Як чашніцкі чыноўнік скарыстаўся беларускай пасіўнасцю

Гісторыя кіраўніка Чашніцкага райвыканкаму — з хэпі-эндам: чыноўнік сістэматычна збіраў даніну з мясцовых прадпрыемстваў, быў пад следствам, а сёння — падымае адну з сельскіх гаспадарак Меншчыны пад аховаю ўстойлівай айчыннай вертыкалі. “Белсат” шукае бенефецыяраў адсутнасці грамадскага кантролю ўладаў.



21366963.jpg

Нацыянальны карупцыйны скандал разгарэўся ў мястэчку з насельніцтвам менш за 10 тыс. чалавек. Паводле Аляксея Клімовіча са Следчага камітэту, былы старшыня Чашніцкага райвыканкаму Уладзімір Булай займаўся вымагальніцтвам:

“Ён прымушаў прадпрыемствы і арганізацыі перадаваць яму і чальцам ягонай сямʼі матэрыяльныя каштоўнасці ды бясплатна прапаноўваць паслугі”.

З такою фармулёўкаю ў верасні 2015-га яго і арыштавалі.

Пры ўсёй гучнасці затрымання, да суда справа гэтак і не дайшла. А ўжо сёлета ў студзені стала вядома пра новы карʼерны паварот чыноўніка-карупцыянера: Булая прызначылі дырэктарам сельскай гаспадаркі Кляновічы ў Крупскім раёне.

Жыхары Чашнікаў, былой булаеўскай “вотчыны”, у размове з “Белсатам” пытаюцца, ці павінныя казаць пра свайго былога кіраўніка цэнзурна? Людзі лічаць, што прычына ў тым, што законы у Беларусі не працуюць:

“Яны не працуюць у нас паўсюль, таму гэта штатная нармальная сітуацыя”.

Новы паварот у карʼеры Уладзіміра Булая не стаў выключнай сітуацыяй. Толькі за адзін месяц новага году адбылося некалькі заўчасных выхадаў карупцыянераў з турмаў наўпрост у кіроўныя фатэлі.

Так, хабарнік з Баранавіцкага гарвыканкаму — цяпер на чале камбінату хатняе працы. Экс-дырэктару “Магілёўдрэву”, які не адседзеў і траціны з 8-мі гадоў прысуду, цяпер даверылі кіраваць вытворчасцю “Строммашыны”.

Між тым гісторыя кіраўніка Чашніцкай вертыкалі паказальная: чыноўнікі не проста аднаразова бяруць хабары, але і ствараюць доўгатэрміновыя карупцыйныя схемы. Зрэшты, паводле адмыслоўцаў, гэта цалкам упісваецца ў прынцыпы функцыянавання нашай дзяржавы, якая, на думку Мікіты Бяляева з “Ліберальнага клубу” вызначаецца “забюракратызаванасцю, складанасцю адміністратыўных працэдураў, адсутнасцю нейкай легальнай пляцоўкі ўзаемадзеяння паміж бізнесам і дзяржавай, пэўнай закрытасцю сістэмы размеркавання дзяржаўных выдаткаў і размеркавання сродкаў”.

Пытанне — ці хочуць беларусы раскрыцця функцыянавання гэтых схемаў? Ці ў нашай краіне рэальна стварыць эфектыўную грамадскую супольнасць для кантролю за дзеяннямі чыноўнікаў? Эксперты кажуць, што перадумоваў для гэтага на сёння недастаткова:

“З аднаго боку гэта супярэчыць інтарэсам аўтарытарнай дзяржавы, непазбежным атрыбутам якой зʼўляецца закрытасць ад грамадства, з іншага — грамадства занадта пасіўнае», — кажа Леанід Фрыдкін, рэдактар “Эканамічнай газеты”.

У спелым і свядомым грамадстве грамадскі кантроль — ключавы сродак барацьбы з карупцыяй. Але пакуль што браць справу ў свае рукі беларусы не гатовыя. Жыхарка Чашнікаў трапна падсумавала нацыянальны падыход да гэтага пытання: “Ёсць жа хтосьці разумнейшы. Хтосьці гэта вырашае”.

Паводле: Белсат