«З кувалды ў дзіцячым садку». Дуэт «Красная зелень» праспяваў пра «Родзіну» (відэа)

Маргарыта Ляўчук і Андрэй Павук выпусцілі новую песню. Гэтым разам — на матыў вядомай савецкай «С чего начинается Родина». У прэзентацыі адзначаецца, што песня напісана спецыяльна для дакументальнага фільма Маргарыты Ляўчук «Кроў на траве» пра візуальны гвалт дзяржаўнай сімволікай.

Скрын відэа

Скрын відэа

«Песня пра тое, як у адной чырвона-зялёнай краіне ўсё перакуленае з ног на галаву. Пра сумнавядомую Масандру і ракеты на Кіеў, пра Валодзю з яго імперскімі амбіцыямі і "доблесных" ваякаў. Пра тое, як беларусаў прымушаюць любіць штучнаўтвораную сімволіку і ідэалохію. Але мы з вамі ведаем, з чаго насамрэч пачынаецца Родзіна і якіх яна колераў», — гаворыцца ў апісанні да відэа.


Крыніца: Margarita Levchuk . Soprano [ youtube ]

Цікава, што на пачатку гэтага года паведамлялася, што дуэт Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука «Красная зелень» распаўся. Але, як бачым, што творцы аднавілі супрацоўніцтва.  

Але тады Андрэй Павук пацвердзіў, што гурт больш не існуе. Па якіх прычынах ён распаўся, музыкі не каментавалі.

Сярод яркіх песень дуэта — «Азаронак», «Толька Матолька», «Арыя Іўды», «Звінят і лязгают танкі», «Галіна» і шмат іншых. Аўтар тэкстаў — Андрэй Павук.

Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук выступала ў розных еўрапейскіх тэатрах. Яна ўдзельнічала ў пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе. Тады ж сышла з працы ў Нацыянальным тэатры оперы і балета.

Цяпер Маргарыта жыве ў Вільні і, апроч як з класічнай музыкай, таксама працуе з палітычнай сатырай, адкрыта і правакацыйна крытыкуе дыктатуру ў краіне.

У 2021 годзе супраць Ляўчук распачалі крымінальную справу паводле арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

Андрэй Павук — актывіст і блогер, стваральнік ютуб-канала «Рудабельская паказуха», на якім у тым ліку публікуе свае тэлефонныя размовы з чыноўнікамі.

На Павука раней завялі крымінальныя справы за «публічную абразу работніка пракуратуры горада Мінска» і «разгалошванне звестак аб прыватным жыцці і персанальных даных памочніка пракурора».

У маі 2022-га сілавікі зладзілі ператрус у кватэры Андрэя і Вольгі Павукоў у пасёлку Акцябрскі.

Нядаўна супраць блогера распачалі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК).


Глядзіце таксама

Музыка, і агулам творчая сфера, стала важным складнікам беларускага пратэсту ў 2020 годзе. Пераважная большасць прыкметных і таленавітых творцаў выступіла тады — хто больш выразна, хто менш — за перамены ў Беларусі. Сапраўднай з'явай пратэснай плыні сталі знакамітыя дваравыя канцэрты, якія музыкі ладзілі ў мікрараёнах і на якія прыходзіла шмат людзей. Лукашэнкаўскія сілавікі спрабавалі ладзіць аблавы на такія мерапрыемствы, дзе проста гучалі вядомыя песні, а беларусы танчылі. Шмат якіх выканаўцаў потым затрымлівалі паводле адміністрацыйных абвінавачанняў і кідалі на «суткі».

Дагэтуль у турмах Беларусі ўтрымліваюцца дзясяткі музыкаў, а лік зняволеных прадстаўнікоў культурнай галіны ідзе на сотні.

Шмат дзеячаў культуры цяпер у эміграцыі, дзе яны ладзяць розныя імпрэзы, распачынаюць новыя праекты і даюць канцэрты ў прысутнасці вялікай колькасці гледачоў у розных краінах.