Аляксандр Дабравольскі: «Лукашэнку не патрэбны быў ніякі парламент»

У 1994 годзе пасля свайго абрання прэзідэнтам Аляксандр Лукашэнка сцвярджаў, што Канстытуцыя дае яму «царскія паўнамоцтвы». Аднак праз усяго два гады «царскіх паўнамоцтваў» для яго аказалася недастаткова. 24 лістапада 1996 года адбыўся рэферэндум, які ў першы раз змяніў Асноўны закон Беларусі, і паклаў пачатак існавання той выбарчай і палітычнай сістэмы, якую мы ведаем.

shapka_2.jpg


«Новы Час» згадвае падзеі 1996 года з дэпутатам тагачаснага парламенту — Вярхоўнага Савета 13-га склікання — Аляксандрам Дабравольскім. Менавіта супрацьстаянне парламента і прэзідэнта стала падставай для рэферэндуму-1996.

«Лукашэнку не патрэбны быў ніякі парламент»

«У той час Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра тое, што ў парламент ён не ходзіць, і не толькі ўсяляк трэціраваў Вярхоўны Савет. Ён нават спрабаваў тарпедаваць выбары ў парламент. У выніку вясной 1995 года паўнавартасны склад Вярхоўнага Савета не быў абраны, спатрэбіліся давыбары, якія прайшлі восенню 1995 года. Аднак ужо тады Лукашэнка нават правёў своеасаблівае “развітанне” з дэпутатамі ВС 12 склікання – маўляў, вашы паўнамоцтвы скончаныя, вяртайцеся па дамах. Хоць па законе стары парламент працуе да таго часу, пакуль не будзе абраны паўнавартасны склад новага парламента» — успамінае Дабравольскі.
У выніку выбараў і давыбараў большасць месцаў у Вярхоўным Савеце 13 склікання занялі камуністы і аграрыі — тыя людзі, якія не хацелі канфліктаў з Лукашэнкам. Тым не менш, парламентары прымалі, напрыклад, справаздачу Канстытуцыйнай камісіі аб канстытуцыйнай законнасці ў краіне. Канстытуцыйны суд вызнаў, што 15 указаў Лукашэнкі не адпавядаюць Асноўнаму закону Рэспублікі Беларусь і юрыдычна страчваюць сваю сілу. Аднак Лукашэнка выпусціў распараджэнне, якое вымагала ад мясцовых кіраўнікоў усё роўна выконваць гэтыя ўказы. Гэта распараджэнне было разаслана па мясцовых выканкамах.
Па ўспамінах Дабравольскага, менавіта крок Лукашэнкі па працягу дзеяння неканстытуцыйных указаў падштурхнуў групу дэпутатаў задумацца пра імпічмент. А Лукашэнка, у сваю чаргу, задумаўся аб правядзенні рэферэндуму і змене Канстытуцыі, якая б ператварыла парламент у тое, што мы назіраем цяпер. Па сённяшніх адчуваннях Аляксандра Дабравольскага, пытанне імпічменту Лукашэнкі і пытанне аб змене Канстытуцыі былі паралельнымі працэсамі.

