Зміцер Бартосік «Клініка кітайскага дантыста» — беларуская альтэрнатыва
Не так даўно Зміцер Бартосік парадаваў чытачоў новай кнігай «Клініка кітайскага дантыста». Кожны, хто вырашыць адправіцца ў падарожжа разам з пісьменнікам, мае магчымасць адкрыць для сябе цэлы сусвет мясцін, падзей, постацей, якія звязаны з Беларуссю.
Важнай асаблівасцю сусвету, які паўстае на старонках гэтай кнігі, з'яўляецца яго неаднамернасць: ракурс бачання аўтара пераплятаецца з кропкамі гледжання іншых людзей, часам, на першы погляд, нават «выпадковых мінакоў» на гэтым шляху. Але выпадковага, напэўна, нічога не бывае. У пошуках страчанага часу — свайго і нашага — Змiцер Бартосік не адзін год ездзіў па Беларусі і замежжу, каб адкрыць перад чытачамі факты гісторыі, пра якія наўрад ці напішуць у падручніках. Але ж менавіта такія факты дадаюць глыбіні нашым ведам пра краіну, пра яе людзей, пра нас саміх.
Несумненнай вартасцю «Клінікі кітайскага дантыста» з'яўляецца яе здольнасць прапаноўваць альтэрнатыву. Ні адзін з «намаляваных» Бартосікам партрэтаў зусім не падобны на афіцыйны — парадны, адцэнзураваны, які мы можам убачыць у падручніку. Інакш кажучы, мы можам прачытаць гісторыю пра славутага пісьменніка, паэта без афіцыёзу, уявіць больш рэальны характар постаці, а не проста прачытаць сухія энцыклапедычныя звесткі, якія ўсё цяжэй успрымаць маладому пакаленню.
Альтэрнатыўны погляд, які прапануе кніга, важны яшчэ і таму, што гэта дае шанец атрымаць адказы на многія пытанні, якія ўзнікаюць у сучаснасці. У нашай гісторыі некаторыя факты трактуюцца выключна ў адным накірунку, нават калі звестак пра iх хранічна бракуе, каб рабіць нейкія высновы. Кніга Бартосiка зафіксавала ўспаміны людзей, многія з якіх ужо сышлі ў іншы свет. У іх аповядах захаваліся часам цалкам унікальныя факты, што дазваляе стварыць больш поўны вобраз тых рэалiй, звестак пра якія мы, магчыма, больш не атрымаем.
Кніга адкрывае свет звычайных беларусаў, якія жывуць у краіне не «пад белым сцягам, з чырвонай стужкай», каб дапамагчы нам зразумець, чаму ў нашай краіне ўсё так, як ёсць. У кнізе З. Бартосіка выразна прадэманстраваны культурны разлом, які існуе ў беларускім грамадстве: тое, што каштоўна для адной часткі насельніцтва, — зусім не мае каштоўнасці для іншай.
Можна шмат казаць пра асаблівую атмасферу гэтай кнігі. Але дакладней за ўсё яе характаразуе верш «Сабака» Анатоля Сыса (між іншым — аднаго з герояў «Клінікі кітайскага дантыста»), які міжволі прыходзіць на памяць, калі гартаеш старонкі кнігі Змiцера Бартосіка:
Сабака ў горы пасівеў,нікому ў вочы не глядзеў,нат спачування не шукаў,бо меў адмеціну: шакал. I ўсё ж, абпалены таўром,ён вартаваў забраны дом,забраны двор, забраны сад,магілы продкаў ля прысад, бо ўлезе брудная свіння,клады разрые сярод дня,каб потым рохкаць і крычаць:«А продкі вашыя маўчаць?! А можа, мову адняло?Яе ж у вас і не было...»Ён вартаваў гаротны дом,ды ўжо ня быў гаспадаром, адно, была яго — душа,нібы дзяржаўная мяжапаміж чужынцамі ды ім,сабакам, да шаленства злым, а свінні рохкалі наўкол,лычамі разрывалі долі крылі матамі князёў,што так глыбока пад зямлёй іх прах хаваюць плывуныад Бога, чорта, сатаны...Бо дзе той Бог, калі свіння,нібы карыта, сярод дня труну цягае па кладахды топча капытамі прах.А ўночы прывіды плылі,яны жылі, яны былі. I ўночы жудасна хтось выў —Алесь Гарун сабакам быў.
Кніга Змiцера Бартосіка прысвечана Алесю Юркойцю, вядомаму рупліўцу беларушчыны з Астравеччыны, памежніку, які зараз знаходзіцца ў турме.
У пошуках «забытых адрасоў» не трэба забываць пра сучаснасць — трэба памятаць пра тых, хто ў дадзены момант знаходзіцца за кратамі.
Калі пісаўся гэты артыкул, прыйшла паштоўка з турмы ад А. Юркойца. Iдэя кнігі «Клініка кітайскага дантыста», на мой погляд, абсалютна сугучная думкам таго, каму яна прысвечана: «Памяць пра прашчуроў робіць нас народам. Памяць пра турму робіць нам рабамі. Памяць пра нашчадкаў дае нам надзею. Дык не сумуйма, як тыя, што надзеі не маюць! З Богам. Бог нам радзіць».