Выстава твораў Яўгена Шатохіна ў Палацы мастацтва

28 сакавіка ў мінскім Палацы мастацтва адкрылася мемарыяльная выстава малюнка і акварэлі выбітнага беларускага мастака Яўгена Шатохіна (25.02.1947, Пінск, Брэсцкая вобласць — 21.01.2012).



shatoch_n_7.jpg

Шатохін вучыўся ў Арлоўскім педагагічным інстытуце і ў Харкаўскім мастацка-прамысловым інстытуце). З 1982 года графік — сябра Беларускага саюза мастакоў (БСМ). У 1988 годзе ў Пінску заснаваў і ўзначаліў дзіцячую школу выяўленчага мастацтва. З 1990 па 1999 год з’яўляўся дэпутатам Пінскага гарадскога савета дэпутатаў і старшынёй камісіі па культуры, справах рэлігіі і спорту. У гэты час мастак адкрывае для сябе “далёкае” замежжа, а яно, у сваю чаргу, знаёміцца з беларускім творцам. У 1992-м — ён стыпендыят творчай майстэрні “Альтэна” ў аднайменным нямецкім горадзе. У 1993 годзе творчыя дасягненні мастака ганаруюцца французскім медалём Conseiller General a Peronne. У 2002-м Шатохін стаў уладальнікам прыза Нацыянальнай асамблеі Францыі, у 2003-м — ганаровым грамадзянінам кантону Aльбер, у 2004-м атрымлівае медаль кантону Перон (абодва ў французскім дэпартаменце Сома).  

shatoh_n_2.jpg

Творы Шатохіна знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у дзяржаўных зборах Пінска і Брэста, Кіева (Украіна), Вялікага Усцюгу і Масквы (Расія), муніцыпальных і прыватных зборах Францыі, Германіі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Фінляндыі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Егіпту і ЗША. Графік адзначаны медалём БСМ “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”.

shatoh_n_3.jpg

Як адзначае мастацтвазнаўца Пётра Васілеўскі, Шатохін быў “найперш майстрам краявіду. Ягоныя любімыя тэхнікі — акварэль і аловак. Ён ніколі не імкнуўся да фатаграфічнай дакладнасці, бо лічыў, што яго задача больш высокая і складаная — стварыць праўдзівы вобраз, ідучы ад суб’ектыўнага ўражання. Акварэль у дадзеным выпадку пасуе ментальнасці мастака і адпавядае творчай мэце як ніякая іншая тэхніка. Акварэль прымушае працаваць хутка, вымагае ад мастака яснай задумы і цвёрдай рукі. Мазок павінен быць дакладнейшым, інакш фарба губляе гучнасць. На працах Шатохіна фарба гучыць напоўніцу. Ягоныя малюнкі прыцягваюць увагу здалёк. Паводле першага ўражання, штрых часам падаецца “калючым”, пакладзеным абы як — нібы мастак кудысьці вельмі спяшаўся… І толькі прыглядзеўшыся, адчуеш унутраную ўраўнаважанасць кампазіцый, дасягнутую менавіта праз гэты мастацкі прыём. У малюнках, як і ў акварэлях, Яўген Шатохін засяроджваўся на галоўным у краявідзе ці партрэце. І тут, як і на ягоных акварэлях, няма непатрэбнага, неабавязковага — лішніх ліній і плямаў, святла і ценю…”

shatoh_n_4(1).jpg

Як адзначыў першы намеснік старшыні БСМ Рыгор Сітніца, сапраўдныя мастакі маюць ласку Божую — адыходзячы, заставацца. Сітніца назваў Шатохіна “выдатным мастаком, сапраўдным мужчынам, прыгожым чалавекам, вялікай сілы грамадзянінам і патрыётам Бацькаўшчыны, які любіў Беларусь і аддаваў усе сілы, каб сцвердзіць сваю Радзіму такой, якой мы хочам яе бачыць, не падобным ні на каго па сваім мастацкім тэмпераменце і па сваёй мастацкай манеры”.   

shatoh_n_s_tn_ca_belen_k_.jpg

                      Рыгор Сітніца і Юрась Беленькі

Выконваючы абавязкі старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі нагадаў пра адкрыты і моцны пратэст супраць ГКЧП, арганізаваны мастаком ўлетку 1991 года ў Пінску, а таксама пра тое, што Шатохін быў у кіраўніцтве партыі і за тыдзень да сыходу ўсхвалявана тэлефанаваў пра перспектывы адкрыцця сваёй майстэрні ў Мінску. “Нягледзячы на ўсе цяжкасці нашага жыцця, Шатохін заўсёды заставаўся моцнай асобай, якая несла ўпэўненасць і веру у светлую нацыянальную будучыню Беларусі”, — сказаў Беленькі. 

Зямляк і сябра Шатохіна, скульптар Руслан Дар’ін падкрэсліў, што з Шатохіным “нельга было сфальшаваць ні на ёту ні ў чым — ні ў справах, ні ў адносінах, ні ў размове, бо ён фальш ні прымаў ані ў якім разе”. Паводле ягоных слоў, усё сваё жыццё Шатохін працаваў у мастацтве, “як катаржны”. “Чалавек магутнай сілы духу, ён застаўся нязломным да канца. За яго шчырасць чыноўнікі не вельмі любілі мастака, але калі ён сышоў, дык падкрэслілі, што памёр Грамадзянін”, — сказаў Дар’ін.

shatoh_n_6.jpg

Выстава працуе да 16 красавіка.