастачцы альбом з серыі “Калекцыя часопіса пАРТызан”,  упершыню пакажуць відэахроніку яе перформансаў —  “Сонцастаянне”, “Уваскрашэнне казіміра” (разам з Ігарам Кашкурэвічам), відэаперформанс у Ефімава, відэапрацу “Тыраж адстутнасці” (2001).

Арганізатары спадзяюцца патлумачыць наведвальнікам, чаму Русаву называюць хроснай маці беларускага акцыянізму. Сама Русава, удзельніца больш 100 выстаў і праектаў, лічыла, што прыблізна палова з іх — “чыста авангардныя”. Ці сапраўды ў 1980–1990-я гады ў Беларусі нараджаўся авангард, ці гэтую з’яву дакладней назваць андэграундам? На гэтае пытанне лягчэй адказаць, наведаўшы вечарыну, тым болей што дакументацыя творчасці Русавай і яе паплечнікаў толькі пачынаецца.

Анансаваныя вечары завяршаюць “актыўную” частку выставы “Мінск. Нонканфармізм 1980-х”. Уваход вольны.