Багатае жабрацтва

«Мы не думалі, што Беларусь — такая багатая краіна!» — казалі некаторыя іншаземцы падчас наведвання Еўрапейскіх гульняў. Асабліва тыя, хто здолеў злавіць таксоўку з лагатыпам гульняў і даведаўся, што для іншаземцаў яна — бясплатная. Але нашае багацце заўважнае і так.

Фота www. gorod.lv

Фота www. gorod.lv

Не паспелі скончыцца Еўрагульні — у нас свята 3 ліпеня з танкамі і парадам. Адгрымеў парад — у нас Купалле ў Александрыі. Скончылася Купалле — усе на «Славянскі базар» у Віцебск! Падаецца, мы толькі і робім, што святкуем і радуемся жыццю — сапраўды, як самая багатая краіна ў свеце. А скончыўся «Славянскі базар» — у нас чарговае свята, ужо прафесійнае, для вайскоўцаў.

Вайскоўцы Беларусі і Расіі рыхтуюцца да вучэнняў «Шчыт Саюза — 2019», паведамляюць афіцыйныя СМІ. Прадстаўнікі ўзброеных сілаў дзвюх краін праводзяць сумесную рэкагнасцыроўку ў цэнтры баявой падрыхтоўкі Заходняй ваеннай акругі ўзброеных сілаў Расіі. У ходзе мерапрыемства рабочымі групамі з Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі будзе праведзена ўзгадненне на мясцовасці, а таксама зацвярджэнне задумы практычных дзеянняў. Акрамя таго, будзе ўзгоднены раён размяшчэння войскаў, аб’ём і парадак правядзення мерапрыемстваў тэхнічнага і тылавога забеспячэння.

Беларуска-расійскія ваенныя вучэнні «Шчыт Саюза — 2019» пройдуць увосень на тэрыторыі Расіі. Як заяўляў раней міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў, яны павінны будуць прадэманстраваць эфектыўнасць рэгіянальнай групоўкі войскаў дзвюх дзяржаў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Расія і Беларусь нікому не пагражаюць і імкнуцца захаваць баланс сілаў і парытэт у рамках цяперашняй рэальнасці.

А тым часам грамадства і моладзь усё яшчэ ў шоку ад адмены адтэрміновак ад войска для навучання. І — чарговая спроба суіцыду. Салдат ускрыў сабе вены. Міністэрства абароны заявіла, нібыта гэты салдат «дэманстратыўна» нанёс сабе «драпіны на руках», што не ўяўляюць пагрозы для жыцця. Грозна працытавала артыкул пра наўмыснае нанясенне сабе пашкоджанняў з мэтаю адмовы несці ваенную службу. Але, па-першае, ані слоўцам не заікнулася пра тое, што малады чалавек у шпіталі, — а значыць, ні пра якія «драпіны» размова не ідзе. Па-другое: высекла само сябе, бо артыкул за «наўмыснае нанясенне пашкоджанняў» наўрад ці можа быць прыменены да «драпінаў». А значыць — інцыдэнт быў сур’ёзны.

Не «Шчыт Саюза — 2019» беларускім вайскоўцам трэба праводзіць, а «Шчыт жаўнера». Пакуль у нашым войску не будзе нармальная атмасфера, пакуль людзі не перастануць палохацца службы і «дзедаўшчыны» — ніякія вучэнні не прымусяць іх, у выпадку чаго, абараняць Радзіму. А менавіта дзеля гэтага мы ўтрымліваем войска — з усімі яго паказушнымі парадамі і вучэннямі.

А тым часам нас зноў напаткалі выдаткі — у Беларусі пачалася чарговая «бітва за ўраджай». Паводле дадзеных на 16 ліпеня, збожжавыя і зернебабовыя культуры прыбраныя з 128,4 тысячы гектараў, што складае 5,94% запланаванай плошчы. Ураджай у гэтым годзе чакаецца не самы лепшы — як заўсёды, вінаватае надвор’е.

