Ініцыятыўная група Лябедзькі першай абвясціла, што не здолее сабраць 100 тысяч подпісаў

Ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, паводле звестак на 17 жніўня, сабрала больш за 50 тысяч подпісаў, паведаміў БелаПАН кіраўнік групы Леў Марголін.



lebedko_sezd_245.jpg

Раней Лябедзька заяўляў, што ў выпадку сваёй рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты ён знімецца з выбараў перад галасаваннем.
"Рэальна сабраць 100 тысяч подпісаў у нас не атрымаецца, могуць быць толькі фантастычныя варыянты. Здаваць подпісы ў выбарчыя камісіі, хутчэй за ўсё, не будзем, звязем у офіс, каб усе маглі пераканацца ў рэальнасці таго, што мы іх сапраўды сабралі, а не "намалявалі", — сказаў Марголін.
Ён сумняваецца ў тым, што астатнія прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта называюць рэальныя лічбы збору подпісаў. "Гэта паказвае настроі ў грамадстве, вынікі працы нашых людзей. Тыя, хто раней збіраў тысячу подпісаў за месяц, цяпер збіраюць 500, хто раней збіраў 500, цяпер збіраюць 200", — адзначыў кіраўнік ініцыятыўнай групы Лябедзькі.
"Людзі страцілі цікавасць да выбараў як да працэсу прыняцця рашэння, — лічыць ён. — Пяць гадоў таму была надзея, што выбары могуць штосьці змяніць, цяпер усе махаюць рукой: маўляў, усё вырашана загадзя. Я зрабіў нескладаны падлік: у цэнтры Барысава за гадзіну міма пікета праходзіць 600 чалавек, подпісы ставяць прыкладна шэсць — гэта 1% ад усіх мінакоў. Безумоўна, хтосьці ходзіць там пастаянна, хтосьці ўжо падпісаўся. Няхай гэта нават будуць 2%. Але ў праекцыі на ўсю краіну гэта прыкладна 140 тысяч выбаршчыкаў. Гэта той патэнцыял людзей, якія яшчэ на штосьці спадзяюцца і ў штосьці вераць".
На думку Марголіна, рэальна подпісы не сабрала нават ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі: "Там, дзе ў нас падпісваецца шэсць чалавек, за Лукашэнку — адзін-два. Яны збіраюць пашпарты на прадпрыемствах, але гэта зусім іншая гісторыя".
Такім чынам, ініцыятыўная група Лябедзькі стала першай, якая заявіла аб тым, што не здолее сабраць неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты 100 тысяч подпісаў.
З вялікай доляй верагоднасці не зможа сабраць 100 тысяч подпісаў і ініцыятыўная група старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргея Калякіна. Паводле звестак на 16 жніўня, ёю сабрана 70 тысяч подпісаў. "Сабраць 30 тысяч за астатнія пяць дзён, напэўна, будзе праблематычна. Хаця, магчыма, не ўсе зборшчыкі подпісаў ужо здалі іх у рэгіянальныя штабы, і таму ў нас не зусім поўныя звесткі", — паведаміў БелаПАН 17 жніўня кіраўнік ініцыятыўнай групы Калякіна Валерый Ухналёў.
На гэты момант аб зборы 100 тысяч подпісаў абвясцілі ініцыятыўныя групы пяці з васьмі прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Гэта групы Аляксандра Лукашэнкі, эканаміста Віктара Цярэшчанкі, старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча, актывісткі кампаніі "Гавары праўду" Таццяны Караткевіч і старшыні Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўнага атамана РГА "Беларускае казацтва" Мікалая Улаховіча.
Беспрацоўная настаўніца з Брэста Жанна Раманоўская пакуль не паведамляла пра колькасць сабраных у яе падтрымку подпісаў.
Збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты пачаўся 23 ліпеня і будзе доўжыцца па 21 жніўня ўключна.
Пятыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаныя на 11 кастрычніка.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН