Азбука паліталогіі: Казка пра блуканне ў прасторы і часе

Не ведаю, наколькі папулярны ў наш час занятак — выпілоўванне з фанеры лобзікам, але ў мае школьныя гады праз гэта захапленне прайшла большасць хлапчукоў. А ў гады росквіту НЭПа, паводле «Залатога цяляці» Ільфа і Пятрова, выпілоўванню прысвячалі свой вольны час і сур’ёзныя мужчыны сталага веку.

_belarus_savecki_czas_horad_minsk_fota_novy_czas_logo.jpg

Успомнім каларытнага Пцібурдукова, аднаго з герояў гэтага несмяротнага рамана. Ён сядзеў у сіняй піжаме са шнуркамі насупраць жонкі. Пцібурдукоў «прапускаў праз вусы папяросны дым — і выпілоўваў лобзікам з фанеры цацачную дачную прыбіральню-шпакоўню. Праца была карпатлівая. Неабходна было выпілаваць сценкі, накласці скосы дах, зладзіць унутранае абсталяванне, зашкліць акенца і прымайстраваць да дзвярэй мікраскапічны кручок».
Да чаго гэта я? А да таго, што сёння палітычным лобзікам выпілоўваюць з геапалітычнай прасторы не проста асобную дзяржаву, а саюз дзвюх дзяржаў.
У кожнай з іх за плячыма 1000-гадовая гісторыя, на працягу якой яны то збліжаліся, то разбягаліся па розных цывілізацыйных кватэрах. Але якія б конікі не выкідала гісторыя, уплыў Еўропы на ўнутраныя працэсы з гадамі толькі ўзрастаў.
Зразумела, ён не быў аднародным. На маланаселенай Усходне-Еўрапейскай раўніне дэфіцыт унутраных крыніц развіцця адчуваўся заўсёды. Унутраны дэфіцыт даводзілася кампенсаваць знешнімі запазычаннямі, што ўвесь час прадуцыравала кансерватызм, звязаны з адчуваннем выключнасці, які выступаў у ролі ахоўнай рэакцыі.
Гісторыя краін, якія заснавалі Саюзную дзяржаву, не ў апошнюю чаргу з'яўляецца гісторыяй цыклаў запазычанняў (рэцэпцыі). Вылучу тры.

Візантыйская рэцэпцыя

Усходні варыянт хрысціянства славянам-язычнікам прынеслі не прапаведнікі, а князі. Яны зрабілі хрысціянства сваёй апорай і інструментам кіравання грамадствам і перанеслі візантыйскую ідэю «сімфоніі» царквы і ўлады пры абсалютным дамінаванні дзяржавы.Ідэя «сімфоніі» актуальная і ў XXI стагоддзі, што відаць няўзброеным вокам, асабліва ў дні рэлігійных свят.

Мангольская рэцэпцыя

Наўпрост яе ўплыў на тэрыторыю сучаснай Беларусі быў нязначным, але яна ўзяла сваё праз Расію, што па вушы загразла ў ёй пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе.
Манголы навучылі славян тэхналогіям кіравання вялікімі прасторамі. У адрозненне ад Рыма, яны не спрабавалі дамінаваць над заваяванымі народамі. Манголы рабілі акцэнт на выразнай сістэме сувязі паміж «імперскім цэнтрам» і пунктамі на перыферыі. Сістэма перадачы сігналаў і дэпеш, наяўнасць ганцоў, коней і апорных пунктаў была велізарнай навіной для таго часу.
«Пашыраючы свае ўладанні, манголы не столькі заваёўвалі новыя тэрыторыі для інкарпаравання іх у фармальна адзіную цэнтралізаваную дзяржаву, колькі ўсталёўвалі над імі эфектыўны кантроль з мэтай атрымання даніны і рабоў» (Вячаслаў Іназемцаў, эканаміст).

