«Жыве Беларусь»: Чарнобыль, дыктатура, рокенрол

Фільм быў задуманы для візуальнай трансляцыі рэжыму і ўсялякіх спыненняў дэмакратычных настрояў у апошнім запаведніку СССР. Мы сабралі некалькі ключавых думак пра тое, навошта і пра што «Жыве Беларусь».



zyvie.jpg

Кадр з фільма «Жыве Беларусь»

Усё было знята на грошы польскага ўрада, сюжэт адсылае да падзей 19 снежня 2010, а ад кінаін'екцый армейскіх будняў, закаснелых урадоўцаў і несумленных выбараў у еўрапейскага гледача павінен здарыцца справядлівы шок.

Лідзія Міхеева, сацыёлаг, даследнік візуальнай культуры:

«Не стала Балабанава. Усе сталі разважаць, чаму ён быў першым, самым важным, незаменным рускім рэжысёрам. Чаму па шэрагу яго фільмаў можна было паказаць чалавеку з заходняга свету, што такое «пост-савок», і што такое боль як падкладка штодзённасці. Але галоўнае, што было ў фільмах Балабанава — гэта герой. Зразумела, я пра Багрова-Бадрова. Герой можа быў і дзіваваты, не ў трыко Супермэна і не свет ратаваў, а лакальныя задачы вырашаў, але прастытутак шкадаваў, і праўда для яго была мы памятаем у чым, а не ў лішку бабак і пантах гламурных. Суровы ён быў хлопец, хоць месцамі і бязглузды. Але прынцыповы. Ну і гэтак далей. Мачылі яго моцна, але глядач яго не шкадаваў. Глядач яго шанаваў, з усёй яго дуратой. Сімпатызаваў яго моцнаму выжывацельнаму звярынаму пачатку і маральнаму закону ўсярэдзіне яго.
 

Далей параўноўваю тое, што параўноўваць у прынцыпе амаль немагчыма. Выйшаў польскі фільм пра Беларусь пад назвай «Жыве Беларусь». Гвалт на экране — можа і не менш, чым у Балабанава бывала. Тэма заяўлена прыкладна ў тым жа ключы — пра вырадкаў і людзей (людзі — яны як бы па-за сістэмай, а вырадкі — у сістэме). Але вобраз героя (героя — не ў рамантычным сэнсе, з вялікай літары Г, а — хоць бы — персанажа — але персанажа супраціву) прапісаць не атрымалася. Чаму? Час такі? Краіна такая, дзе супраціў прыраўноўваецца да цярплівасці? Не ведаю. Герой, якога шкадуеш? Гэта як? Жаль, вядома, высокае пачуццё, але...

І гэта толькі адзін аспект, можа быць не самы значны, праз які можна паглядзець на «Жыве Беларусь!». Мяне пры праглядзе, прыкладам, раздзірала тое, як скупа вылеплены калектыўны партрэт неабыякавых маладых людзей, якія супрацьпастаўлялі сябе сістэме. Пададзены яны музыкамі з кволымі паняткамі пра палітыку ўвогуле і нейкіх пазаіндывідуальных (выкрыкваюць нейкія лозунгі са сцэны, а хрэн бы вытлумачылі, што яны ў іх ўкладваюць) і журналістамі, якім толькі дай інфармацыйную нагоду, і якія як бы з боку прыпёку. У вольны час нашы змагары п'юць піва ў клубе. Гэтым, уласна, іх рэвалюцыйная дзейнасць абмяжоўваецца. І ўся праблема (нібы) у тым, што з гэтага млявага субстрату, якому півасік і рок-н-рольчык — мяжа летуценняў, улада спрабуе выдраць ахвяр і таталітарна-па-зверску нахіліць дзе-небудзь, прыкладам, у войску. А не нахіляла б — так і пілі б далей сваёй півас і «спявалі песні пра каханне» (як прасцябаўся калісці Вольскі).

Увогуле, фільм атрымаўся не пра тых, хто супраціўляецца, і не пра стратэгіі супраціву, а пра тое ж, пра што здымае свае пацёмкінскія рэпартажы БТ, толькі з цалкам інверсіяванымі колерамі, яно пра тую краіну, у якой «змагарам» (якіх у фільме няма) балюча жыць. І якой, на жаль, няма на карце, таму што краіна гэта сканструявана галоўным чынам са страхаў і абрыўкаў лукашэнкаўскай прапаганды, як антытэза ёй жа. А якая з прапагандай можа быць зусім палеміка? Ці можа яна быць удалай?
 

Вось і атрымваецца, што фільм заміж «Жыве Беларусь!» цалкам можна было б назваць «Жыве Беларусія». Уласна, аўтарская назва майго артыкула была менавіта такой: «Жыве Беларусь» як «Жыве Беларусія».

Вадзім Дабравольскі, галоўны рэдактар раздзелу «Мастацтва» партала artaktivist.org:
 

«Гэты фільм трэба ацэньваць з розных пунктаў погляду. І перадусім, як ідэалагічны прадукт, зроблены прафесійным палітыкам Франаком Вячоркой для еўрапейскай фестывальнай публікі і досыць вузкага кола гледачоў у Беларусі.

