Беларускія пілоты хаваюць палёты ў Азербайджан. Як Лукашэнка ўзбройваў рэжым Аліева?
Што са зброі пастаўляў рэжым Лукашэнкі ў Азербайджан? Якія грузы перавозяць беларускія транспартавыя самалёты ў Баку і чаму яны хаваюць свае маршруты?
Азербайджанцы вядуць наступ на пазіцыі армянаў у самаабвешчанай Нагорнакарабахскай рэспубліцы ўжо другі тыдзень. Вайна зацягваецца, і абодвум бакам трэба аднаўляць свае страты. Пакуль вайскоўцы абменьваюцца ўдарамі, кіраўнікі дзяржаваў заяўляюць аб жаданні мірнага ўрэгулявання.
Ільхам Аліеў, прэзідэнт Азербайджану:
«З улікам таго, што цяперашняя пасярэдніцкая місія на працягу 28 гадоў не прывяла ні да якіх вынікаў, а прывяла да таго, што мы маем цяпер, мы павінны сыходзіць з прагматычнага падыходу: хто можа рэальна пазітыўна паўплываць на падзеі ў рэгіёне для зніжэння эскалацыі, для ўстанаўлення трывалага міру, для развіцця супрацоўніцтва. І, вядома, у першую чаргу, я лічу, – гэта Турцыя і Расея».
Арменія, у сваю чаргу, таксама апелюе да міжнароднай супольнасці, у тым ліку і да АДКБ. Аднак, як паказала ранейшая практыка, гэтая арганізацыя ў падобных выпадках дзейнічаць не будзе.
Каментуе Рубэн Мэграб’ян, эксперт армянскага Інстытуту міжнародных адносінаў і бяспекі:
«АДКБ і Еўразійскі саюз існуюць. Але гэта не азначае, што кожная краіна, якая ўваходзіць туды, не працягвае рабіць тое, што адпавядае яе інтарэсам і поглядам на свет. І Лукашэнка не выключэнне».
Кіраўнік Беларусі якраз вядомы сваёй падтрымкай іншага боку канфлікту. Ён падтрымлівае добрыя асабістыя стасункі са сваім азербайджанскім калегам Ільхамам Аліевым. Ды і супраца ў вайсковай галіне ідзе поўнаю хадою – самая грозная зброя Азербайджану мае беларускае паходжанне і завецца рэактыўнай сістэмай залпавага агню «Паланэз».
Каментуе Заур Мамедаў, кіраўнік Бакінскага клубу палітолагаў:
«У свой час Беларусь і Казахстан у рамках ЕАЭС і АДКБ падтрымлівалі Азербайджан. Вядома, у Баку гэта шануюць. Прэзідэнт Азербайджану адзін з першых віншаваў нядаўна Лукашэнку з перамогай. Акрамя гэтага, мы ў Азербайджане вельмі пільна сочым за апошнімі падзеямі ў Беларусі».
І якраз апошнія падзеі ў Беларусі могуць тлумачыць актыўнасць Лукашэнкі ў межах армянска-азербайджанскага канфлікту. Гэтак, кіраўнік Беларусі ўжо паспеў паразмаўляць праз тэлефон з лідарамі абедзвюх краінаў, а таксама некалькі разоў абмеркаваць сітуацыю з Уладзімірам Пуціным. Тлумачэнне тут простае: ва ўмовах жорсткага падзення эканомікі рэжыму адчайна патрабуе фінансавай дапамогі. Таму быў бы зусім не супраць падзяліцца вайсковай прадукцыяй ды тэхналогіямі з бакамі супрацьстаяння.
Працягвае Рубэн Мэграбʼян:
«Не думаю, што калі Арменіі нешта спатрэбіцца і яна за гэта заплаціць агучаную Аляксандрам Лукашэнкам цану, то Лукашэнка адмовіць. Нічога такога няма і ніякія актывы асабліва не патрэбныя».
Аднак актыўнасць Беларусі скіраваная ў іншы бок. Апошні месяц мы маглі заўважыць перамяшчэнне транспартавых самалётаў беларускай кампаніі «Ruby Star», якая займаецца чартарнымі перавозамі, у кірунку Турцыі, Грузіі ды Азербайджану. Адметна, што для некаторых рэйсаў немагчыма дакладна вызначыць, дзе прызямляліся самалёты, бо не было сігналу з транспондзераў. Выглядае, што іх выключалі адмыслова, каб не пакідаць слядоў. Надта важныя маглі быць грузы.
Каментуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін:
«Самае галоўнае, што цяпер цікавіць Баку, – гэта перш за ўсё працаздольнасць сістэмы супрацьпаветранай абароны. Мы для іх мадэрнізавалі С-125, але гэта прыватныя кампаніі. Мы для іх мадэрнізавалі «Бук» разам з украінцамі, рэзка падняўшы баявыя паказнікі гэтай сістэмы. Сродкі радыёэлектроннай барацьбы мы ім паставілі – станцыю РЭБ «Навальніца-6». Ну і цэлы шэраг па дробязях. Усё гэта патрабуе кантролю, абслугоўвання, запасных дэталяў і расходных матэрыялаў».
Да таго ж Беларусь яшчэ раней паставіла ў Азербайджан каля 170 танкаў Т-72, некалькі дзясяткаў самаходныя артылерыйскіх установак «Піён», гаўбіцы Д-30, самалёты Су-25. А гэта ўсё трэба абслугоўваць і даўкамплектоўваць. Якая-ніякая, а капейка ў бюджэт. Ну і Беларусь вельмі цікавіць супраца з найбліжэйшым саюзнікам Азербайджану – Турцыяй. Асабліва ў галінах, на якія асабістую ўвагу апошнім часам звяртаў Лукашэнка: распрацоўка айчынных ракет і баявых беспілотнікаў.
Аляксандр Алесін:
«Практычна ў рэжыме онлайн мы бачым, як беспілотнікі нішчаць цяжкую тэхніку Арменіі. Гэта першае. Значыць, неабходна звярнуць увагу на паскоранае развіццё разведвальна-ўдарных беспілотнікаў. Таму што цяпер ні адзін канфлікт без іх не абыходзіцца. Далей. Трэба звярнуць увагу на сродкі абароны ад беспілотнікаў. Арменія паказала, што яна не можа належным чынам абараніцца ад іх».
У гэтым выпадку Беларусі таксама ёсць што прапанаваць армянам – айчынныя сістэмы радыёэлектроннай бяспекі лічацца аднымі з найлепшых у свеце. І сцэнар пастаўкі такіх комплексаў не выглядае зусім неверагодным. Як і працяг шчыльнай супрацы з Турцыяй на стратэгічных кірунках. Новы твар шматвектарнасці.
belsat.eu