Без свабоды слова няма свабодных выбараў

У аўторак, 18 жніўня, каля ЦУМа ў цэнтры Мінска каманда прэтэндэнта на кандыдата ў прэзідэнты, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі ў рамках кампаніі па зборы подпісаў за яго вылучэнне зладзіла пікет у падтрымку свабоды слова ў Беларусі. Асноўным месіджам акцыі было тое, што без свабоды сродкаў масавай інфармацыі ў нашай краіне не можа быць і сапраўдных дэмакратычных выбараў.  



“Паглядзеў БТ — пераключы за сабой!”, “Патрабуем свабоды слова!”, “Свабоду журналістам!”, “Хопіць ілжы! Дастала!” — з такімі лозунгамі выйшлі на пікет яго арганізатары ды ўдзельнікі. У імпрэзе бралі ўдзел вядомыя асобы — намесніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва, былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў, маці былога палітвязня Фёдара Мірзаянава Людміла Мірзаянава, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Віктар Карняенка ды іншыя.

Па словах кіраўніка АГП і прэтэндэнта на вышэйшую пасаду ў краіне Анатоля Лябедзькі, мэта акцыі: дэманстрацыя таго, што Беларусь — адна з нямногіх краінаў у Еўропе, дзе няма свабоды слова. “Ёсць запіс у Канстытуцыі, што кожны грамадзянін мае права на свабодны распаўсюд інфармацыі і яе атрыманне. Але тое, што напісана ў Асноўным законе, не ёсць правапрымяняльнай практыкай. На вялікі жаль, мы бачым БТ, якое стала сінонімам слова “хлусня”, мы бачым, што афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі ператварыліся ў прапаганду, і мы бачым, што кавалкі гэтае прапаганды сядзяць у галовах нашых выбаршчыкаў, — адзначыў палітык. — Таму не можа быць свабодных і сумленных выбараў, калі няма свабоды слова. Мы нагадваем людзям, што гэта набытак, якога сёння няма. Ён быў калісьці ў 90-х гадах у Беларусі, і яго трэба вяртаць”.

Лябедзька падкрэсліў, што грамадзянін не можа зрабіць свядомы выбар, калі ў яго няма інфармацыі: “А мы бачым 24 гадзіны за суткі на тэлевізіі адзін твар, адныя вусы”.

    

Лідар АГП прызнаўся, што не чакае кардынальных зменаў сітуацыі пасля гэтага пікету.

“Мы не чакаем, што заўтра нас запросяць у жывы эфір БТ і скажуць, што няхай будзе сапраўдная дыскусія. Але для нас вельмі важна гаварыць пра гэтую праблему. Што істотна не толькі атрымаць кавалак хлеба, але, калі няма свабоды слова, калі чалавек не можа свабодна выказваць свае думкі, калі тромбы перашкаджаюць хадзіць інфармацыі, то, канешне, гэта праблема. Разам з тым, праз вось гэтае мерапрыемства мы хацелі выказаць сваю салідарнасць з журналісцкай супольнасцю, якая знаходзіцца на перадавой, і на сённяшні дзень падчас гэтай кампаніі, я думаю, больш за ўсіх цкавалі і пераследавалі менавіта журналістаў, асабліва журналістаў-фрылансераў. І мы выказваем нашу салідарнасць з гэтымі людзі, таму што гэта якраз укладваецца ў стратэгію мільёна новых працоўных месцаў, бо фрылансер сёння — гэта карыснае працоўнае месца. Яны робяць тое, што не робяць тысячы і тысячы чыноўнікаў у Беларусі”, — перакананы Анатоль Лябедзька. 

Прэс-сакратар АГП Ганна Красуліна агучыла імёны чальцоў медыя-супольнасці, якія апошнім часам падпадалі пад пераслед уладаў за сваю прафесійную дзейнасць. Тым часам, актывісты каманды Лябедзькі збіралі подпісы пад зваротам да ўладаў з патрабаваннем спыніць пераслед незалежных СМІ і асобных журналістаў.