Калі не Лукашэнка, дык Улаховіч?
Калі пасля сыходу нязменнага аўтарытарнага лідэра ў Беларусі раптам запануе... яшчэ горшы аўтарытарызм, многія скажуць: «Беларусы не саспелі да дэмакратыі».
Людзьмі звацца!
Усё яшчэ даволі цяжка, але не так ужо немагчыма ўявіць, што аднойчы нязменны аўтарытарны лідэр Беларусі пакіне сваю пасаду. У сілу няўмольных біялагічных законаў гэта адбудзецца абавязкова. А
можа і «народ папросіць» вельмі настойліва. Любое цярпенне, нават беларускае, мае мяжу. «Я маўчу, маўчу, трываю, але скора загукаю...», як пісаў
класік.
Пратэстныя раўчукі з розных пакрыўджаных і раззлаваных груп насельніцтва зліюцца ў адну магутную раку. На Плошчу выйдуць сотні тысяч чалавек. Сусветныя медыя перададуць карцінку агромністай
грамады, над якой уперамешку будуць лунаць бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі ЕС. Карэспандэнты, якія спытаюць удзельнікаў, чаго ж яны хочуць, пачуюць у адказ: «Людзьмі звацца!»
Адукаваныя маладзёны распавядуць пра свой еўрапейскі цывілізацыйны выбар. У адрозненне ад мінулых разоў, людзі не разыйдуцца, яны вытрымаюць адзін разгон і другі. Стане зразумела, што аўтарытарызм
прайграе і засталося яму нядоўга.
Улаховіч замест Алексіевіч
Заходні свет прывітае імкненне беларусаў да свабоды. Аналітыкі будуць разважаць, у каго зараз больш шанцаў павесці рэй у палітыцы — у АГП ці БНФ? Магчыма, перад мітынгоўцамі
выступіць Святлана Алексіевіч. Некаторыя эксперты выкажуць думку, што яна мае прэзідэнцкія амбіцыі. На старонках Facebook распачнуцца доўгія і гарачыя дыскусіі, ці вартая яна гэтай высокай
пасады.
Аўтарытарны лідэр бяжыць. У сталіцы масавыя гулянні. Карыстальнікі Facebook радасна віншуюць адзін аднаго, адклаўшы спрэчкі пра Алексіевіч. Гэта заўтра, а сёння — ліберці! Да нас едуць
лідэры заходняга свету, каб павіншаваць з вяртаннем у сям'ю еўрапейскіх народаў.
Калі праходзіць эйфарыя, новым беларускім лідэрам аказваецца... Мікалай Улаховіч. Той самы, атаман «Беларускага казацтва». Падтрыманы БПЦ, КПБ, моладзевым аб'яднаннем
«Русь маладая», шэрагам прарасійскіх рухаў і арганізацый. І першым сваім указам забараняе дзейнасць БНФ, які прыраўнаны да тэрарыстычнай арганізацыі.
Здзіўленне. Шок. Разгубленасць. Такія пачуцці ахопліваюць беларускіх карыстальнікаў Facebook і цывілізаваны свет. Эксперты вымушана, з горыччу канстатуюць: «Мы памыляліся, беларусы не
саспелі да дэмакратыі...»
Фантасмагорыя? На жаль, зусім не.
Цяжкая спадчына
Аўтарытарызм — цяжкая хвароба, і не праходзіць адразу ж з сыходам аўтарытарнага лідэра сам па сабе, асабліва калі ён доўжыўся дзесяцігоддзямі. Шматтысячны натоўп пратэстоўцаў, над якім
луналі дэмакратычныя лозунгі, разыйдзецца пасля перамогі, а застанецца аўтарытарнае грамадства. Не возьмуцца зніадкуль моцныя дэмакратычныя інстытуты і традыцыі. Партыі ў адзін момант не паўстануць з
попелу, у які яны былі ператвораныя за гады аўтарытарызму.
І найбольш арганізаванай сілай, здольнай навязаць грамадству сваю павестку, сапраўды можа аказацца саюз сілавікоў і праваслаўнай царквы, які ўжо дзейнічае ў краіне ў выглядзе
«вайскова-патрыятычных» клубаў. Да яго далучацца камуністы і прарасійскія арганізацыі. Тое, што атрымаецца ў выніку з гэтага сімбіёзу, можа потым прымусіць згадваць часы былога
аўтарытарызму як «блаславёныя».
