Выстава Алеся Родзіма «Global Warning / Global Warning» адкрылася ў Мінску
Дзе сёння ў Мінску прэзентуюць унікальнае, эксцэнтрычнае мастацтва? Наведайце арт-прастору «Верх», схаваную ў будынку завода «Гарызонт», і пазнаёмцеся з творчасцю мастака Алеся Родзіма.
У выставачны праект «Global Warning / Global Warning» Алеся Родзіма ўвайшлі работы, створаныя мастаком цягам апошніх трынаццаці год. Яны перыядычна выстаўляліся на пляцоўках вядомага берлінскага кунстхаўса «Тахелес» і выклікалі захапленне ў гледачоў з розных куткоў свету. На жаль, у беларусаў магчымасцяў убачыць творчасць аўтара практычна не было. Таму тое, што адбывалася на адкрыцці выстаўкі, было сапраўдным мастацкім святам. Сам жа аўтар рады, што калісьці атрымаў магчымасць паказаць уласную творчасць у Берліне:
— Дзякуй Богу, так адбылося, што пэўная колькасць беларускіх мастакоў у 2001 годзе была запрошана ў Берлін. І беларускае мастацтва змагло зайграць па-за межамі дзяржавы, змагло раскрыцца крыху шырэй. Яно было ў самым цэнтры Берліна, куды накіроўваліся ўсе турыстычныя шляхі. Тахелес для мяне важны мастацкі палігон, дзе можна было дасканала адтачыць майстэрства.
Перад тым як завітаць на выставу, прадстаўляеш абсалютна розныя яе канцэпцыі, плануеш, што будзеш гуляць па выставачнай прасторы і спакойна, задуменна разглядаць вялікія палотны. Але ж не, так не атрымаецца. Уваходзіш у залю і чуеш манатонныя мелодыі, якія, быццам бы, уводзяць у транс. Гэтыя гукі выкідваюць з рэальнасці, і ты нават не паспяваеш зразумець, што апынуўся ў палоне мастацтва. Практычна праз кожныя два метры стаяць манекены ў дзіўных касцюмах. Толькі падышоўшы да іх, разумееш — гэта жывыя людзі, якія невядома колькі часу стаяць тут без руху.
Падчас адкрыцця экспазіцыі ў арт-прасторы «Верх» адбыўся перфоманс, у якім і ўзялі ўдзел сам Алесь Родзім і яго сябра па Тахелесу Зміцер Юркевіч. Дзеянне творцаў было дастаткова меланхалічным, але рознабаковым. Так атрымалася, што аўтары перасоўваннямі з аднаго бока ў іншы, падчас перфоманса практычна правялі для гасцей выстаўкі арт-экскурсію, якая не абмежавалася банальнай імгненнай дэманстрацыяй твораў, а сапраўды накіравала гледача на ўдумлівае разважанне над працэсамі асяроддзя.
Творы Алеся Родзіма складана ўспрымаць з першага погляду, бо гэта вялікія палотны, насычаныя неверагоднай колькасцю філасофскіх дэталяў, элементамі розных сімволік. Іх, па-добраму, трэба вывучаць не адзін дзень, каб усё ж такі зразумець пасыл і завуаляваныя сэнсы аўтара. Варта адзначыць, што выбар пляцоўкі для выставы вельмі ўдалы. Складана ўявіць такую маштабную экспазіцыю ў межах класічнай альбо, як кажуць, моднай галерэі. А тут усё атрымалася: такія кампаненты як псіхадэлічная атмасфера аўтарскіх кампазіцый і арт-хаўсны інтэр’ер арт-прасторы ўтварыліся ў гарманічнае спалучэнне.
На выставу патрапіў і старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, які (па яго словах) стаміўся адказваць на пытанне, чаму ён тут апынуўся (бо гэта ж не Палац мастацтваў і не творчасць, да якой схіляецца айчыннае мастацтва). Абстрагуючыся ад дзіўных пытанняў, Рыгор Сітніца выступіў з прывітальным словам і сказаў некалькі цёплых слоў пра Алеся Родзіма:
— Ведаючы здаўна спадара Алеся Родзіма, я паважаю ў гэтым чалавеку абсалютную сканцэнтравансць на мастацкай ідэі. Гэта той выпадак, калі чалавек цалкам застрахаваны ад халтуры, ад хістанняў і кампрамісаў, якія не надта ўпрыгожваюць мастака. Гэты чалавек не адхіляецца ад асабістых меркаванняў, гне сваю лінію і дасягае ў гэтым мастацкіх, творчых поспехаў. Прынамсі, ён вельмі шмат зрабіў, каб беларускае мастацтва мела значна шырэйшы дыяпазон.
Выставачны праект «Global Warning / Global Warning», безумоўна, унікальная падзея. Ён стаў часткай адкрыцця юбілейнага трыццатага фестывалю саверсізму і ігдрасілізму «ДАХ», што сёлета святкуе пятнаццатую гадавіну. Фестываль працягнецца ў арт-прасторы «Верх» да 13 студзеня 2017 года. Таму ў мінчукоў яшчэ ёсць час і магчымасць, каб паспрабаваць асэнсаваць творчыя кампазіцыі Алеся Родзіма.