Праваслаўны святар: сёння мы папросту не маем права паглыбляць нашыя падзяленні
Сустрэча Прадстаяцеля Рымска-Каталіцкай Царквы Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла — падзея гістарычная. Пра гэта ў каментары заявіў настаяцель Пакроўскага праваслаўнага кафедральнага сабору ў Гродне, протаіерэй Георгій Рой.
krynica.info
“У сучасных абставінах, калі ў глабальным кантэксце ўсё глыбей і глыбей узнікаюць палітычныя, сацыяльныя, ідэялагічныя падзяленні, калі губляецца глеба для дыялогу, гэтая сустрэча дае вельмі важны прыклад імкнення да ўзаемапаразумення”, — адзначыў ён.
Паводле яго, гэтая сустрэча ёсць добрым знакам пашырэння дыялогу паміж Каталіцкай Царквой і Рускай Правалаўнай Царквой. “Прадстаяцелі нашых цэркваў даюць прыклад таго, што нашыя ўзаемаадносіны павінны будавацца па прынцыпу братэрскага дыялогу, а не на памкненнях вузкаканфесіянальнага супрацьстаяння і недаверу. У сучасным свеце, які ўжо нярэдка называюць постхрысціянскім, мы папросту не маем права паглыбляць нашыя падзяленні. Дастаткова іх было ў нашай гісторыі. Цяпер патрэбна працаваць на іх паступовае пераадоленне”, — падкрэсліў протаіерэй.
Святар назваў сустрэчу Папы і Патрыярха імпульсам, “які павінен станоўча паўплываць на клімат каталіцка-праваслаўных узаемаадносін у Беларусі”. “Дзякуй Богу, яны і цяпер не вызначаюцца нейкай напружанасцю і мы маем шмат прыкладаў добрага ўзаемадзеяння. Нам патрэбна мэтанакіравана выбудоўваць добрыя ўзаемаадносіны. Канешне, сустрэча прадстаяцеляў не вырашыць усіх праблем, асабліва праблем веравызнаўчага дыялогу, але калі мы можам спакойна і з братэрскай адкрытасцю размаўляць паміж сабою, то, магчыма, Гасподзь дасць убачыць і перспектывы пераадолення веравызнаўчых падзяленняў”, — мяркуе суразмоўца.
Паводле: krynica.info