Габелены Людмілы Пятруль
У мінскім Палацы мастацтва адкрылася выстава габеленаў Людмілы Пятруль. У экспазіцыі — больш за 40 прац розных тэмаў і мастацкіх накірункаў выбітнага майстра, створаныя за 42 гады.

Як адзначае прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Шунейка, у 1972 годзе Людміла Пятруль упершыню прадставіла свае тэкстыльныя кампазіцыі ў Палацы мастацтва. На працягу чатырох наступных дзесяцігоддзяў мастачка паслядоўна і натхнёна ўносіць свой творчы ўклад у развіццё аўтарскага габелена Беларусі, не толькі нараджаючы новыя творчыя ідэі, але і ўласнаручна выконваючы іх у матэрыяле. Пятруль з’яўляецца творцам больш за 100 разнастайных па тэматыцы і асаблівасцях выканання габеленаў, вытканых з ваўняных, ільняных і сінтэтычных нітак на прыстасаваных для гэтага вертыкальных кроснах.

Людміла Пятруль
Габелены Пятруль уражваюць шырокім дыяпазонам творчых задач і вобразных адкрыццяў ад класікі да авангарду. Яна пачынала свой творчы шлях з фармальных кампазіцый пад моцным уплывам кубізму і сюррэалізму. З канца 1970-х гадоў мастачка захапілася мадэрнізацыяй сюжэтна-тэматычных вобразаў, навеяных традыцыямі беларускіх тэкстыльных мануфактур XVIII стагоддзя. Неўзабаве, з сярэдзіны 1980-х гадоў склаўся яскрава выяўлены аўтарскі стыль выдатнай мастачкі-тэкстыльшчыцы: агульнае кампазіцыйнае вырашэнне габелена, як арганічнай, нібыта самай прыродай утворанай формы, метафарчынасць і паэтыка мастацкіх адлюстраванняў, вельмі згарманізаваны і багаты на адценні мінорны і мажорны каларыт.

Мастачка паслядоўна звяртаецца у сваім аўтарскім стылі да вырашэння літаратурна-мастацкіх матываў вялікай беларускай паэзіі, якія вядуць яе да вобразных абагульненняў, звязаных з сімваламі мінулага, дзівоснымі спляценнямі флоры, неабмежаванымі асацыяцыямі зямных і нябесных стыхій. З 1990-х гадоў мастачка па-наватарску распрацоўвае таксама праблематыку стылістычных магчымасцяў мадэрністычных мастацкіх накірункаў мінулага стагоддзя, у тым ліку супрэматызму, оптыкэль-арту і канцэпт-арту ў незвычайных тэкстыльных увасабленнях.

Людміла Пятруль з’яўляецца адной з самых яскравых і таленавітых зорак сучаснага айчыннага тэкстыльнага мастацтва. Сярод яе этапных і непаўторных вобразных твораў “Сказ пра бульбу”, “Ніцая вярба”, “У зачараваным царстве”, “Развіднела” і “Гукі памяці”.

.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Выстава працуе да 16 красавіка.
