Адзін дзень у Смаленску
Уражанні з блогу Дзяніса Марціновіча
Уяўленне большасці беларусаў пра жыццё сучаснай Расіі звычайна грунтуецца на ўражаннях ад вандроўкі ў дзве расійскія сталіцы — Маскву і Санкт-Пецярбург. А жыццё ў глыбінцы або нават буйным абласным цэнтры застаецца па-за ўвагай. Дзве паездкі ў Смаленск дапамаглі скласці павярхоўнае ўражанне пра жыццё гэтага горада.
“Еўраопт”ды“Мілавіца”
Смаленск для нас горад не чужы. Шмат хто наогул лічыць яго беларускім. Доўгія гады за панаванне над ім змагаліся Масква і Вільня. Смаленск тройчы знаходзіўся ў складзе ВКЛ (1395 — 1401, 1404 — 1514 і 1611 — 1654), таму зведаў уплыў заходняй культуры. Горад атрымаў Магдэбургскае права, а мясцовае дваранства цягам усяго XVIII стагоддзя называла сябе “шляхецтвам” і брала жонак выключна з Беларусі, а не з Расіі. Акадэмік Яўхім Карскі, які на пачатку ХХ стагоддзя склаў карту беларускіх гаворак, уключаў туды і Смаленшчыну. Не дзіўна, што менавіта ў Смаленску перад Новым 1919-м годам была першы раз абвешчана БССР. Атрымліваецца, горад з пэўнай доляй умоўнасці можна лічыць першай сталіцай гэтай рэспублікі.
Ды і цяпер Беларусь прысутнічае на яго вуліцах. Асаблівае здзіўленне выклікаў знаёмы брэнд “Еўраопт”. Усяго ў Расіі дзейнічаюць пад такой шыльдай 12 магазінаў — у Маскве, Смаленску і Рослаўлі (раённым цэнтры Смаленскай вобласці, адкуль, дарэчы, паходзіць кампазітар Яўген Глебаў). Апроч таго, у 330-тысячным Смаленску працуюць гандлёвы дом “Пінскдрэва”, “Чараўніца” (магазіны беларускай касметыкі ў Смаленску), крама бялізны, у чыёй назве сустрэліся адразу два брэнды — “Milavitsa-SERGE”, “Белвест” ды “Марка”, інтэрнэт-магазін беларускага адзення і сетка магазінаў беларускіх каўбас. Калі меркаваць па водгуках у інтэрнэце, яны маюць добрую рэпутацыю. На гэта робіць акцэнт і рэклама. “Товары из Белоруссии” выклікаюць у спажыўцоў асацыяцыю з якасцю і надзейнасцю.
Але часцей за ўсё ў Смаленску можна ўбачыць машыны з беларускімі нумарамі. Адна з прычын — зручнае геаграфічнае размяшчэнне горада. Напрыклад, адлегласць ад Мінска да Брэста па трасе складае 353 кіламетры, а ад сталіцы Беларусі да Смаленска – усяго 329.
Падарожжа да Смаленска
У свой час, здзяйсняючы падарожжа на турыстычным аўтобусе ў Францыю, пераканаўся: чым далей на захад, тым больш чыстымі становяцца прыбіральні і лепшымі дарогі. Падчас падарожжа ў Расію (гэтым разам на аўтамабілі) бачыш адваротную тэндэнцыю. Дзеля аб’ектыўнасці трэба сказаць, што траса М1, што вядзе з Брэста да Масквы, знаходзіцца ў годным стане. Але асфальт на смаленскіх вуліцах відавочна пакідае жадаць лепшага.
Мяжу мы праходзім хутка. Як памятаюць чытачы, пашпарты там не правяраюць. Але кантроль маецца, хоць і дастаткова выбарачны. Год таму мытнікі спынялі толькі фуры. А вось сёлета тармазнулі звычайную легкавую машыну, што ехала перад намі. Дарэчы, у двух кіламетрах да мяжы з нашага, беларускага, боку мы ўбачылі казіно “Фартуна”. З 2009 года гульнявы бізнес забаронены на большай частцы тэрыторыі Расіі. Як бачна, каб згуляць, нашым суседзям нават не трэба ехаць у Мінск.
Часткі трасы М1, што знаходзяцца на тэрыторыі розных дзяржаў, істотна адрозніваюцца паміж сабой. У Беларусі дзве часткі дарогі падзяляе агароджа, якая не дазваляе выехаць на сустрэчную паласу. Як толькі пераязджаеш мяжу, пачынаецца раздзяляльная зона. Як кажуць у аўташколе, “зона без газона”. Зрэдку сустракаюцца гнуткія слупкі, якімі размячаюць дарогу, каб нібыта дапамагчы размінуцца кіроўцам сустрэчнага руху. Не дай Божа здарыцца пазаштатная сітуацыя, машына можа трапіць на “сустрэчку”.
Клопат пра бяспеку кіроўцаў і пасажыраў праяўляецца і ў маршруце трасы. Яе беларускі ўчастак старанна абыходзіць усе вёскі. За час падарожжа давялося ўбачыць за акном толькі населены пункт Буда. У Расіі траса ідзе выключна праз вёскі. У выніку машыны вымушаны зніжаць хуткасць, а мясцовыя жыхары наўрад ці адчуваюць сябе ўтульна.
