Зламаць «пракрустава ложа» тэмы

Мінулы месяц выдаўся багатым на паказы дакументальнага кіно. Кінастудыя «Беларусьфільм» зладзіла прагляд фільмаў студыі «Летапіс» за апошні год. На пачатку сакавіка на пляцоўцы партала TUT.BY у межах анлайн-фестывалю BelarusDocs былі паказаны сем стужак айчынных аўтараў.

Кадр з фільма «Мінск-Ворша-Мінск»

Кадр з фільма «Мінск-Ворша-Мінск»


Якім чынам кінарэжысёры працуюць з тэмай? Занурэнне ў дакументалістыку вывела на пытанне, якое непасрэдна адбіваецца на кіно.

Кантэкст «Летапісу»

«Справаздача» студыі «Летапіс» склала 19 стужак. Гэта карціны, якія ўжо прагучалі на фестывалях і ў кінаколах — «Сяргей Плыткевіч. Чалавек з фотаапаратам», «Янка Купала», «Першадрук», «Чорны крумкач», «Чужое і сваё», ды заўважная колькасць невялікіх стужак, якія пакуль не атрымалі выхаду да вялікай аўдыторыі.
Прызнацца, даць агульную ацэнку працы айчынных аўтараў складана. Заўважна, што ёсць тэматычны план конкурсаў па вытворчасці фільмаў, які ў значнай ступені вызначае напрамак працы кінематаграфістаў. Некаторыя рэжысёры крочаць па прапанаваных тэматычных дарожках, не выдумляючы асаблівых хадоў у падачы матэрыялу. Іншыя, наадварот — імкнуцца зламаць стэрэатыпнае бачанне тэмы. У выніку шмат фільмаў аналізаваць не хочацца, але тыя стужкі, чые аўтары паспрабавалі выйсці з прапанаванага тэматычнага абшару, прыцягваюць увагу.

Ад знакамітых постацяў — да разваг пра нацыяльную свядомасць

Вядомы ўжо «Першадрук» Ігара Чышчэні прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, — і ператварэнне постаці Францыска Скарыны ў… прастору еўрапейскай цывілізацыі. Расповед пра знакамітага асветніка ў стужцы — гэта падарожжа па мясцінах, звязаных з яго жыццёвым досведам — Прага, Кракаў, Вільня… Шпацыр па вуліцах гэтых прыгажэйшых гарадоў, візіты ў тамтэйшыя ўніверсітэты, шыкоўныя бібліятэкі — і новае вымярэнне Кнігі, калі яна становіцца сімвалам культурнай і палітычнай сілы, карэнным чынам змяняючы стаўленне да нацыі. Здавалася б, кіно адпавядае тэматычнаму кірунку, але абраная нетаропкая інтанацыя, прыгожы візуальны шэраг, веданне сучаснай тэлевізійнай культуры, увага да дэталяў робяць «Першадрук» стужкай актуальнага кантэксту.


З аднаго боку, праца Ігара Чышчэні і Уладзіміра Мароза не паказвае анічога звышзвычайнага, але з іншага — яе вылучае візуальная культура, развагі пра асаблівае месца беларусаў на мапе свету, калі робіцца спроба асэнсавання надрукаванага Слова Скарыны. І, адпаведна, кіно атрымалася годным.
Несіметрычным адказам «Першадруку» ў гэтым кірунку — развагай пра нацыянальную свядомасць беларусаў — стужка Віктара Аслюка «Янка Купала». Яна таксама прымеркаваная да знакавай даты леташняга года — юбілею Паэта. Вядомы дакументаліст на прыкладзе творчай спадчыны Купалы ўздымае пытанне пра калектыўную памяць беларусаў, канструяванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Рэжысёр ідзе «ў народ», да простых вяскоўцаў, каб спытаць у іх, што яны ведаюць пра народнага паэта Беларусі. Вядома, адказы атрымоўвае розныя, часам зусім сумныя, аднак ёсць і тыя, якія прыемна здзіўляюць. Можна і паспрачацца з прапанаваным даследаваннем, бо зрабі падобную апытанку аўтар у горадзе — цікава, ці быў бы іншы вынік? Тым не менш, знакавай у стужцы можна лічыць фразу аднаго з герояў: «А дзе нам чуць таго Купалу, каб не забыцца на яго вершы?». Яе, мне падаецца, нельга назваць слабым апраўданнем.


