30 гадоў таму Лукашэнка пайшоў у вялікую палітыку з «антыкарупцыйным дакладам»

30 гадоў таму, 14 сьнежня 1993 году, дэпутат Вярхоўнага Савета ад Магілёўскай-Шклоўскай выбарчай акругі № 310 Аляксандар Лукашэнка выступіў з дакладам, які ўвайшоў у гісторыю як «антыкарупцыйны», нагадвае «Свабода». Як потым высьветлілася, даклад Лукашэнку пісалі журналісты падкантрольнай Кебічу «Советской Белоруссии».

Дэпутат Аляксандр Лукашэнка ў Авальнай зале Вярхоўнага Савета, 1991 год. Фота «Настоящее время».

Дэпутат Аляксандр Лукашэнка ў Авальнай зале Вярхоўнага Савета, 1991 год. Фота «Настоящее время».

Менавіта гэты даклад (разам з яшчэ адным выступам на наступны дзень) перадвызначыў посьпех Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 года.

Стварэньне «антыкарупцыйнай» камісіі Вярхоўнага Савета было выклікана неабходнасьцю спыніць зрастаньне бізнэсу і дзяржаўнага апарату. Чыноўнікі і дырэктары дзяржпрадпрыемстваў засноўвалі прыватныя фірмы (часам нават не саромеліся рэгістраваць іх не на жонак ды дзяцей, а на саміх сябе), куды рознымі спосабамі перапампоўваліся грошы зь бюджэту.

Простыя людзі гэта бачылі. Бачылі яны і катэджы начальства, якія пачалі будавацца пад Менскам, у абласных і раённых цэнтрах. Па цяперашніх часах гэта даволі сьціплыя дамы (калі ня браць у разьлік іх эклектычную архітэктуру), але на пачатку 90-х, калі сярэдні заробак у 50 даляраў лічыўся вельмі добрым, тое выклікала абурэньне і адчуваньне несправядлівасьці.

Прадказаньне Шушкевіча, якое спраўдзіцца

За стварэньне адмысловай парлямэнцкай камісіі прагаласавала большасьць дэпутатаў: прынцыпова пярэчыць супраць барацьбы з карупцыяй ніхто не адважыўся. Хаця некаторыя і выказвалі сумнеў у эфэктыўнасьці структураў такога кшталту.

На старшыню камісіі быў вылучаны дэпутат Міхаіл Марыніч, але ён зьняў сваю кандыдатуру. Дэпутаты БНФ прапанавалі абраць Сяргея Антончыка, але да галасаваньня па ягонай кандыдатуры справа не дайшла: Анатоль Лябедзька вылучыў Аляксандра Лукашэнку. Старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч актыўна гэта падтрымаў, сказаўшы, што вельмі хоча, каб Лукашэнка стаў «вялікім начальнікам», і паставіў кандыдатуру на галасаваньне (чым, на думку некаторых дэпутатаў, парушыў рэглямэнт ВС).

Словы свае Шушкевіч, бясспрэчна, вымавіў з іроніяй — яму як сьпікеру яўна надакучыў шклоўскі дэпутат, які выходзіў да мікрафона па якім заўгодна пытаньні і звычайна прамаўляў у мэнтарскай танальнасьці. Але Шушкевіч ня мог уявіць, наколькі поўна рэалізуецца ягонае прадказаньне і якога маштабу начальнікам стане Лукашэнка.


Глядзіце таксама

Першая пасьпяховая піяр-акцыя

Антыкарупцыйны выступ Лукашэнкі можна лічыць першай у найноўшай гісторыі Беларусі піяр-акцыяй агульнанацыянальнага маштабу, якая прынесла галоўнаму герою вялікія палітычныя дывідэнды.

Інфармацыйная ж кампанія вакол Лукашэнкі як галоўнага барацьбіта з карупцыяй пачалася практычна адразу пасьля ягонага абраньня старшынём камісіі,— прычым у асноўных дзяржаўных выданьнях, наклад якіх даходзіў да паўмільёна асобнікаў (як у «Советской Белоруссии»). Не адставалі і рэгіянальныя газэты. А на радыё (тады практычна ў кожнай гарадзкой кватэры і ў вясковай хаце было радыё) Лукашэнка атрымліваў найбольш выгодны эфірны час.

У кожным сваім выступе Лукашэнка абяцаў выявіць карупцыйныя схемы, якія цягнуцца ў самыя высокія кабінэты ўлады. Але пры гэтым не прыводзіў ніводнага прозьвішча колькі-небудзь прыкметных дзяржаўных чыноўнікаў. Адметна, што калі Ігар Гермянчук апублікаваў у газэце «Свабода» дакумэнты пра сумнеўныя апэрацыі фірмы, да якіх мела дачыненьне жонка старшыні Саўміну Вячаслава Кебіча (гаворка ішла пра 3 мільёны даляраў), Лукашэнка зрабіў выгляд, што гэтай публікацыі не існавала.

Сваё нежаданьне прыводзіць канкрэтныя прыклады Лукашэнка тлумачыў проста: камісія працуе, неўзабаве ўсё даведаецеся.

У пэўны момант ён пераключыўся на геапалітычную тэму, выступіўшы ў жніўні 1993-га ў маскоўскай газэце «Правда» за аднаўленьне СССР у форме хаця б спачатку аб’яднаньня дзьвюх краінаў — Расеі і Беларусі, што выклікала водпаведзь Васіля Быкава і патрабаваньне Апазыцыі БНФ пазбавіць яго дэпутацкага мандату.