Дыктатуры спараджаюць бязладдзе
Як гэта адбылося пасля Арабскай вясны. Раскручаная пасля хвалі рэвалюцыяў спіраль гвалту, асабліва жахлівыя злачынствы Ісламскай дзяржавы ў Сірыі, прымусіла многіх думаць, што, можа, зрынутыя
дыктатары былі не такімі ўжо дрэннымі. Не выключана, што арабы маюць паталагічную няздольнасць да дэмакратызацыі. Таму дыктатары былі на сваім месцы, яны стрымлівалі вось гэта ўсё бязладдзе сваёй
моцнай рукой, а мы па сваёй наіўнасці толькі дарма падтрымалі паўстанне супраць іх.
Стрымлівалі бязладдзе? Не, яны стваралі перадумовы для яго. Праязджаючы катком па палітычным полі і грамадзянскай супольнасці, не пакідаючы нічога жывога. Фарміруючы дзяржапарат па прынцыпе
лаяльнасці. Радзімаючы сілавы блок. Падтрымліваючы атмасферу нецярпімасці і непрымірымасці. Узбуджаючы самыя дрымучыя грамадскія настроі. Фліртуючы з найбольш цемрашальскімі
элементамі.
Адзінай краінай, якая здолела пасля Арабскай вясны не пагрузіцца ў грамадзянскую вайну і не скаціцца да новай дыктатуры, стаў Туніс. Аўтарытарны рэжым у якім быў найбольш мягкім і пратрымаўся
менш за астатніх.
У Тунісе існавалі моцныя інстытуты грамадзянскай супольнасці. Квартэт нацыяльнага дыялогу Тунісу, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру ў мінулым годзе за тое, што змог стаць паспяховым
пасярэднікам паміж канфліктуючымі сіламі ў краіне, складаўся з арганізацыяў праваабаронцаў, юрыстаў, прафсаюзнікаў і вытворцаў з прадпрымальнікамі.
Або Асад, або Ісламская дзяржава?
У той час як найбольш моцны, у сэнсе рэпрэсіўнага кантролю над грамадствам, аўтарытарны рэжым, сірыйскі, ужо пяты год вядзе вайну супраць свайго народа. Вайну, у якой загінула, паводле розных
ацэнак, ад 150 да 350 тысяч чалавек, палова насельніцтва краіны сталі бежанцамі, выклікаўшы міграцыйны крызіс у Еўропе.
Пры дапамозе Расіі рэжым Башара Асада спрабуе «прадаць» сябе міжнароднай супольнасці як гаранта навядзення парадку і наогул адзіную цывілізаваную сілу ў Сірыі. Дзеля чаго
расійская авіяцыя ўзмоцнена бамбуе менавіта апазіцыйныя сілы. Каб спрасціць выбар для сусветнай супольнасці: або Асад, або пачварная Ісламская дзяржава.
У сірыйскай вайне наступіў пераломны момант. Апазіцыя апынулася ў вельмі цяжкім становішчы і рызыкуе неўзабаве быць разбітай. У гэтым выпадку Асад атрымлівае моцную палітычную пазіцыю. І можа
быць прызнаны «прымальным» у якасці партнёра. Таму што страшней за Ісламскую дзяржаву нічога быць не можа.
Калі гэта адбудзецца, Асад разам з Пуціным стануць пачэснымі жандарамі, пераможцамі рэвалюцыйнай гідры, якія бязлітаснай рукой навялі парадак.
І ніхто не згадае, як у далёкім 2005 годзе апазіцыйныя сірыйскія партыі, пераважна дэмакратычныя і свецкія, выпусцілі так званую Дамаскую дэкларацыю, якая пачыналася так:
«Манаполія ўладаў на ўсё цягам больш чым трох дзесяцігоддзяў стварыла аўтарытарны, закрыты рэжым. Гэта прывяло да адсутнасці цікавасці да палітыкі ў грамадстве і разарвала сацыяльную
тканіну...»
Падпісанты дэкларацыі, кажучы пра тое, што аўтарытарны рэжым атручвае палітычнае жыццё і небяспечна аслабляе краіну, прапаноўвалі шлях рэформаў, «заснаваны на дыялогу і прызнанні
іншага». Дзеля таго, каб «прадухіліць гвалт у любой форме».