Сцэнары імпічменту



honczar.jpg


«Гарачае» супрацьстаянне Вярхоўнага Савета і Лукашэнкі пачалося тады, калі дэпутаты сабралі подпісы за імпічмент Лукашэнку. Пра гэтыя падзеі «НЧ» шмат распавядаў Міхаіл Пастухоў. Аляксандр Дабравольскі ж прадстаўляў у Канстытуцыйным судзе групу дэпутатаў, якія падпісаліся за імпічмент. Але ён адзначае, што дэпутаты Вярхоўнага Савета займаліся не толькі юрыдычнымі пытаннямі.
«Зразумела, прамога абмеркавання сцэнарыяў змены ўлады з парламенцкай трыбуны не было. Але ў парламенце сапраўды разглядаліся розныя варыянты развіцця падзей. У прыватнасці, вяліся перамовы з сілавікамі, каб яны ў выніку імпічменту заставаліся на баку законнасці. Аднак у той час Лукашэнка ўжо стварыў сваю асаблівую службу аховы — некалькі тысяч чалавек, якія былі апранутыя ў міліцэйскую форму. І, калі ён незаконна зняў з пасады старшыню Цэнтарвыбаркама Віктара Ганчара (здымаць і прызначаць старшыню ЦВК мог выключна парламент), яны ўварваліся ў будынак, схапілі Ганчара, мяне, Паўла Данейку, з якім мы ў той момант былі ў кабінеце Ганчара, і проста вынеслі нас з кабінета» — успамінае палітык.
Потым гэтыя ж людзі нікога не пускалі ў кабінеты ЦВК, якая тады знаходзілася ў будынку на Кастрычніцкай, 5. Дагэтуль у інтэрнэце можна знайсці фота, як маладыя людзі ў скуранках не дазваляюць прайсці ў ЦВК спікеру Вярхоўнага Савета Сямёну Шарэцкаму і генеральнаму пракурору Беларусі Васілю Капітану.

Сямён Шарэцкі

Сямён Шарэцкі

Па ўспамінах Дабравольскага, большасць дэпутатаў актыўна або пасіўна падтрымлівалі імпічмент Лукашэнку. Нават сярод прадстаўнікоў пралукашэнкаўскай фракцыі «Згода» ў парламенце ідэя імпічменту знаходзіла падтрымку. Тым не менш, подпісы за імпічмент паставілі ўсяго 73 народных абранніка.

«Не да законаў» і тады

Потым некаторыя дэпутаты пачалі адклікаць свае подпісы пад заявай аб імпічменце. І рабілася гэта, па ўспамінах Дабравольскага, не толькі з меркантыльных інтарэсаў.
«Так, некага з дэпутатаў банальна перакупілі. Але нам казалі, што ў дэпутатаў пачалі звальняць з працы сваякоў і бацькоў, выключаць з універсітэтаў дзяцей. Да некаторых да вясковага дома пад’язджалі па начах некалькі аўтамабіляў і свяцілі фарамі ў вокны, як бы намякаючы бацькам, каб іх дзіця ў парламенце прыняло “правільнае рашэнне”», — распавядае Дабравольскі.
Вядома, у тым, што некаторыя дэпутаты адклікалі свае подпісы пад імпічментам, і гэты ціск адыграў сваю ролю.
Акрамя таго, шкадуе Аляксандр Дабравольскі, у новым парламенце ўжо не было жорсткай і бескампраміснай фракцыі дэпутатаў БНФ — тых, якія арганізавалі галадоўку супраць змены сімволікі ў папярэднім складзе парламента. «Лукашэнка проста вёў “чорны піяр” супраць тых дэпутатаў і ўсяго БНФ увогуле. У выніку ў Вярхоўным Савеце было некалькі фракцый: камуністы, аграрыі, сацыял-дэмакраты, прапрэзідэнцкая фракцыя “Згода” і нашая, “Грамадзянскае дзеянне”, якую ўзначальваў Станіслаў Багданкевіч. Усе фракцыі, акрамя нашай, па пытанні імпічменту расколваліся прыкладна 50 на 50 — камуністы, аграрыі, сацыял-дэмакраты... А 22 чалавекі нашай фракцыі, якія паслядоўна адстойвалі працэдуру імпічменту — гэта было вельмі мала. Нам вельмі не хапала рашучых дэпутатаў БНФ», — прызнае Дабравольскі.
Але самае галоўнае, лічыць Дабравольскі, тое, што ў 1996 годзе Лукашэнка ўсё ж такі меў падтрымку ў большасці насельніцтва. «Людзі, якія прагаласавалі за яго ў 1994 годзе, спадзяваліся на перамены да лепшага. Яны думалі, што калі Лукашэнку “не перашкаджаць”, то перамены рэальна магчымыя. Яны яшчэ не разумелі, што Лукашэнка іх проста падманвае. Я думаю, што калі тады б большасць людзей зразумела, што іх падманваюць, як яны зразумелі гэта цяпер, і да чаго ўсё ідзе, нам не давялося б жыць так, як мы жывем», — кажа Дабравольскі.

