Беларусь — АБСЕ: Падтрыманне міру ці крытыка выбараў?

Доўгатэрміновыя назіральнікі ад АБСЕ маюць прыбыць у Беларусь да канца жніўня.



11899_670x420.jpg

Нягледзячы на крытыку з боку АБСЕ, назіральнікі ад гэтай арганізацыі традыцыйна сочаць за хадою выбарчай кампаніі. І ўдзел Беларусі ў гэтай міжнароднай арганізацыі важны для афіцыйнага Мінска.

Пра гэта на старонках “Belarus Digest” піша аналітык Цэнтра Астрагорскага Рыгор Астапеня.

— Беларусь не належыць ні да Рады Еўропы, ні да Еўразвяза, мае абмежаваныя магчымасці, — адзначае Рыгор Астапеня. — Таму гэта адна з магчымасцяў, каб добра прадставіць Беларусь, паказаць яе адэкватнай суверэннай дзяржавай. Таму ў рамках АБСЕ Беларусь можа мець супрацу і з заходнееўрапейскімі краінамі, і са Злучанымі Штатамі, і з Канадай. І часта Беларусь выкарыстоўвае пляцоўку АБСЕ, калі мае складаныя дачыненні. Напрыклад, з Польшчай Беларусь кантактавала напярэдадні далучэння Польшчы ў НАТА менавіта праз АБСЕ.

На пачатку 90-х у Беларусі былі добрыя дачыненні з АБСЕ, бо яна добра выконвала свае забавязанні па змяншэнні ўзбраення ўнутры дзяржавы. Таксама Беларусь заявіла пра бяз’ядзерны статус. І ў 1992 годзе, як і сёння ў святле падзей ва Украіне, Беларусь ініцыявала стварэнне менскай групы АБСЕ, якая займалася тады медыяцыяй канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам. Таму ў гэтым сэнсе дачыненні ў пачатку 90-х паміж Беларуссю і АБСЕ складваліся вельмі добра. Але яны хутка сапсаваліся з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, калі беларускія ўлады пачалі праводзіць выбары і рэферэндумы, якія не адпавядалі міжнародным дэмакратычным стандартам. І таму ад сярэдзіны 90-х дачыненні паміж АБСЕ і Беларуссю сталі пагаршацца.

— Пачынаючы з 1996 года, ніводныя выбары, на якіх прысутнічалі назіральнікі АБСЕ, не былі прызнаныя дэмакратычнымі. Чаму ж, нягледзячы на папярэднія непрызнанні, у 2015 годзе ўсё роўна заклікаюць місію АБСЕ назіраць за выбарамі ў Беларусі?

— Тут ёсць некалькі рэчаў, якія звязаны з гэтым кантэкстам і не звязаны. З аднаго боку, яны будуць запрашаць іх увесь час, каб паказаць сваю адкрытасць. Таму заўсёды гатовы супрацоўнічаць з АБСЕ. І гэта робіцца як для АБСЕ, так і для ўнутранага рынку, для звычайных беларусаў, каб паказаць, што насамрэч мы хочам супрацоўнічаць з АБСЕ, мы іх увесь час запрашаем, а гэта яны так негатыўна да нас ставяцца. А калі браць пад увагу тое, што палова беларусаў лічыць выбары ў Беларусі дэмакратычнымі, то ў звычайных людзей узнікае шмат пытанняў да АБСЕ: чаму яны не прызнаюць нашых выбараў?

Калі казаць пра сённяшні кантэкст, то сёлетняя беларуская кампанія вельмі сумная. Беларускім уладам не так шмат трэба парушаць. Таму ў гэтым годзе, хутчэй за ўсё, не будзе Плошчы, ва ўлады не будзе патрэбы кагосьці рэпрэсаваць. Дый апазіцыя прымае даволі слабы, абмежаваны ўдзел. Таму беларускія ўлады могуць паказаць сёння “выпраўленне” сітуацыі, таму так хочуць, каб прыехалі прадстаўнікі АБСЕ.

— Сама арганізацыя АБСЕ апошнім часам падпадае пад крытыку з розных бакоў. Доўгі час яе крытыкавала Расія і казала, што гэтая арганізацыя не забяспечвае бяспеку ў Еўропе. Цяпер у звязку з канфліктам на Данбасе Украіна, напрыклад, звінавачвае некаторых назіральнікаў АБСЕ, якія прыехалі па квоце Расеі, у заплюшчванні вачэй на пэўныя парушэнні прарасейскіх баевікоў. І як Вы думаеце, які далейшы лёс гэтай арганізацыі?

— Наўрад ці варта чакаць, што АБСЕ зменіцца ў бліжэйшым часе. Для гэтага няма палітычнай волі. Усе кажуць, што зацікаўлены ў рэфармаванні АБСЕ, але фактычна ніхто не мае агульнага падыходу да таго, як павінна змяніцца АБСЕ. Калі гаварыць пра такія краіны, як Беларусь, то іх асноўныя чаканні — каб АБСЕ менш займалася выбарамі, медыя, правамі чалавека. А для заходніх краінаў — гэта якраз галоўная задача АБСЕ. Таму хуткіх зменаў не будзе.

Нагадаем, арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе была створаная ў 1991 годзе. Гэта найбуйнейшая ў свеце рэгіянальная арганізацыя, якая займаецца пытаннямі бяспекі. Арганізацыя аб’ядноўвае 56 краін, размешчаных у Паўночнай Амерыцы, Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

 Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота osce.org