Азбука паліталогіі: Логіка гістарычнага працэсу і перспектывы «нашай цывілізацыі»
Лепшага рашэння для ўзвядзення жалезнай заслоны, чым «спецаперацыя», і не прыдумаць. На працягу трох дзесяцігоддзяў яе ўзводзілі знутры. Пасля 24 лютага падключыліся знешнія сілы
«Мой компас, — піша ў тэлеграм-канале расійскі палітолаг Уладзімір Пастухоў, — не надзея, а разуменне логікі гістарычнага працэсу. Яго трэнд не мае альтэрнатывы. У гісторыі няма задняй перадачы. Той, хто думае, нібы на гэтай машыне можна ехаць назад, рызыкуе выявіць, што нечакана трапіў у іншы, зусім не камфортным для яго свет».
Здавалася б, спрачацца тут няма пра што. Але калі здаецца — хрысціцца трэба! 73 гады паслядоўнікі Маркса-Леніна на 1/6 частцы сушы былі ўпэўненыя, што ўхапілі логіку гістарычнага працэсу за бараду. Яны думалі ў катэгорыях класавай барацьбы. Яны будавалі бяскласавае грамадства. Будавалі, будавалі — і нарэшце пабудавалі... грамадства саслоўнае, гэта значыць, па сутнасці сваёй сярэднявечнае.
Разуменне логікі гістарычнага працэсу маецца і ў архітэктараў беларускай мадэлі. Прывяду фрагмент прэс-рэлізу ад 6 чэрвеня, што быў прысвечаны сустрэчы адзінага беларускага палітыка з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам:
— Паверце, праўда на нашым баку. Яна заўсёды мацнейшая. І мы вытрымаем любы ціск на нас, якім бы ён ні быў. Хай у форме бунту або гібрыдных нейкіх войнаў, ці нават гарачых. Мы вытрымаем.— Досвед ёсць вытрымліваць, — пагадзіўся Патрыярх.— Не можа быць планеты без нашай цывілізацыі. Таму, я думаю, Ён (Гасподзь) там глядзіць на нас, напэўна. Дзесьці там паўшчувае, але і падтрымлівае, дапамагае.— Несумненна, — адрэагаваў Патрыярх Кірыл.
Цікава, чаму робіцца выснова, што планета не зможа без нашай цывілізацыі? З чаго гэта вынікае? Без нафты і газу, якія здабываюцца на тэрыторыі РФ, планеце будзе складана. Не выключана, аднак, што распад нашай цывілізацыі дэфіцыт энерганосьбітаў не пагоршыць, а, наадварот, здыме.
Цывілізацыі прыходзяць і сыходзяць. Ад цывілізацыі Старажытнага Егіпта засталіся піраміды. Ад антычнай цывілізацыі — акрамя руінаў Акропаля і Калізея, якія прывабліваюць штогод мільёны турыстаў, — грэчаская філасофія і рымскае права. На гэтым інтэлектуальным субстраце вырасла заходнехрысціянская цывілізацыя.
Цывілізацыі прыходзяць і сыходзяць. Большасць не пакідае пасля сябе нічога, акрамя застылых у камені артэфактаў. Толькі некаторым атрымліваецца спараджаць другасныя цывілізацыі за кошт перадачы культурных каштоўнасцяў, якія прэтэндуюць на статус універсальных.
Сыдзе і наша цывілізацыя. Што ад яе застанецца — акрамя руінаў Палаца Незалежнасці і шматлікіх рэзідэнцый? Наўрад ці ў будучыні хтосьці прад'явіць попыт на галоўны элемент яе культурнага ядра — нічым не абмежаваную ўладу першай асобы.
Добра ўсё тое, што не супярэчыць мэйнстрыму
Для ацэнкі любога факту або працэсу патрэбныя пэўныя крытэрыі. У пошуку крытэрыяў прыйшла аднойчы малеча да бацькі і спытала пра тое, што такое добра і што такое дрэнна.
