Беларусь і Расія дамовіліся аб кошце на газ?
Паводле папярэдняй інфармацыі, Беларусь згодная выплаціць 270 мільёнаў даляраў доўгу ў абмен на аднаўленне паставак нафты.
Вырашыць газавае пытанне бакі спрабуюць з пачатку года. Нагадаем, сутнасць канфлікту заключаецца ў тым, што кошт газу для Беларусі прывязаны да яго кошту ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе (зараз яна складае амаль 150 даляраў за тысячу кубаметраў з улікам нацэнкі), у той час як Беларусь лічыць, што павінна плаціць па еўрапейскіх расцэнках (тады кошт тысячы кубаметраў быў бы роўны 73 далярам). У выніку з пачатку года мы плацім за блакітнае паліва менш за кантрактны кошт. Па падліках Расійскага міністэрства энергетыкі доўг Беларусі за газ за гэты час паспеў дарасці да 270 мільёнаў даляраў. Каб кампенсаваць гэтыя страты, Расея вырашыла скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь (пра тое, што прычына зніжэння паставак крыецца менавіта ў гэтым, у чэрвені заяўляў расейскі віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч). Гэта адчувальны ўдар па беларускім бюджэце: пошліны ад продажу нафтапрадуктаў мы пакідаем сабе і праз зніжэнне паставак сыравіны за адзін толькі трэці квартал года можам недалічыцца 200 мільёнаў даляраў.
Чыноўнікі з абодвух бакоў не раз спрабавалі дамовіцца аб кошце газу, але безвынікова. У чэрвені гэтую тэму закранулі на самым высокім узроўні — на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Аднак зрушыць справу з мёртвай кропкі атрымалася віцэ-прэм'ерам Уладзіміру Мацюшэўскаму і Аркадзю Дварковічу. Па дадзеных Газеты «Камерсант», чыноўнікі абмеркавалі гэтае пытанне на сустрэчы ў панядзелак і прыйшлі да папярэдняй дамоўленасці: у бліжэйшы час Беларусь выплаціць доўг за газ, а Расея, у сваю чаргу, адновіць пастаўкі нафты. Акрамя таго, не выключана, што газ для нас усё ж такі патаннее да 100 даляраў за тысячу кубаметраў. Але Расея будзе гатова пайсці на гэта толькі ў тым выпадку, калі Беларусь пагодзіцца абмеркаваць пытанні некаторых сумесных прадпрыемстваў — напрыклад, МАЗа і КАМАЗа.
Тым не менш афіцыйных пацверджанняў таму, што газавае пытанне вырашана, пакуль няма.
— Перамоўны працэс працягваецца, — растлумачылі ў прэс-службе ўрада.
А на прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў чацвер, генеральны дырэктар кампаніі «Белпалівагаз» (дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне па паліву і газіфікацыі - Рэд.) Леанід Рудзінскі адзначыў, што зрухі ў перамовах ёсць.
Паводле kp.by