З Старога замка ў Гародне масава звальняюцца супрацоўнікі
З гарадзенскага Старога замка масава звальняюцца гісторыкі, археолагі і прыродазнаўцы. Лік ідзе на дзясяткі. Залы з экспазіцыямі зачыняюцца, таму што правальваюцца падлогі. Ці дачакаецца замак рэстаўрацыі?
Кажуць, у Гародне ёсць тры месцы, якія абавязкова трэба наведаць: Стары замак, Каложская царква і заапарк. І калі апошні з нядаўняга часу мае цалкам прыстойны выгляд, то гістарычныя жамчужыны
горада пакуль знаходзяцца ў нясцерпным чаканні.
— Стары замак, як бедны сваяк, які сядзіць у самым далёкім куце стала і чакае, што застанецца ад пачастунку, — прыводзіць параўнанне былая загадчыца аддзела
гісторыі Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея Марына (прозвішча прасіла не называць). — Аддала працы 15 гадоў, вырасла ад малодшага навуковага супрацоўніка да загадчыцы
аддзелам. Гэта вельмі цікавая, але, на жаль, нізкааплочваемая праца. З кожным годам патрабаванні растуць, а ўмовы для працы пагаршаюцца — людзі проста не вытрымліваюць і сыходзяць.
Аб рэстаўрацыі Старога замка, праектах і тэрмінах гавораць ужо многія гады. Але, на мой погляд, толькі тыя, хто сутыкнуўся з праблемамі знутры, разумеюць, што замак не можа больш
чакаць.
Ці сапраўды сітуацыя настолькі сумная? Па тлумачэнне звярнулася да кіраўніцтва музея.
— Пакуль дзве залы аддзела прыроды закрыты для наведвальнікаў — там моцна аселі падлогі, даводзіцца выходзіць на вуліцу і заходзіць з іншага боку, каб
працягнуць экскурсію, — тлумачыць дырэктар Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка. — Звярнуўся па кансультацыю да навуковага кіраўніка
праекту рэстаўрацыі Старога замка Уладзіміра Бачкова. Ён запэўніў, што сцены XVI стагоддзя пакуль па-за небяспекай. А сцены і падлогі ў закрытых музейных пакоях падчас рэстаўрацыі замка ўсё роўна
будуць разбураныя. Мы проста чакаем. Што нам яшчэ застаецца? За апошні час сапраўды звольніліся 19 чалавек, але не ўсе з іх навуковыя супрацоўнікі. Застаюцца тыя, хто захоплены гісторыяй і не гоніцца
за вялікімі грашыма.
У Міністэрстве культуры аб праблемах замка ведаюць. Да таго ж ён уключаны ў Дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі» на 2012-2018 гады.
— Грошы, а гэта 2 млрд рублёў, у гэтым годзе выдзелены з абласнога бюджэту, у наступным прыкладна столькі ж прыйдзе з рэспубліканскага. Значыць, што працэс пайшоў, і праца па
рэстаўрацыі пачне набіраць абароты, — упэўнены начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігар Чарняўскі. — Праблемы
прасядання грунту павінны быць даследаваны заказчыкам, няма сэнсу пачынаць грандыёзны праект, калі незразумела, як павядуць сябе грунтавыя воды. У любым выпадку ён патрабуе карэкціроўкі. Уласна, і
існуе пакуль толькі ў эскізным варыянце. Патрэбна будзе яшчэ шмат працы, разлікаў, але паўтару яшчэ раз: пачатак ёсць, значыць, будзе і завяршэнне. Разумею занепакоенасць музейных работнікаў, але
нельга думаць, што калі ў 2018 скончыцца праграма, то на гэтым будзе пастаўлена кропка. Праца будзе працягвацца столькі, колькі неабходна.
У цяперашні момант упраўленне капітальнага будаўніцтва Гарадзенскага аблвыканкама даручыў УП «Інстытут «Гроднаграмадзянпраект» зноў ўзяцца за праект аднаўлення
Старога замка ў Гародне.
— Некалькі гадоў таму мы рыхтавалі абгрунтаванне для інвестыцый, гаворка ішла аб аднаўленні ўваходнага фасада і абарончай сцяны замка, якая знаходзіцца ў аварыйным стане, але
тады фінансаванне спынілася, і нашы працы таксама, — уводзіць у курс справы галоўны інжынер УП «Інстытут «Гроднаграмадзянпраект», заслужаны будаўнік
Беларусі Рышард Кацынель. — Наколькі пацярпелі падлогі ў замку, таксама сказаць не магу: на месцы не быў. Магчыма, праблему раздулі для прыцягнення грамадскасці да рэстаўрацыі. Сёння
выдзелена 2 млрд рублёў на распрацоўку першага комплексу работ, аб якіх гаварылася вышэй. Калі падлогі сапраўды праваліліся, то нашы спецыялісты правядуць дадатковыя даследаванні. Пакуль да нас ніхто
не звяртаўся.
Гарадзенцы з любоўю называюць родны горад каралеўскім. У яго вузкіх вулачках, старадаўніх будынках і каралеўскіх замках лунае дух гісторыі. Кожны год тут з'яўляюцца новыя, бліскучыя
аздабленнем будынкі. Цікава, ці будуць яны выклікаць у нашых нашчадкаў такую ж любоў і гонар? А пакуль... Можа, хай яны пачакаюць?
Таццяна Кандраццева, «Рэспубліка»