Еўрапейская (тэхналагічная) рэцэпцыя

Актыўна развярнуўшыся ў Расіі пры Пятры I, яна ў выніку не разбурыла феадальна-абсалютысцкіх парадкаў, а, наадварот, умацавала іх. Па-сутнасці, тэхналагічныя і арганізацыйныя навацыі былі ўспрыняты толькі  абмежаванай часткай грамадства, жорстка аддзеленай ад большасці насельніцтва саслоўнымі перагародкамі.Але як ні старалася ўлада звесці трэцюю рэцэпцыю да завозу імпартнага абсталявання, эканамічнае развіццё перыядычна ўпіралася ў сацыяльна-палітычную архаіку. І каб канчаткова не адстаць ад Захаду, які ішоў наперад сямімільнымі крокамі, паўстала патрэба вызваліць сялян і дапусціць капіталістычныя адносіны. Вынікам рэформаў стала нараджэнне попыту ў насельніцтва на палітычныя свабоды, чаго сістэма вынесці не здолела. У лютым 1917-га яна развалілася, каб праз некалькі месяцаў адрадзіцца зноў.

«...з ганка на двор, а там і за вароты»

У 1990-я гады працэс паўтарыўся. Але, як гаварыў адзін разумны грэк, «нельга двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку». Час завозу новага абсталявання і тэхналогій падышоў да канца, і не таму, што Захад перастаў рабіць вынаходніцтвы. У праблемы — два складнікі. Па-першае, узровень тэхналагічнай культуры сярод родных бяроз і асін не дазваляе капіяваць высокатэхналагічную прадукцыю, аднак не гэта галоўнае. Неабходным наборам кампетэнцый для стварэння поўнага цыкла такой прадукцыі ў нашы дні валодаць немагчыма і нявыгадна.
Возьмем, для прыкладу, расійскі сярэднемагістральны пасажырскі самалёт Sukhoi Superjet 100, які на 70 працэнтаў складаецца з імпартных дэталяў. Такія вялікія працэнты — не нейкі недахоп. Наадварот, чым вышэйшы ўзровень міжнароднай кааперацыі, тым больш шанцаў на поспех праекта, але пры ўмове жадання і ўмення жыць з сусветам мірна. А з мірам, ды яшчэ ў квадраце, пасля 24 лютага 2022 года якраз і паўсталі сур’ёзныя праблемы.
Здавалася б, мы, беларусы — мірныя людзі. Але апошнім часам дзесьці нешта ў нябеснай канцылярыі ўсё часцей не спрацоўвае. У выніку пачынае складвацца ўражанне, што Саюзная дзяржава заблукала не толькі ў геапалітычнай прасторы, але і ў гістарычным часе.


Прыгадаем вынікі галасавання на 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, што адбылося 26 красавіка, за рэзалюцыю ААН, у якой згадвалася агрэсія РФ супраць Украіны. «За» прагаласавалі 122 краіны, у тым ліку Арменія, Казахстан, Грузія, Ізраіль, Індыя, Бразілія і Турцыя. Супраць — толькі пяць дзяржаў: Расія, Беларусь, Сірыя, Нікарагуа і Паўночная Карэя. Устрымаліся ад галасавання 18 дзяржаў — сярод іх Таджыкістан, Узбекістан і Кыргызстан.
І вось як вырабляць пасля такога раскладу геапалітычнага пасьянса рухавікі для Sukhoi Superjet 100 сумесна з французскай кампаніяй «Snecma»?
Для «Боінга» і «Аэробуса» «Snecma» рухавікі выпускае, а для ААТ «Кампанія Сухой» адзін з сусветных лідараў у вытворчасці авіяцыйных рухавікоў абярнуўся калабком. А далей — згодна з класічным тэкстам казкі: «Надакучыла калабку ляжаць — ён і пакаціўся. З вакна — на лаву, з лавы на падлогу — ды да дзвярэй, скок праз парог, у сенцы, з сенцаў — на ганак, з ганка — на двор, а там і за вароты, далей і далей».