Вылучае кіно і выкарыстанне хронікі — гэта і выява самога Купалы, сялян мінулага веку, народа, пра які пісаў Паэт. Мы сягаем у мінулае, каб угледваючыся ў твары людзей, якія ідуць па пыльнай дарозе, пачуць наноў славутыя радкі «А хто там ідзе, а хто там ідзе/У агромністай такой грамадзе?». Што значылі тыя радкі для нашых продкаў? Які сэнс мы ўкладваем у гэтыя словы сёння? Якім чынам, увогуле, беларусам удалося стаць нацыяй, нягледзячы на войны, навалы бежынства, рэпрэсіі? Што пакінула нам, урэшце, ХХ стагоддзе? Купалу, якога мы (не) памятаем?
Будзем аб’ектыўнымі, сучасная Беларусь — гэта не толькі вёска, але горад. Гэта іншая фармацыя людзей, гараджан, якія мусяць ведаць (ці не ведаць) Купалу. І пэўным пацвярджэннем той розначасавой і рознай Беларусі можна лічыць кадры з імпрэзы, дзе амбасадары розных дзяржаў чытаюць вершы Песняра. Вось ёсць Купала, прызнаны светам — і побач жа той, словы якога забываюцца, вымываюцца з памяці сучаснікаў.Гэты роздум-роспач правакуе, але стужка гучыць па-аўтарскі шчыра, востра, разбіваючы «пракрустава ложа» тэмы. Сапраўды, ці памятаем, ведаем мы спадчыну народнага паэта, або ўзнаўляем яе да знакавай даты? Віктар Аслюк зрабіў кіно, якое можна паказваць штогод як «прышчэпку» супраць бяспамяцтва.

Ад антыалкагольнай прапаганды — да роздуму пра лёс вёскі

У шэрагу прац, якія дэманструюць асаблівы падыход да тэмы — стужка «Агмень» Юрыя Цімафеева. Фільм, у якім заўважна лінія антыалкагольнай прапаганды робіць твіст у бок іншых глабальных пытанняў. У прыватнасці — згасання беларускага сяла.


«Агмень», па-першае — расповед пра вёску Лактышы Ганцавічскага раёна і яе нешараговую цікавостку. У мясцовым клубе працуе «Музей Анты-Бахуса» (Пакой прапаганды здаровага ладу жыцця), дзе экспанаты — пустая тара з-пад алкаголю. Стваральнік музею Мікалай Ленкавец разам са сваімі паплечнікамі ладзіць у клубе разнастайныя мерапрыемствы, прыцягваючы да актыўнасці моладзь і сталых вяскоўцаў. Аднак яго няўрымслівая дзейнасць адбываецца на не менш выразным фоне — павольным, але няўмольным згасанні вёскі. Сыходзіць старое пакаленне; аднавяскоўцы з цеплынёй і сумам згадваюць той час, калі ў Лактышах гаманілі малыя дзеці. «Прапаў дзіцячы смех, — кажа адзін з персанажаў, — а якое жыццё без дзяцей?».
Някідкі зімні пейзаж, чарговае пахаванне, бульдозер, што ламае спарахнелы дом… І фота аднакласнікаў: у спробе паўтарыць фотаздымак, зроблены колькі гадоў таму, героі фільма запрашаюць на фотасесію школьных таварышаў. Знаходзяцца з пятнаццаці чалавек толькі трое. Астатнія — хто з’ехаў у горад, хто памёр, хто куды…
Нягледзячы на тое, што агмень жыцця ў Лактышах усё ж цепліцца, сыход сталага пакалення, ад’езд моладзі змяняе аблічча глыбінкі — прыклад Лактышоў не выключны. Так, у Беларусі ёсць вёскі і на сотні двароў, але беларуская вёска мяняецца — і тыя працэсы важна зафіксаваць.