2_461.jpg


Тым не менш, народная падтрымка ў Вярхоўнага Савета 13 склікання таксама была. Па-першае, супрацьстаянне з парламентам ажыццяўлялася «па слядах» маштабных мітынгаў «Мінскай вясны-1996», арганізаваных БНФ. Людзі яшчэ памяталі тую свабоду і той запал, — нават у сітуацыі, калі іх арганізатар і натхняльнік, тагачасны лідар БНФ Зянон Пазняк, ужо вымушаны быў выехаць за мяжу, а на ягоных паплечнікаў — Вячаслава Сіўчыка і Юрыя Хадыку, — былі заведзеныя крымінальныя справы (у той час нават адміністрацыйны арышт на тры-пяць сутак лічыўся па-зверску жорсткім пакараннем). Дарэчы, Сіўчык і Хадыка абвясцілі тады першую палітычную галадоўку ў СІЗА на Валадарскага…
Тым не менш, людзі прыходзілі і да Цэнтарвыбаркаму, калі адтуль вынеслі Ганчара, а потым ішлі да будынку Вярхоўнага Савета на Плошчу Незалежнасці. І ўжо тады на той плошчы перад парламентам з’явіліся начныя пікеты — каб дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13 склікання не «эвакуявалі» з будынка парламента, як годам раней дэпутатаў ВС-12. Людзі стаялі па начах, а днём ля парламента ці не штодзень праходзілі мітынгі ў падтрымку дэпутатаў.
Але парламент гэтай падтрымкай не асабліва скарыстаўся. У асноўным, па словах Дабравольскага, з-за нерашучасці лідараў парламента. «Шарэцкі сам выходзіў да людзей і прасіў іх разысціся: маўляў, і так усё супакоіцца», — успамінае Дабравольскі.

Выратаваць Лукашэнку ад імпічменту

Варта адзначыць, што 2 красавіка 1996 года Лукашэнка падпісаў дагавор аб супольнасці Беларусі і Расіі, які пасля перарос у дагавор аб «Саюзнай дзяржаве» (гэтым, дарэчы, і была ў немалой ступені выклікана «Мінская вясна-1996»). Таму Расія вырашыла паўдзельнічаць ва «ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі».
22 лістапада ў Мінск завітаў «расійскі дэсант»: прыляцелі старшыня Дзярждумы РФ Генадзь Селязнёў, прэм'ер-міністр Расіі Віктар Чарнамырдзін, старшыня Савета Федэрацыі Ягор Строеў. Уначы адбыліся перамовы з удзелам Лукашэнкі і старшыні Вярхоўнага Савета Сямёна Шарэцкага, па выніках якіх было падпісана «Пагадненне аб грамадска-палітычнай сітуацыі і аб канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь».Фактычна, кажа Дабравольскі, гэта была аперацыя па выратаванні Лукашэнкі ад імпічменту. «Яны зрабілі ўсё, каб імпічмент не адбыўся», — адзначае палітык.