На пачатку лістапада 1993-га справаздача камісіі была ўключаная ў парадак дня сэсіі Вярхоўнага Савета. Лукашэнка адразу папярэдзіў, што спыняць працу камісіі на гэтым не зьбіраецца — нагэтулькі маштабнымі і неверагоднымі, паводле ягоных слоў, былі парушэньні заканадаўства (хаця закону аб барацьбе з карупцыяй яшчэ не існавала).

14 сьнежня 1993 году Авальная заля была запоўненая дэпутатамі, журналістамі,прадстаўнікамі дыпляматычнага корпусу. На патрабаваньне Лукашэнкі была ўключаная жывая тэле- і радыётрансьляцыя: мільёны беларусаў рыхтаваліся нарэшце пачуць выкрыцьці.

Выкрыцьці сапраўды гучалі, і шмат, але ўсе яны тычыліся чыноўнікаў, якія займалі няхай і адказныя, але далёка не галоўныя ў дзяржаве пасады.

Глядзіце таксама

Што зусім ня дзіўна: як потым высьветлілася, даклад Лукашэнку пісалі журналісты падкантрольнай Кебічу «Советской Белоруссии».

Пра гэты даклад Лукашэнкі і ягоны выступ, які адбыўся на наступны дзень, 15 сьнежня, пісалася шмат, чытачы лёгка могуць знайсьці інфармацыю ў сеціве. Абсалютная большасьць абвінавачаньняў не пацьвердзілася — некаторыя былі зьняпраўджаныя ў той жа дзень у выступах фігурантаў дакладу, якія прысутнічалі ў Авальнай залі. Іншыя не пацьвердзіла праверка пракуратуры.

Нагадаем, што найбольшы інфармацыйны ўдар быў нанесены па старшыні Вярхоўнага Савета Станіславу Шушкевічу. Лукашэнка абвінаваціў яго ў тым, што ён рабіў рамонт лецішча з дапамогай будаўніча-рамонтнага ўпраўленьня Саўміну і нібыта не разьлічыўся за выкананыя работы ў поўны аб’ёме.

Літаральна на наступны дзень пасьля выступу Лукашэнкі з будаўніча-рамонтнага ўпраўленьня Савета Міністраў на імя Кебіча паступіла даведка, што Шушкевіч аплаціў рамонт летніка цалкам, ніякай запазычанасьці ў яго перад дзяржавай няма.

Кебіч перадаў гэты дакумэнт Шушкевічу, аднак сам ні слова не сказаў у ягоную абарону на сэсіі.

Празь некалькі дзён даведка была зачытаная на сэсіі Вярхоўнага Савета, але ўжо не ў жывой трансьляцыі. Абвяржэньне пачулі некалькі сотняў чалавек, а вось абвінавачаньне — мільёны.

Глядзіце таксама

Рэйтынг пайшоў угару

Бадай што самым важным фактарам, які паўплываў на шырокі розгалас (а таксама будучыя палітычныя наступствы) дакладу Лукашэнкі было тое, што ён трансьляваўся па тэлебачаньні і радыё на ўсю Беларусь, а затым быў апублікаваны (цалкам ці ў фрагмэнтах) практычна ва ўсіх цэнтральных дзяржаўных газэтах.

Лукашэнка зробіць з гэтага ўрок на будучыню. Калі праз год, у сьнежні 1994-га, дэпутат Апазыцыі БНФ будзе выступаць на сэсіі Вярхоўнага Савета з дакладам пра карупцыю ўжо ў бліжэйшым атачэньні Лукашэнкі, апошні, нягледзячы на рашэньне Вярхоўнага Савета, якое мела сілу закону, забароніць тэле- і радыётрансьляцыю, а газэты выйдуць зь белымі плямамі замест тэксту выступу Антончыка.

Вынікам «антыкарупцыйнага» дакладу для Лукашэнкі быў ягоны рэйтынг, які імгненна пайшоў угару. Тое, што выступ быў пабудаваны на не адпаведных рэальнасьці абвінавачаньнях, мала каго цікавіла.

Глядзіце таксама

Цяжкая цана памылкі

Але ўдзел Лукашэнкі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнцкай кампаніі, на думку некаторых аглядальнікаў, быў бы наўрад ці магчымым, калі б не дапамога іншых дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Сярод іх — Леанід Сініцын, Віктар Шэйман, Іван Ціцянкоў, Анатоль Лябедзька. Але найбольшую ролю тады адыгралі Віктар Ганчар і Дзьмітры Булахаў.

Немалая «заслуга» Ганчара і Булахава ў адстаўцы Шушкевіча (якая была выгадная праімпэрскім сілам), а затым і паніжэньні ўзроставай плянкі для прэзыдэнта (першапачаткова яна была ня 35 гадоў, а 40, і Лукашэнка ў такім выпадку ня меў бы права ўдзельнічаць у выбарах).

Потым зьявіліся розныя тлумачэньні прычынаў, чаму гэтыя дэпутаты падтрымалі Лукашэнку. Але бясспрэчна тое, што яны не маглі ня бачыць сумнеўныя спосабы, якія выкарыстоўваў Лукашэнка супраць сваіх палітычных апанэнтаў. Гэтае нежаданьне ўлічваць асабістыя якасьці Лукашэнкі, якія напоўніцу ва ўсёй непрывабнасьці выявіліся ў ягонай «антыкарупцыйнай» дзейнасьці, некаторым зь ягоных тагачасных паплечнікаў абышліся надта дорага. Ды і ня толькі ім.

Глядзіце таксама