Дый у прамысловасці справы ідуць не вельмі: яшчэ адно прадпрыемства — ААТ «Рэчыцкі завод “Тэрмапласт”» — падало заяву аб прызнанні яго банкрутам. У апошнія гады прадпрыемства адчувала сур’ёзныя праблемы: па выніках 2018 года выручка ад рэалізацыі склала толькі 79 тысяч рублёў. Пры гэтым неразмеркаваныя страты перавысілі мільён рублёў. Колькасць работнікаў за апошнія сем гадоў скарацілася з 112 да 18 чалавек.

«Тэрмапласт» — гэта адно з найстарэйшых прадпрыемстваў Беларусі, у мінулым годзе адсвяткавала 80-гадовы юбілей. І яшчэ гэта — адно з тых прадпрыемстваў, якое перапрацоўвала былую ва ўжыванні поліэтыленавую плёнку і ПЭТ-тару ў тэхнічныя трубы, што выкарыстоўваюцца для пракладкі сетак гарачага водазабеспячэння і сістэмаў ацяплення. То-бок, «Тэрмапласт» працаваў на экалогію, прыцягнуўшы ў 2007 годзе інвестыцыі з Кітаю.

Падавалася б, такія прадпрыемствы варта падтрымаць. Але ж у нас грошы выдаткоўваюцца на святы, а не на абарону навакольнага асяроддзя.

А вось у Вілейцы бюджэт (каб былі грошы на святы, напэўна?) вырашылі падтрымаць незвычайным спосабам. Там проста зрабілі платным наведванне могілак на аўто! Зараз уезд на могілкі будзе каштаваць 2 рублі 55 капеек, а калі вы ІП і ўсталёўваеце помнік — то аж 51 рубель.

Улічваючы, што для ўсталёўкі помніка трэба ездзіць на месца 3–4 разы — някепская дапамога бюджэту! Дарэчы, уезд грузавога транспарту на могілках у Мінску каштуе 4 рублі.

Але ёсць і тыя, хто клапоціцца пра народ. Міністэрства аховы здароўя на сваёй старонцы ў Фэйсбуку запрасіла народ дасылаць ім інфармацыю, якія лекі людзі закупляюць за мяжой і наколькі там танней. Спецыялісты міністэрства абяцалі правесці аналіз коштаў.

Пад допісам ужо больш за 240 каментараў, што паказвае — лекі ў нашых аптэках занадта дарагія. Кажуць, такі незвычайны крок зроблены для таго, каб знізіць кошты ў нас. Але ёсць асцярога: як бы ў выніку гэтай ініцыятывы не з’явіўся новы спіс прэпаратаў, забароненых для ўвозу з-за мяжы. Бо нешта не верыцца ў тое, што нехта будзе працаваць у шкоду бізнесу.

Ну і яшчэ адна цікавая навіна. Брудную расійскую нафту адпампавалі з Беларусі датэрмінова. «11 ліпеня скончаныя ўсе аперацыі па замяшчэнні некандыцыйнай нафты ў магістральных трубаправодах і рэзервуарным парку на тэрыторыі Беларусі, 12 ліпеня а 13.00 ачышчаны нафтаправод ад мяжы Беларусі да станцыі Унеча ў Расійскай Федэрацыі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы «Гомельтранснафта Дружба». У чэрвені канцэрн «Белнафтахім» казаў, што поўная ачыстка нафтаправода адбудзецца да сярэ­дзіны жніўня 2019 года.

Праўда, яшчэ раней абяцалі, што такія працы павінны прайсці і скончыцца за 5–14 дзён. Але — не здолелі.

Памер шкоды, нанесенай Беларусі, дагэтуль падлічваецца, але папярэдне гэтая сума больш за 150 мільёнаў долараў. Куды пойдуць гэтыя грошы? Зноў нешта адсвяткуем?