Тры з паловай — чатыры гадзіны па трасе М1— і вы ўжо ў горадзе на Дняпры.
Прыгожы горад, ды дурні на дарогах
Смаленск — горад неверагодных кантрастаў. Бадай, самыя яркія ўражанні пакінуў старадаўні Смаленскі крэмль, узведзены яшчэ ў часы Барыса Гадунова, а таксама неверагодныя ўзвышшы. Ходзяць легенды, што горад стаіць на сямі гарах. Нездарма перапады вышыні дасягаюць 90 метраў.
Праўда, прыгажосць прыроды выразна кантрастуе з чысцінёй горада. Апошнім часам па інтэрнэце гуляе багата фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны бруд і нават смецце на вуліцах расійскіх гарадоў. Класічнай антысанітарыі ў Смаленску ўбачыць не давялося. Але кантраст з Беларуссю ўражваў. Непрыбраны снег, неадрамантаваныя фасады дамоў (прычым не ў спальных раёнах, а ў цэнтры), дзе-нідзе смецце. Дзеля аб’ектыўнасці: у параўнанні з мінулым годам горад стаў больш чысты. Але ўсё роўна тая ж Орша (першы беларускі горад, у які трапіў падчас вяртання дадому) здалася ўвасабленнем чысціні, прыбранасці і прыгажосці.
Яшчэ адно расчараванне — выкананне правілаў дарожнага руху. Калі вы лічыце, што ў Беларусі вам хамяць на дарогах, значыць, вы яшчэ не бывалі ў Смаленску. Паездка па тамтэйшых вуліцах — добры тэст на стрэсаўстойлівасць. Вас могуць не прапусціць падчас з’езду з галоўнай вуліцы або распачаць абгоны на перакрыжаванні. Складваецца ўражанне, што кожны рухаецца па правілах, якія ўсталёўвае сам. Галоўны крытэрый — хутчэй даехаць да месца прызначэння.
Параўнаем цэны!
Чаму беларусы так ахвотна прыязджаюць у Смаленск? Дзякуй трэба сказаць крызісу, у які трапілі нашы ўсходнія суседзі. Расійскі рубель хутчэй рэагуе на ваганні цаны нафты і дэвальвуецца хутчэй за беларускі. Таму ў параўнанні з Беларуссю цэны на імпартныя тавары ніжэйшыя.
Прадукты ў Смаленску адназначна больш танныя. Для параўнання я ўзяў кошты ў дзвюх крамах: беларускім “Еўраопце” і смаленскім гіпермаркеце “Лента” — перавёў расійскія рублі ў беларускія. Напрыклад, 1 кг ялавічыны ў мінскім “Еўраопце” каштуе 80,1 тыс., у смаленскай краме “Лента” — усяго 58 тыс. рублёў. Алей у Беларусі можна набыць за 20,9 тыс., у Смаленску — за 16,4 тысячы. 1 кг бульбы адпаведна — 3,7 тыс. і 3 тысячы. Кошт аднаго дзясятка яек аднолькавы: 17 тысяч. А вось 1 кг капусты танней набыць у нас — 4,9 тыс. супраць 6,3 тысячы. Вядома, звычайны чалавек наўрад ці атрымае на розніцы вялікі прыбытак. А вось бізнесмен, які займаецца аптовым гандлем, можа тое-сёе падзарабіць.
Больш выгадна набываць тэхніку. Напрыклад, смартфон Samsung Galaxy A3 (для дзвюх “сімак”) каштуе ў мінскай краме “5-й элемент” 5 мільёнаў рублёў. Праз інтэрнэт-крамы яго можна знайсці па цане 3,8 — 4 мільёны. У Смаленску — 3,5 мільёна. Медыяплеер ICONBIT абыдзецца ў “5-м элементе” ў 1 мільён, у Смаленску — у 654 тысячы. Удакладню, што цану ў Расіі можна дадаткова “збіваць”. Бо ў буйных смаленскіх цэнтрах дзейнічае цікавая акцыя, якая называецца “гарантыя найлепшай цаны” (яе выкарыстоўваюць толькі асобныя беларускія магазіны). Яе прынцып просты. Буйны магазін вывешвае спіс сваіх канкурэнтаў. І аб’яўляе: калі пакупнік знойдзе ў канкурэнтаў тавар па цане ніжэй, чым у іх, дык гэты магазін прадасць тавар па тым жа кошце. Такім чынам, у нас атрымалася сэканоміць да адной тысячы расійскіх рублёў (каля 250 тысяч беларускіх).
Праўда, таннасць часам уплывае на якасць. У новым мабільніку, набытым у буйным гандлёвым цэнтры з чэкам і гарантыяй, мы знайшлі чужыя фотаздымкі. Кампанія добра адзначыла Новы год, а потым вырашыла пазбавіцца ад мабільніка, які быў прададзены як новы.
Як сфармуляваць сваё ўражанне ад вандроўкі ў Смаленск? Нягледзячы на агульнае гістарычнае мінулае, ён вельмі далёкі ад Беларусі (зразумела, не ў плане геаграфіі) і даўно жыве сваім, расійскім, жыццём. Натхніўшыся прыгажосцю смаленскай архітэктуры і падзівіўшыся на менталітэт яго некаторых жыхароў, у чарговы раз пераконваешся: Беларусь куды бліжэй да Еўропы, чым нам з вамі здаецца.
Паводле: martsinovich.of.by