У свеце традыцыйным, які нам пастаянна ставяць у прыклад, адказ выглядаў бы наступным чынам: «Добра ўсё тое, што адпавядае традыцыі». У розных культурах традыцыі, якія рэгулююць адны і тыя ж грамадскія адносіны, могуць істотна адрознівацца. Напрыклад, мнагажонства. У ісламскай культуры — гэта норма, у хрысціянскай — цяжкі грэх.
Пераход ад традыцыйнага грамадства да грамадства мадэрну запатрабаваў перагледзець адказ на пытанне малечы. У рэдакцыі Новага часу ён выглядае наступным чынам: «Добра ўсё тое, што чалавек робіць за свой кошт, не ствараючы пры гэтым праблем іншым».
Але гэта на побытавым узроўні. Калі ўзняцца над ім, то фармулёўка будзе іншай: «Добра ўсё тое, што не супярэчыць мэйнстрыму». Зрэшты, без тлумачэння тут не абысціся, і для гэтага нам спатрэбіцца вярнуцца да логікі гістарычнага працэсу.
У чым яна? Сутнасць эвалюцыі — у руху ў бок усё большай індывідуалізацыі, што вядзе да паслядоўнага павелічэння ў грамадстве колькасці аўтаномных і самадастатковых асоб. Менавіта такі сацыякультурны тып homo sapiens зрабіў магчымым у XIX стагоддзі пераход ад аграрнай эканомікі да індустрыяльнай, а з другой паловы XX стагоддзя — да постындустрыяльнай.
Сацыякультурныя працэсы ніколі не вызначаліся раўнамернасцю, што спараджала і працягвае спараджаць шматлікія канфлікты. Сутыкненне цывілізацый, апісанае амерыканскім палітолагам Сэмюэлем Ханцінгтанам у 1996 годзе, — толькі адно са спісу.
«У сутнасці, станаўленне чалавечай аўтаномнасці, — тлумачаць расійскія культуролагі Андрэй Пеліпенка і Ігар Якавенка, — ідзе і па гэты дзень. Прынамсі мы можам назіраць ашаламляльную розніцу ў стадыях. Дастаткова звярнуць увагу на людзей, арганічна не здольных выбіраць асновы стратэгіі жыццеўладкавання, мяркуючы, што гэта за іх зробіць нехта іншы: вялікі правадыр, манарх, культурны герой, рэлігійны аўтарытэт або, урэшце, безасабовая традыцыя».
Вынік не прымусіць сябе доўга чакаць
Аўтаномная асоба ў адрозненне ад сваіх сацыякультурных папярэднікаў пастаянна арыентаваная на здзяйсненне выбару. У прыватнасці, не Бог выбірае асобу, а асоба выбірае Бога. Адсюль праблемы, з якімі сутыкаюцца бацькі «дэмакратый з прыметнікамі» (імітацыйная, суверэнная, кіраваная і да таго падобных).
«Асоба не толькі робіць выбар сама, але і не схільная давяраць яго каму б тое ні было. А таксама дэлегаваць гэта права знешнім інстанцыям. Таму асоба ў мінімальнай ступені можа быць аб'ектам сацыяльнай маніпуляцыі і ідэалагічных гіпнозаў» (Андрэй Пеліпенка, Ігар Якавенка).
Аднак вернемся да пачатку артыкула. Пра якую праўду і пра які ціск на яе ішла гаворка ў прэс-рэлізе? Гісторыі пра кансалідаваны Захад, які імкнецца знішчыць канкурэнта ў асобе Саюзнай дзяржавы, па-свойму займальныя. Пад гарэлачку ды селядцы «Маціяс» чаму б і не паслухаць?
Праблема, аднак, у іншым. На кабыле нічым не абмежаванай улады першай асобы ў постындустрыяльны свет не заехаць. Не атрымалася ў СССР. Не атрымаецца і ў яго спадчыннікаў. Застаецца адно — узводзіць жалезную заслону і акуклівацца.
Лепшага рашэння для ўзвядзення жалезнай заслоны, чым «спецаперацыя», і не прыдумаць. На працягу трох дзесяцігоддзяў яе будавалі знутры. Працэс ішоў так-сяк, ні ў печ, ні ў сеч. Але пасля 24 лютага падключыліся знешнія сілы. Вынік не прымусіць сябе доўга чакаць.