Чарнамырдзін. Лукашэнка. Шарэцкі

Чарнамырдзін. Лукашэнка. Шарэцкі

У выпрацаваным з удзелам расійцаў пагадненні, кажа Дабравольскі, не было ані каліва законнасці. Напрыклад, прапаноўвалася, каб новы праект Канстытуцыі распрацоўваўся канстытуцыйнай камісіяй, у якую б уваходзілі 50 чалавек з парламента і 50 чалавек ад Лукашэнкі. І яшчэ аднаго чалавека — старшыню камісіі, — прызначыў Лукашэнка. Пры гэтым менавіта гэтая камісія, у парушэнне законаў Беларусі, прыняла б новы Асноўны закон.
Тым не менш, вынік перамоваў быў такі: рашэнне рэферэндуму па Канстытуцыі носіць «дарадчы» характар, а дэпутаты адклікаюць з Канстытуцыйнага суду справу аб імпічменце.
Потым Віктар Чарнамырдзін казаў, што гэтыя пагадненні былі «размазаныя» беларускім парламентам, і менавіта з гэтай прычыны не спрацавалі. Аднак, па ўспамінах Дабравольскага, гэта быў чарговы «кідок» з боку Лукашэнкі. Таму што супраць пагадненняў нечакана выступіла менавіта прапрэзідэнцкая фракцыя «Згода» на чале з Уладзімірам Канаплёвым. «Я памятаю, як Канаплёў у Авальнай залі размаўляў з кімсьці па тэлефоне і кіраваў фракцыяй, як галасаваць», — кажа Дабравольскі.
Такім чынам, галасамі прапрэзідэнцкай фракцыі начное пагадненне было дэзавуявана, а Лукашэнка заявіў, што, паколькі парламент «размазаў» пагадненні, то пытанне аб Канстытуцыі на рэферэндуме будзе насіць абавязковы характар.
«Тарпедавалі» пагадненне ў парламенце 23 лістапада. На аднаўленне справы аб імпічменце часу не засталося. 24 лістапада прайшоў рэферэндум, вынікі якога лічыла прызначаная Лукашэнкам кіраўніком ЦВК Лідзія Ярмошына.

Урокі гісторыі

Цяпер Лукашэнка задумаў чарговы рэферэндум па Канстытуцыі. Гэта будзе чацвёртая змена Канстытуцыі за час Лукашэнкі — улічваючы, што першую Канстытуцыю 1994 года ён таксама прымаў, будучы парламентарыем. Аляксандр Дабравольскі бачыць у гэтай сітуацыі як магчымасці, так і небяспекі. Аднак у любым выпадку, па яго меркаванні, новая Канстытуцыя працаваць не будзе.


«Гэта як хвароба, як раздваенне асобы. У 1996 годзе была прынятая такая раздвоеная Канстытуцыя — у краіне з’явілася два цэнтры заканадаўчай улады: парламент, які прымае законы, і прэзідэнт, указы і дэкрэты якога роўныя законам. Цяпер Лукашэнка спрабуе стварыць два прадстаўнічыя органы — той жа парламент і Усебеларускі народны сход. І гэта — пры наяўнасці пасады прэзідэнта, якога таксама трэба абіраць. Я баюся, што з наяўнасцю столькіх выбарчых органаў з падобнымі паўнамоцтвамі сістэма проста пойдзе ўразнос, і новая Канстытуцыя проста не будзе працаваць», — кажа Дабравольскі.
Ацэньваючы падзеі 1996 года Дабравольскі ўпэўнены, што тады адбыўся адназначны дзяржаўны пераварот. Ідэя той Канстытуцыі палягала ў тым, каб прыбраць усе абмежаванні ўлады Лукашэнкі. Але гэта быў той выпадак, калі людзі, ашуканыя дэмагогіяй, усё ж такі, на думку Дабравольскага, падтрымалі Лукашэнку. «Як ні круці, але яўка на канстытуцыйнае галасаванне была. Можна спрачацца пра вынікі, ці набраў праект Канстытуцыі 1996 года неабходныя 50% галасоў, але тое, што тады Лукашэнка ўсё-ткі карыстаўся падтрымкай насельніцтва — гэта бясспрэчна», — кажа ён.
Цяпер, на думку палітыка, на падтрымку людзей Лукашэнкі разлічваць ужо не можа. «Усё ж такі грамадзяне Беларусі атрымалі вялікі ўрок і вялікую прышчэпку ад дэмагогіі і хлусні. І цяпер на народную падтрымку разлічваць ён не можа. Сёння Лукашэнка не мае падтрымкі выбаршчыкаў і не можа выйграць ні выбары, ні рэферэндум. Новая Канстытуцыя не будзе прынятая на рэферэндуме. І нават калі яе паспрабуюць увесці ў дзеянне ў выніку фальсіфікацыі шляхам рэпрэсій, яна не будзе працаваць», — адзначае палітык.
І як юрыдычна будзе ацэнены наступны рэферэндум, калі ён увогуле адбудзецца — мы яшчэ даведаемся.