Драйв вольнага даследавання

Анлайн-фестываль BelarusDocs, ініцыяваны кінематаграфістам і прамоўтэрам дакументальнага кіно Алесем Лапо, ладзіцца ў Беларусі ўжо у другі раз. У праграме ён злучае стужкі як дзяржаўнай вытворчасці — студыі «Летапіс», так і незалежных аўтараў. Сёлета ў ліку першых былі вышэйзгаданыя «Янка Купала», «Агмень», «Сяргей Плыткевіч. Чалавек з фотаапаратам» Вольгі Дашук. Незалежнае дакументальнае кіно прадстаўлялі «Фанат» Андрэя Кудзіненкі, «25» Андрэя Куцілы, «Няхай жыве маленькі прынц» Кацярыны Махавай і «Мінск — Ворша — Мінск» Юліі Ралка.




Падборка атрымалася разнастайнай і цікавай, аднак сярод карцін ужо вядомых рэжысёраў вылучалася стужка выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў спадарыні Ралка. Смелая і неадназначная карціна, якая прадэманстравала нечаканы драйв, якога часам не стае больш традыцыйным працам.
У фокусе ўвагі рэжысёркі — таксама правінцыя, але ўжо гарадская. Дзеянне адбываецца ў Воршы, куды на выходныя прыязджае ўмоўны галоўны герой карціны. Малады чалавек родам з гораду на Дняпры, але знайшоў працу ў Мінску. Праца як праца, а дома — бацькі і сябры, з якімі ён бавіць час. І тыя стасункі з «карэшамі» часам нагадваюць сцэны з фільмаў Таранціна.
Ворша — горад з асаблівым кліматам. З аднаго боку — езуіцкі калегіум, Замкавая гара, кляштары бернардынаў і трынітарыяў. З іншага — дзве турмы (трэцяя ўжо не дзейнічае). Славу горада стварае багатае на знакавыя падзеі старажытнае мінулае, Уладзімір Караткевіч, які з’явіўся на свет менавіта тут, але таксама і флёр бандыцкага гораду, які ён займеў у часы СССР. Ворша — гэта чыгуначны і аўтамабільны вузел, які ўтрымлівае повязі розных часоў і пакаленняў. У гэтым катле ўсё віруе, і сучасная моладзь утрымлівае сляды розных культур. Юлія Ралка, смела крочачы за сваім героем, адкрывае дзверы ў гэты не для ўсіх адкрыты свет. Становячыся сваёй у мясцовай тусоўцы, яна нечакана выяўляе спецыфіку маладзёвага аршанскага асяродку.Рэжысёрка фіксуе размовы хлопцаў, якія бавяць час у «пасядзелках», за гульнямі у карты, — і тое «назіранне» часам займае абрысы крымінальнай драмы. Тут пануюць даволі брутальныя зносіны, якія ў пэўны момант могуць перайсці у бойку, ды ўсё ж застаюцца ў межах нормы.
Фільм Юліі Ралка папракаюць у «згушчэнні фарбаў», але гэта не так: яе героі не з’яўляюцца злачынцамі, гэты такі лад жыцця — шчыры, брутальны, правінцыйны, трошкі вар’яцкі. Ёсць такі выраз — «маята дзён». Гэта «маята» аршанскіх хлопцаў, з іх размовамі пра бойкі, дзікунскія выбрыкі, пошукі працы… Гэта іх тэрыторыя, якой уласцівыя свае норавы. Аднак малады чалавек, які прывёз аўтарку ў Воршу, знайшоў-такі працу ў Мінску, вырваўся са свайго атачэння, хоць і па-ранейшаму адчувае з ім сувязь. «Мінск — Ворша — Мінск» — гэта, у тым ліку, і наша бясконцае раздваенне паміж тым, якімі мы былі, і якімі можам стаць.
Юлія Ралка ішла за адчуваннем, за неспадзяванкай — і ў яе атрымлася стварыць з маленькіх сюжэтаў карціну асяродку, якая выпраменьвае штосьці непадуладнае. Гэта той выпадак, калі рэжысёра вяла не тэма, а інтуіцыя ды азарт у фіксацыі нораваў людзей, пэўнага месца. «Мінск — Ворша — Мінск» можна папракнуць у брутальнасці, незавершанасці, але яго вартасць — нешаблоннасць і смеласць, што і вылілася ў жывое кіно.