Але я паспрабую сканцэнтравацца на сваіх наўпростых адчуваннях як гледача, пагружанага хоцькі-няхоцькі ў кантэкст фільма. І першае, што кідаецца ў вочы — ненатуральная жорсткасць фільма. Нават не факт яе наяўнасці (ніхто не сумняецца ў жорсткасці дубінак амапаўцаў), а тое, што яна робіцца цэнтральным стрыжнем усяго фільма. Здаецца, што аўтары ў лепшых традыцыях фільмаў катэгорыі «B» залілі кардонных герояў морам крывавага кетчупу, мусібыць, разлічваючы тым самым выклікаць спагаду ў цікаўных еўрапейскіх гледачоў. Што ж, магчыма, у некага гэта сапраўды выклікала пачуццё жалю да герояў, але думаю, у большасці гледачоў, у тым ліку і мяне, гэта выклікала толькі пачуццё няёмкасці.

Тым больш, улічваючы кінематаграфічны патэнцыял найноўшай беларускай гісторыі. Можна ўспомніць драматычныя падзеі 19 снежня 2010, якія ў фільме пададзены як бязглуздыя таптанні пары дзясяткаў дэманстрантаў і амапаўцаў на невялікім пляцку кінапавільёна, з наступным збіццём першых. Хаця на справе для многіх людзей (прынамсі, мяне і многіх маіх знаёмых) гэты дзень стаў днём радасці спантаннай салідарнасці, які змяніўся адной з самых глыбокі дэпрэсій у незалежным грамадстве.

Згаданае вышэй адчуванне кінапавільёна, а з ім штучнасці ўсяго сюжэта і дзейства на экране, не пакідае ўвесь час. Менавіта таму, на мой погляд, ці не большасць дыскусій вакол фільма звялася да абмеркавання «а ці так насамрэч у Беларусі, як яно паказана ў фільме?» Усё ад таго, што ніхто не паверыў не столькі фактам у фільме (ніхто ж не думае пра факты, гледзячы захапляльныя гістарычныя фільмы), а самой кінематаграфічнай канве. І таму глядацкі жаль да герояў, а праз іх і да ўсёй беларускай апазіцыі, да якой апелююць аўтары, не ратуе фільм «Жыве Беларусь».

Максім Жбанкоў, журналіст, культуролаг:

«"Жыве Беларусь!" – попс, але няправільны. Бо ўвесь ланцужок падзеяў нагадвае не «Непераможных» ці маладзёвыя рамкамы, а класічныя хронікі пакутаў хрысціянскіх святых — узыходжанне да прасьвятлення. У чым пытанне? У тым, што абраны аўтарамі фармат «глядацкага» кіно з ягонымі простымі схемамі ды наскрозь пралічанай эфэктнай карцінкай працуе насуперак жаданню зрабіць высокую драму.

 

«Жыве Беларусь!» - не проста камерцыйны прадукт. Гэта прадукт са звышмэтай. Адзінае, што ніхто з аўтараў не здольны яе дакладна сфармуляваць.

 

Кажуць — збольшага словамі аднаго са сцэнарыстаў і прамоўтара праекту ў Беларусі Франака Вячоркі — пра неабходнасць прыцягнуць увагу еўрапейцаў да «беларускага пытання». І адначасова — пра неабходнасць выхавання айчыннага глядача. Пра тое, што хацелі зрабіць цікавае якаснае кіно. Пра тое, што хацелі пазначыць поле падставовых праблемаў грамадства. Пра супрацстаяньне лукашысцкай прапагандзе. Пра абуджэнне свядомасці. І так далей — сьпіс можна працягваць.

 

Але ў суме кожным разам размова ідзе пра пэўную «інтэрвенцыю сэнсаў» ў свядомасьць глядача, распаўсюд ды тыражаванне пэўнага сканструяванага светапогляду. А гэта робіць стужку з'явай перадусім не мастацкай, а прапагандысцкай. Пазітыўную рэакцыю ў гэтым кантэксце выклікае тое, што зроблена «правільна», «па-нашаму». А гэта ўжо матывацыя не эстэтычная, а палітычная.

 

Часам нават небездакорны фільм здольныя выратаваць арыгінальны стыль, аўтарскі драйв, ці атракцыйны змест. Аднак візуальны шэраг у Лукашэвіча шаблонна карцінны, амаль «галівудзкі» (асабліва гэта тычыцца мінскіх эпізодаў). Падзеяў няшмат, затое меладраматызм зашкальвае. Парад шакуючых атракцыёнаў разгортваецца па нарастаючай, ператвараючыся ў самадастатковае хорар-шоу з даволі банальным зьместам. Жахі вайсковага побыту пасля FullMetalJacket альбо нават «Ста дзён да загаду» — далёка не навіна. Усё астатняе — таксама.

 

Айчынным «сваім» нічога новага стужка не распавядзе. Айчынныя «чужыя» глядзець яе матывацыяў не маюць. А замежнікі ў чарговы раз атрымаюць наскрозь зацёрты «беларускі трохкутнік»: Чарнобыль, дыктатура, ракенрол.

 

«Жыве Беларусь!» як фільм — па вялікім рахунку, няма там што абараняць. Пасрэднае кіно. А вось як мабільную прэзэнтацыю айчыннай драмы адзначыць можна. Праўда, не ў якасьці мастацкага тэксту. Хутчэй як акт суседзкай салідарнасці. Прома-тур для краіны, пакуль няздольнай самастойна пра сябе распавесьці з еўрапейскіх экранаў».

 

kyky.org