Працытую большы ўрывак з яе, каб было лепш зразумела, якімі былі апаненты Асада адзінаццаць гадоў таму. Да чаго заклікалі, якой карысталіся мовай.
«Ніводная партыя або рух не маюць права на выключную ролю. Ніхто не мае права адштурхоўваць іншага, пераследваць і пазбаўляць права на існаванне, свабоду самавыяўлення і ўдзел ў жыцці
краіны... Прыняцце дэмакратыі, як сістэмы, заснаванай на універсальных каштоўнасцях, прынцыпах свабоды і народаўладдзя, перадачы ўлады шляхам свабодных выбараў, якія дазваляюць людзям кантраляваць
тых, каго яны выбіраюць. Пабудаваць сучасную дзяржаву, заснаваную на плюралізме і законнасці, дзе ўсе грамадзяне маюць аднолькавыя правы, незалежна ад расавай, рэлігійнай, нацыянальнай ці кланавай
прыналежнасці. Зрабіць немагчымым вяртанне да тыраніі ў новых формах...».
Дванаццаць падпісантаў дэкларацыі былі арыштаваныя і кінутыя ў турмы. Асад пісаў заходнім лідэрам з гэтай нагоды, што не трэба драматызаваць, гэта ўсяго толькі дванаццаць чалавек у краіне з
20-мільённым насельніцтвам, мы вучымся дэмакратыі, але не ўсё адразу. У нашых краях яшчэ ня так правы чалавека парушаюцца.
Іншыя падпісанты, з тых, што не былі пасаджаныя ў турмы ці не з'ехалі з краіны, паколькі ніякіх палітычных наступстваў дэкларацыя не мела і займацца ім было больш няма чым, перасварыліся
адзін з адным.
Калі б тады тыя арышты не былі праігнараваныя міжнароднай супольнасцю, магчыма, не было б цяпер вайны, якая пастаянна пагражае перарасці ў сусветную. Але, мабыць, падумалі, што Асад яшчэ не самы
горшы, што такое арышт дванацці чалавек, ну сапраўды.
Праз шэсць гадоў у Сірыі пачаліся масавыя акцыі пратэсту, яшчэ мірныя. Асад, не доўга думаючы, вырашыў адразу пачаць страляць. Калі па табе страляюць, цяжка заставацца мірным. Апазіцыя
радыкалізавалася і ўзяла ў рукі зброю. Сусветная супольнасць выказвала глыбокую занепаконасць, асуджала, і ўсё нешта валаводзіла, пакуль сітуацыяй не скарысталася Ісламская дзяржава. Радыкальная
арганізацыя, якая ў значнай ступені складаецца з былых сілавікоў Садама Хусэйна і джыхадзістаў, якіх сірыйскі рэжым трэніраваў і засылаў у Ірак для барацьбы з амерыканцамі.
Зараз, калі сірыйская апазіцыя амаль разбітая з аднаго боку войскамі Асада пры падтрымцы расійскай авіяцыі, а з іншага — Ісламскай дзяржавай, вядома, узнікае пытанне:
калі не Асад, дык хто?
Элегантная перамога.
Калі не Лукашэнка, дык Улаховіч?
З гісторыі Башара Асада аўтакраты могуць атрымаць такі ўрок: калі паслядоўна і бязлітасна «мачыць» сваіх апанентаў, у рэшце рэшт з іх застанецца толькі самы агідны. На фоне
якога ты сам будзеш выглядаць нішто сабе.
Адпаведна, тыя, хто не зацікаўлены ў існаванні аўтакратаў, мусяць зразумець, што не варта чакаць, пакуль хтосці з іх перадушыць усіх сваіх прыстойных апанентаў, аднаго за адным.
Цверджанне «калі не Лукашэнка, дык Улаховіч» варта крыху змяніць — на «калі Лукашэнка, дык Улаховіч». То бок, калі пакінуць у спакоі аўтарытарны
рэжым, дазволіўшы яму свабодна развівацца згодна з сваімі законамі, у выніку ён абавязкова звыраднее ў нешта яшчэ горшае. І яно можа выпаўзці ўжо з-пад абломкаў аўтарытарызму.