Жыве памяць у яго песнях…

«Больш мая фантазія, чым Еўропа з Азіяй…» Менавіта так, з іроніяй, гаварыў пра сябе вядомы беларускі бард, удзельнік легендарнага гурта «Камэлот», вандроўны дудар Зміцер Сідаровіч. У гэтым годзе яму споўнілася б 50 год.



Пра гэтыя і іншыя акалічнасці жыцця і творчасці выканаўцы ўспаміналі ўсе тыя, хто трапіў на мемарыяльную вечарыну прысвечаную памяці Змітра Сідаровіча, якая прайшла ў сталічнай галерэі «Ў». Тым больш, што нагода для ўспамінаў была важкая: у пачатку гэтага месяца незалежная музычная грамада адзначыла 50-годдзе знанага выканаўцы і кампазітара.

Вядучы гэтай музычнай сустрэчы Васіль Дранько-Майсюк падкрэсліваў, што шматгранная асоба Змітра Сідаровіча быццам бы была спісана з герояў эпічных твораў Уладзіміра Караткевіча. «Многія з іх — мужныя арыстакраты, эфектныя, імпульсіўныя і страшэнна таленавітыя. Такім памятаем мы і Змітра: харызматычным, крэатыўным, яркім музыкантам, сапраўдным сябрам. Я зразумеў, што за вонкавай яго суровасцю, хаваецца вельмі адкрыты, добры і вельмі душэўны чалавек, які заўсёды гатовы дапамагчы. Што ён рабіў не раз. Менавіта ён адкрыў для мяне хараство гука беларускай дуды. Цяпер дуда для мяне — адзначыў Дранько-Майсюк, — самы любімы музычны інструмент!». У пацвержанне гэтых слоў мемарыяльная вечарына ў гонар Змітра Сідаровіча распачалася народнымі мелодыямі, якія на дудзе выканаў Дзяніс Сухі.

Калегі па бардаўскаму цэху ўспаміналі супольныя вандроўкі і канцэрты, у якіх яны гралі разам са Змітром Сідаровічам. Напраклад, бард Андрэй Мельнікаў заўважыў, што Зміцер сваімі песнямі вельмі шмат зрабіў для таго, каб музычнымі сродкамі папулярызаваць сярод моладзі гісторыю роднага края, яго мову, традыцыі і культуру. Песні Сідаровіча будуць спяваць яшчэ доўга. Бо ў іх ёсць патэнцыял і для будучых слухачоў, і для выканаўцаў, якія захочуць іх паўтарыць» — падкрэсліў А.Мельнікаў.

Добрым напамінкам пра ягоную творчасць стала выкананне вядомых песень гурта «Камэлот» і Змітра Сідаровіча краязнаўцам і бардам Аляксеем Галічам. Гарачымі апладыментамі слухачы віталі песні «Тры жалуды», «Краіна талераў», «А дзе ж тыя ваяры…» Як зазначыў Аляксей, гэтыя песні заўсёды былі самым лепшым суправаджэннем для краязнаўчых экскурсій, якія даводзілася яму праводзіць.

Новыя рысы да характару Змітра Сідаровіча дадаў вядомы беларускі актор і тэлевядучы Юры Жыгамонт, які распавеў пра знаёмстваа з музыкантам падчас працы над музычным афармленнем спектакля па п’есе С. Кавалёва «Люстрэка Бландоі», які ставіўся ў тэатры «Вольная сцэна». Тады агульную ўвагу актораў тэатра прыцягнулі не толькі вельмі адпавядаючыя тэме пастаноўкі песні, але і моўная паслядоўнасць Змітра Сідаровіча, які адрынуў прапанову спець тыя ж песні, але на іншай мове: «Мы што, іншапланецяне, жывём не на сваёй зямлі?» — абураўся ён. Гэта якасць Змітра выклікала агульную павагу і запачаткавала наша шматгадовае сяброўства — зазначыў Юры Жыгамонт, які ў памяць пра сябра прачытаў ягоны верш Сідаровіча «Духоўная парада».

sva_m_spam_nam_dzel_cca_televjaduchi_aktor_ju_zhigamont.jpg

Сваімі ўспамінамі дзеліцца тэлевядучы і актор Юры Жыгамонт

Бардаўскую частку вечарыны працягулі і іншыя выканаўцы. Зміцер Бартосік адзначыў універсальную кінематаграфічную фактуру Змітра, які мог прадстаць і ў вобразе высакароднага шляхціча, і рыцара альбо іспанскага гранда. Як кажуць, бяры і здымай! Нажаль, беларускі кінкематограф не скарыстаў такую магчымасць… А завяршыў свае развагі Бартосік песняй на верш Сідаровіча са зборніка «Тры жалуды».

