Украіна ўвяла санкцыі супраць ураджэнца Беларусі, які распрацаваў кампаненты віруса Petya
Украіна ўвяла санкцыі ў дачыненні да афіцэра Галоўнага выведвальнага ўпраўлення Генштабу Расіі Юрыя Андрыенкі, якога падазраюць у распрацоўцы кампанентаў вірусу Petya для кібератак інфраструктуры Украіны і шэрагу іншых краін у 2016-2017 гадах, піша Свабода.
Паводле інфармацыі Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, ён з'яўляецца грамадзянінам Расіі і служыць у вайсковай частцы 74455 галоўнага выведвальнага ўпраўлення Генеральнага штабу Расіі, а нарадзіўся ў траўні 1988 года ў Мінску.
У кастрычніку 2020 году Міністэрства юстыцыі ЗША абвінаваціла шасцёх супрацоўнікаў Генштабу Расіі ў мэтавых кібератаках, сярод іх таксама згадвалася прозвішча Юрыя Андрыенкі. Паводле Міністэрства юстыцыі ЗША, гэтыя супрацоўнікі таксама маюць дачыненне да спробаў перашкодзіць аналізу інцыдэнту з атручваннем рэчывам «Новичок» Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі.
Згодна з указам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які ўвёў у дзеянне рашэнне аб санкцыях, Юрыю Андрыенку на тры гады забаронены ўезд на тэрыторыю Украіны, удзел у гандлёвых аперацыях, прыватызацыі прадпрыемстваў, перадача тэхналогій і правоў інтэлектуальнай уласнасці, а таксама заблакаваныя актывы.
Прэзідэнт Украіны таксама падоўжыў санкцыі яшчэ на тры гады ў дачыненні да грамадзянкі Беларусі Дар’і Дземчанкі — заснавальніцы «Расійскага нацыянальнага камерцыйнага банку», якая жыве ў Віцебску, а таксама супраць мінскага ААТ «Свет піва» (яно гандлявала з самаабвешчанай ДНР праз Растоў і фігуравала ў крымінальнай справе, адкрытай супраць аўтара адпаведнай схемы гандлю, грамадзяніна Украіны).
Згодна з дакументам, Мазырскі спіртагарэлачны завод канчаткова выйшаў з-пад санкцый. Усяго ў санкцыйным спісе 312 фізічных і 103 юрыдычныя асобы, у тым ліку расійскія СМІ, авіякампаніі, вайскова-прамысловыя дзяржаўныя прадпрыемствы Расіі, а таксама кампаніі, размешчаныя на тэрыторыі анексаванага Крыму.