Андрэй Саннікаў: Мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за краіну
Сёння патрэбныя рашучыя дзеянні аб'яднанай апазіцыі.
Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў лідар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў.
— У Беларусі выйшла кніга памочніка Лукашэнкі Кірылы Рудога “Фінансавая дыета”. Фактычна ў ёй выкладзеныя многія тэзісы вашай эканамічнай праграмы на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, асабліва ў частцы прыцягнення ў Беларусь сусветных брэндаў і замежных інвестыцый. Чаму ўлады менавіта цяпер наважылі звярнуцца да вашай эканамічнай праграмы?
— “Фінансавая дыета” Рудога — гэта сапраўды знакавая кніга. У ёй досыць адкрыта гаворыцца пра тое, якая мадэль існуе ў Беларусі, і канстатуецца, што яна нежыццяздольная.
Чыноўнікі вымушаныя казаць пра гэта ў мяккіх формах, але ніякая мяккасць не палегчыць жыццё людзей, якое сёння ў Беларусі вельмі цяжкае. У кнізе канстатуецца, што ў краіне існуе “дзяржаўны капіталізм”, які грунтуецца на камандна-адміністрацыйнай сістэме. Зразумела, што гэта шлях не проста тупіковы, але пагібельны для ўсяго беларускага грамадства.
Чаму гэтая кніга выйшла менавіта цяпер? Таму што сітуацыя змянілася, перш за ўсё — сітуацыя на рынку энэрганосьбітаў. Кошт нафты ўпаў у 4 разы, адпаведна ўпалі даходы ад продажу беларускіх нафтапрадуктаў. Сітуацыя ў эканоміцы патрабуе хуткага рэагавання, хуткага пераарыентавання і рэформаў, якія не праводзіліся ў Беларусі ніколі.
Я думаю, што ў нашай краіне ёсць разважлівыя людзі, у тым ліку і ў афіцыйных колах, якія сёння проста б'юць у звон і адкрыта кажуць: выдзіманыя лічбы нікому не патрэбныя — за апошнія пяць гадоў у нас скараціўся УВП і падае ўзровень жыцця.
— Ва ўмовах гэтага эканамічнага крызісу беларуская апазіцыя плануе вясной правесці Кангрэс дэмакратычных сіл. Вы ўваходзіце ў аргкамітэт Кангрэсу. На вашу думку, якія шанцы таго, што апазіцыйныя сілы аб'яднаюцца?
- Хачу сказаць, што ў такіх умовах — эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага крызісу ў Беларусі — дэмакратычныя сілы павінны браць на сябе адказнасць за краіну. Пра гэта мы гаварылі і ў 2010 годзе і гатовыя былі ўзяць на сябе адказнасць, у тым ліку і за эканоміку.
Сёння відавочнае жаданне людзей, жаданне ўсяго грамадства, каб дэмакратычныя сілы аб'ядналіся і супрацьпаставілі згубнаму глупству ўладаў выразную платформу, выразны шлях развіцця Беларусі — і баранілі гэты шлях. Разам з тым мы павінны супрацьстаяць пагрозам незалежнасці краіны.
Тое што робіць цяпер Мікалай Статкевіч, безумоўны лідар аб'яднальных працэсаў, не можа не выклікаць павагі і патрабуе падтрымкі. Таму грамадзянская кампанія “Еўрапейская Беларусь” наважыла падтрымаць такія намаганні.
— Што павінны рабіць беларускія дэмакратычныя палітыкі ва ўмовах сістэмнага крызісу, выкліканага некампетэнтным кіраваннем?
— Сёння трэба дзейнічаць рашуча, каб дэмантаваць гэтую сістэму, што губіць Беларусь. Гэта можна і трэба рабіць аб'яднаўшыся, размаўляючы і знаходзячы сумесныя развязанні як з людзьмі ў Беларусі, так і з нашымі партнёрамі за межамі краіны.
Сёння патрэбныя рашучыя дзеянні. Час для “разгойдвання” і рэфлексіі ўжо прайшоў.
Паводле: Хартыя 97