Іншы аўтар і выканаўца Раман Абрамчук нагадаў слухачам пра акалічнасці стварэння саўнд-трэка да каляднага спектакля, які ладзіўся Маладзёжным братствам Трох Віленскіх пакутнікаў. Таксама Раман выканаў з гэтага спектакля кампазіцыю «Млын» аўтарства Сідаровіча.

Вядомы беларускі этнаастраном і бард Цімох Авілін разам з сябрам Паўлам Селівончыкам праспявалі народную мелодыю «Чорная грэчка, белыя крупы», якую прысвяцілі памяці заўчасна пайшоўшага з жыцця барда.

Паэтка і этнакультуролаг Антаніна Хатэнка адзначыла той ўнёсак, які зрабіў Сідаровіч і яго сябры ў найноўшую культуру Беларусі, асабліва, у скаладзе гурта «Камэлот». Сваім аднаймённым вершам паэтка пацвердзіла свае культуралагічныя высновы.

Любоў Сівурава, спявачка і ўдзельніцы фолк-гурта GUDA, нагадала пра тое, што дзякуючы намаганням Змітра Сідаровіча і Таццяны Матафонавай, а таксама іх сыноў Адася і Тамаша, выдадзены на сённяшні дзень лепшы «Дзіцячыя альбомы», па якіх пачынаючыя музыканты і спевакі змогуць пазнаёміцца з пярлінамі нацыянальнага фальклору, самім развучыць іх і выконваць на школьных уроках і пастаноўках… Сама ж спявачка, вельмі артыстычна нагадала «Песню настаўніцы» з «Дзяцічага альбома. Частка ІІ». Дарэчы, пасталеўшы Тамаш парадаваў слухачоў дасканалым выкананнем скрыпічнага канцэрта А.Вівальдзі.

З двух заяўленых у афішы гуртоў «Жаба ў каляіне» і «Аварыйнае выйсце» на сцэну галерэі «Ў» у гэты вечар выйшаў толькі апошні. Музыканты з Мар’інай Горкі скарылі слухачоў сваім мяккім акустычным гучаннем, лірызмам і, адначасова, экспрэсіяй. Прысутныя ў зале галерэі не шкадавалі апладысментаў, калі гучалі такія творы Сідаровіча, як «Ясна Панна», «Пена цёмнага піва», а таксама аўтарская кампазіцыя «Ваўкалак». Што тычыць іранічнага гурта «Жаба ў каляіне», то яго вакаліст і, па сумяшчальніцтву вядучы гэтай мемарыяльнай імпрэзы, Васіль Дранько-Майсюк запэўніў, што гурт яшчэ жыве і, магчыма, у хуткім часе выйдзе на сцэну.

avarijnae_vijsce_gare_za_dva_gurti.jpg

"Аварыйнае выйсце" гаре за два гурты

Вельмі прыемна, што арганізатары гэтай сустрэчы не забыліся запрасіць у галерэю «Ў» паэтку Аксану Спрынчан і барда Яраша Малішэўскага — іцыятараў шанавання памяці Змітра Сідаровіча. Нагадаю, што яшчэ ў 2014 годзе ў межах паэтычнага тэатра Арт.С адбылася першая вечарына ў памяць загінуўшага барда. Спадарыня Аксана падзялілася сваімі ўспамінамі пра ролю Змітра ў нараджэнні іх з Ярашам сям’і, успомніла яго звычкі і стаўленне да жыцця, яго захапленне граннем на дудзе, асабліва над азерамі і рэкамі Беларусі. Таму ў гонар гэтага старажытнага беларускага музычнага інструмента і яе адданага рыцара зайграла дуда Яраша Малішэўскага. Скончыў Яраш сваё прысвечанне старэйшаму сябру і настаўніку песняй на верш Ларысы Геніюш «Нехта ноччу» з праекта «Жыць для Беларусі. Мэлёдыка паэзіі» (2005). Падчас гэтай мемарыяльнай сустрэчы лейтматывам гучала думка, што ідэі і планы Змітра Сідаровіча яшчэ чакаюць свайго ўвасаблення. І беларускія творцы не паінны забывацца на разнастайную творчую спадчыну барда-патрыёта.