Аналітык пра санкцыі: У бяспройгрышным становішчы толькі Захад. Для ўсіх астатніх – усё толькі пачынаецца
Якім чынам будуць разгортвацца падзеі пасля ўвядзення ЕС санкцый супраць беларускіх улад і якія высновы можна зрабіць ужо зараз — разважае аналітык Пётр Кузняцоў.
Пра санкцыі ў сеціве вельмі выказваецца шмат меркаванняў, маўляў, яны недастатковыя і слабаватыя. Там, сапраўды, ёсць некалькі момантаў. Напрыклад, дзеючыя кантракты будуць выкананы (значыць, дэ-факта ўздзеянне адкладаецца мінімум на год); па калію – асноўны тавар пад забароны не трапляе; па нафтапрадуктах – ЕС імпартаваць наўпрост не будзе, але велізарны аб'ём гандлюецца праз брытанскіх трэйдараў, ды і праз расійскае пасярэдніцтва можна абыход шукаць.
Увогуле, сярод іншых ёсць меркаванне, што ЕС вельмі ўжо моцна біць не стаў.
Аднак трэба разумець, што як і ад сустрэчы Пуціна з Байдэнам было наіўна чакаць глабальных прарываў, так і ад першых у гісторыі ЕС сектаральных санкцый у дачыненні да еўрапейскай краіны не варта было чакаць, што гэта будзе такі прама ўдар, ад якога ўжо на заўтра «мур рухне». Ідзе палітычны працэс і адказныя людзі і структуры максімальна ўзважваюць рызыкі, шукаюць магчымасць пакінуць адкрытай “фортку" для манеўру і дыялогу, пасылаюць сігналы – увогуле, робяць усё, каб, з аднаго боку, ціснуць, з другога – пастарацца не зрабіць горш.
Вельмі паказальна які хаос прыняцце рашэння справакавала з беларускага боку. Тут і рознагалоссе прапаганды, дзе адны крычаць пра тое, што санкцыі зробяць нас мацнейшымі, а іншыя – пра каласальныя страты; і перавод пад хатні арышт Пратасевіча і Сапега; і абяцанне контрсанкцый; і рыторыка аб ваенным становішчы – чаго толькі няма.
Галоўнае ва ўсім гэтым, відаць, наступнае.
Мітусня выкліканая тым, што ўлады зразумелі – уведзеныя санкцыі не смяротныя, аднак сам факт кажа пра тое, што Еўропа гатовая ісці далей, і там усё можа быць ужо вельмі сур'ёзна. Да гэтага моманту ніхто да канца не верыў, што еўрапейцы вырашацца-такі на сектаральныя, аднак – вырашыліся, таму далей ігнараваць гэтую пагрозу нельга.
Усведамленне перспектывы – у наяўнасці, а вось што з гэтым рабіць, па ўсёй бачнасці, ніхто не ведае. Таму ў ход пайшлі ўсе "нарыхтоўкі", часта ўзаемавыключальнага характару: казаць аб дабратворнасці абмежаванняў і тут жа – аб шкодзе; заяўляць аб бескарыснасці «мовы санкцый” і пасылаць сігнал аб гатоўнасці да гандлю праз кейс Пратасевіча. Увогуле, усё да кучы.
З усяго гэтага хаосу дзеянняў і заяў на дадзены момант можна вылучыць некалькі ключавых рэчаў.
Першае. Становішча вельмі сур'ёзнае, і ўсе гэта выдатна разумеюць. Траплянне пад сектаральныя санкцыі з перспектывай іх узмацнення – гэта дзве вельмі рэальныя пагрозы: унутранага эканамічнага краху і страты падтрымкі апошніх знешнепалітычных саюзнікаў. Гучная заява Кітая аб недапушчальнасці падобных дзеянняў (еўрапейскіх санкцый) – прамы сігнал Еўропе на тое, што закранаюцца і яго, Кітая, інтарэсы. Аднак усе выдатна разумеюць: пры выбары паміж канфрантацыяй з Захадам з-за Беларусі і садзейнічаннем ліквідацыі праблемы ўнутры Беларусі Кітаю будзе больш выгадна выбраць другое. Таму ўзмацненне санкцыйнага ціску для Мінска – недапушчальны сцэнар.
Па-другое. Унутры рэжыму разгубленасць адносна таго, як сябе паводзіць, што гаварыць і рабіць у бліжэйшай будучыні. Ваяўнічая рыторыка суседнічае з “сігнальнымі" дзеяннямі. ЕС прадэманстраваў прынцыповасць і гэта – новая рэальнасць у тым ліку і для беларускіх уладаў.
Трэцяе. Мінск гатовы пачаць гуляць у звыклую гульню – гандаль палітвязнямі і, хоць мы не ведаем дакладна, як гэта ўсё будзе выглядаць у найбліжэйшай будучыні, на гэты момант ніякіх прыкмет таго, што ЕС зноў гатовы "павесціся" на падобнае, не назіраецца.
Чацвертае. Выкананне ўсіх умоў Захаду для Мінска недапушчальна, таму што смерці падобна, а нават частковыя саступкі будуць дэматываваць многіх прыхільнікаў і выканаўцаў. Невыкананне ж будзе развіваць эскалацыю і прыводзіць да ўзмацнення ціску (з адпаведнымі эканамічнымі праблемамі і дэматывацыяй выканаўцаў і прыхільнікаў ужо з другога боку).
Ці можна з гэтага зрабіць нейкую выснову? Пакуль не асабліва – беларускі крызіс унікальны сваёй складанасцю. Хоць адну, напэўна, можна: у абсалютна бяспройгрышным становішчы толькі Захад, у якога дастаткова рэсурсаў, каб кампенсаваць страты. Для ўсіх астатніх – усё яшчэ толькі пачынаецца.