З'явіўся новы пераклад «Гары Потэра» па-беларуску

Неяк Вольга і Павал Быкоўскія з дачкой Настай схадзілі ў кіно на «Гары Потэра». Пасля гэтага дачка, не самы вялікі аматар чытання, заявіла бацькам: з’явіцца кніжка пра Гары Потэра па-беларуску — прачытаю. «Няма пытанняў!» — падумала маці і села за пераклад папулярнай сагі.



Вольга — рускі філолаг па адукацыі, працуе журналісткай. Свой узровень ведання англійскай мовы ацэньвае як сярэдні. Праца над перакладам заняла ў яе каля года.
Нядаўна 55 асобнікаў першага друкаванага перакладу знакамітай кнігі пра хлопчыка-чарадзея пабачылі свет.
У інтэрнэце «Потэр» па-беларуску быў і раней. Калі Вольга толькі пачынала, ужо існаваў пераклад з расейскай мовы (аўтары Андрэй Багач, Андрэй Філіпчык і Дзяніс Мускі). Пазней з’явіўся і пераклад з арыгінала (аўтар — Дзяніс Мускі).
Вольга вырашыла не кідаць пачатай справы. Да таго ж жанчына імкнулася адаптаваць свой пераклад для дзяцей і падлеткаў — пісаць лёгкай, яснай мовай.
Вольга падкрэслівае, што выданне — некамерцыйнае. Прыбытку з гэтага яна не мае. «Выдавецтва «Сам сабе перакладчык, вярстальнік і чытач» — напісана на першай старонцы кнігі. Адзіным рэдактарам быў муж, а карэктарам — камп'ютар.
«Фактычна, я вырашыла выдаць яе для сябе, — прызнаецца жанчына. — Але падумала, можа, каму гэта будзе цікава і прапанавала ў Фэйсбуку па сабекошце. Аказалася, што такіх людзей не так і мала — каля 50 чалавек адпісаліся, што хочуць асобнік».
Цяпер Вольга працуе над іншымі кнігамі пра Гары Потэра: «Спадзяюся, пакуль перакладу, хтосьці з выдаўцоў захоча гэта надрукаваць. З усімі правамі, са сваім мастаком. Урэшце, кніга перакладзеная на 64 мовы, а афіцыйнага беларускага перакладу няма».
* * *
Звязацца з Вольгай Быкоўскай можна праз Фэйсбук.

nn.by