Аляксандр Класкоўскі: «У Лукашэнкі, мусiць, шкрабанула па душы: талібаў паклікалі, а яго — не»

Не трапіўшы ў лік гасцей эканамічнага форуму ў Санкт-Пецярбургу, Аляксандр Лукашэнка працягвае свае ўлюбёныя паездкі па рэгіёнах Беларусі. То на «Белшыне» прымаў новую прадукцыю, шайбы, і глядзеў шыну ў разрэзе, то ацэньваў рапс і азімы ячмень на эксперыментальных палях Шклоўшчыны.

paletki1.jpg

А сёння завітаў на малочна-таварны комплекс у Аршанскім раёне і наклаў персанальную адказнасць за вырошчванне цялят на міністра сельскай гаспадаркі.

Азімы ячмень, рапс, нарыхтоўка кармоў і каровы, якія некалькі гадоў таму каштавалі пасад шэрагу лукашэнкаўскіх чыноўнікаў — поўнае адчуванне дэжавю. Што адбываецца і ці дарэчы сёння такі сельскагаспадарчы піяр?

— Такое ўражанне, што правадыр беларускага палітычнага рэжыму вырашыў проста адпачыць, трошкі расслабіцца. Тым болей што ў Пецярбург на эканамічны форум яго, трэба разумець, не запрасілі, і, напэўна, гэта таксама шкрабанула па душы — талібаў паклікалі, а самага блізкага хаўрусніка — не. Думаю, што, выехаўшы на палеткі, Лукашэнка зведвае псіхалагічную рэлаксацыю,— зазначае ў каментары «Салідарнасці» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. —

Тая ж украінская тэматыка для яго вельмі няўдзячная, асабліва цяпер, калі відавочна, што вайна зацягваецца, і днямі сам Лукашэнка вымушаны быў прызнацца: невядома, чым і калі там усё скончыцца. Таму на гэтую тэму разважаць рызыкоўна.

Мы помнім, калі ён даваў інтэрв’ю Assotiated Press і спрабаваў трошкі манеўраваць, рабіць нейкія меседжы Захаду, то назаўтра ж Крэмль вуснамі прэс-сакратара Пуціна беларускага хаўрусніка завуалявана паставіў на месца.

А вось азімы ячмень, севазварот, угнаенні, палімерная плёнка для травяных кармоў (маўляў, калі не забяспечыце, то скуру спушчу) — гэта ўсё для яго звыклыя матэрыі. Лукашэнка тут сябе лічыць вялікім знаўцам, можа сыпаць спецыяльнай тэрміналогіяй — досвед дырэктара саўгаса адчуваецца.

У полі, на ферме, ён адчувае сябе поўным гаспадаром становішча, адрозна ад сітуацыі, калі расійскія генералы камандуюць на беларускай тэрыторыі і ўвогуле Пуцін спрабуе вырашыць лёс рэгіёна, лёс дачыненняў з Захадам, і ў жорнах гэтай сітуацыі апынуўся рэжым Лукашэнкі.

Там ад яго мала што залежыць. У Кіеве і на Захадзе кажуць пра тое, што ён стаў марыянеткай у руках Пуціна.

Тут жа, на ячменным полі, ён можа ўзяць псіхалагічны рэванш і паказаць сябе — як звычайна, шыхтуе падначаленых, выглядае царом і аракулам — гэта нібыта вяртанне ў сітуацыю да 2020 года.

То-бок, заўважае аналітык, гаворка ідзе не столькі пра піяр, колькі пра псіхалагічны камфорт: на палетках Лукашэнка пачуваецца ў сваёй стыхіі і проста атрымлівае асалоду. Хоць відавочна, па вялікім рахунку, што тут збольшага пацёмкінскія вёскі і манілаўскія пражэкты — напрыклад, як дзякуючы азімаму ячменю зрабіць рэвалюцыю ў сельскай гаспадарцы.

— Акрамя ўсяго, Лукашэнку, мабыць, натхняюць перспектывы сусветнага прадуктовага крызісу, пра які гаворыць ААН. На нейкі час у яго з’явіўся быў нават пробліск надзеі, што можа, здымуць санкцыі, калі ён зладзіць транзіт украінскага збожжа праз Беларусь у Літву, — нагадвае Аляксандр Класкоўскі. — Аднак і Кіеў, і Вільня і некаторыя іншыя гульцы выказаліся супраць, так што гэты шанец, відаць, сплыў.

Але ўсё адно падчас цяперашняй паездкі ён цвердзіць пра тое, што насоўваецца галадуха і мы як буйныя вытворцы сельгаспрадукцыі павінны скарыстацца гэтай сітуацыяй, займець выгаду.

Трэба сказаць, Беларусь сапраўды мае даволі вялікі прадуктовы экспарт, найперш у Расію. І паколькі сама Расія пад санкцыямі, нейкія дадатковыя нішы на яе рынку можна заняць. Але, па вялікім рахунку, гэта не будзе выратаваннем для беларускай эканомікі — мы бачым, што пачалося ўжо даволі значнае падзенне валавога ўнутранага прадукту, і наўрад ці яго пашэнціць спыніць.

Заўважная дэталь цяперашніх паездак па рэгіёнах — напружанасць Лукашэнкі ў стасунках з «простымі людзьмі». Калі раней ён любіў праехацца з трактарыстам ці камбайнерам, паляпаць агранома па плячы, то цяпер і сустрэч з народам значна меней, і блізка дапускаюцца толькі чыноўнікі — нават за стол са шпіцам Умкам саджаюць адно самых правераных.

— Перамена арыентацыі на аўдыторыю была заўважная яшчэ ў 2020 годзе, — гаворыць Аляксандр Класкоўскі. — Можна згадаць, што перад выбарамі, адрозна ад Ціханоўскай, якая збірала шматлюдныя мітынгі нават у малых гарадках, Лукашэнка збіраў чыноўнікаў, ездзіў па вайсковых частках. То-бок, ужо тады ён адчуў зрухі ў масавай свядомасці, падзенне сваёй падтрымкі і рабіў стаўку менавіта на сілавое ўтрыманне ўлады.

Мне здаецца, ад псіхалагічнай траўмы, якую нанеслі яму пратэсты 2020-га, Лукашэнка акрыяць так і не можа дасюль. Заўважце, што ўжо не гучыць гэты рэфрэн «я ўсенародна абраны прэзідэнт», якім ён любіў казыраць.

Таму што была, не пабаюся гэтага слова, гістарычная сцэна на МЗКЦ, калі ён прыехаў па падтрымку «глыбіннага народу», а яму ў твар пачалі крычаць: «Сыходзь!»

Гэта, мяркую, запомнілася яму на ўсё жыццё, і гэта траўма цяпер скоўвае і не дае яму разняволена, у папулісцкім стылі, кантактаваць з так званымі простымі людзьмі. Такіх сустрэчаў цяпер вобмаль, і яны выглядаюць абсалютна ненатуральна, сярод спецыяльна апранутых адабраных людзей, відаць, шмат пераапранутых службістаў…

Таму гэта поўная імітацыя кантакту з насельніцтвам. Напэўна, падсвядома Лукашэнка стаў пазбягаць такіх сустрэч, бо ў яго ёсць адчуванне, што сышла тая народная любоў і яе ўжо ня вернеш.