Беларуская мадэль імітацый

Калі аналізуеш рэальнасць па афіцыйных заявах, неабходна памятаць, што яны амаль не маюць дачынення да таго, што адбываецца на самай справе.



litary_1.gif

З 4 па 7 студзеня ў Мінску прайшоў XI Калядны міжнародны турнір аматараў хакея. Настаўнікі сярэдніх школ прынялі ў турніры самы актыўны ўдзел. Зразумела, у якасці заўзятараў. Зразумела, за адгулы. Здзіўляцца гэтаму не даводзіцца. Такая ў нас традыцыя, ініцыятарам якой у свой час выступіла дзяржава. Яна ж традыцыю і падтрымлівае.

Як вядома, адзіны палітык (АП) пастаянна патрабуе ад чыноўнікаў «уважлівага стаўлення да людзей». Гэта патрабаванне распаўсюджваецца і на чыноўнікаў, якія адказваюць за запаўненне трыбунаў на міжнародных турнірах.

Пра ўзровень іх увагі сведчаць электронныя лісты, атрыманыя дырэктарамі мінскіх школ 5 студзеня. Як аказалася, замест таго, каб актыўна заўзець, «настаўнікі вялі на трыбунах свецкія размовы».

За 2013 год матэрыялаў няма

Імітацыйнасць — адна з базавых характарыстык беларускай мадэлі. Няма такой эканамічнай, сацыяльнай або палітычнай з’явы, якую яе бацькі-заснавальнікі не змаглі б імітаваць. Імітацыя масавай цікавасці да афіцыйных спартовых мерапрыемстваў — гэта дробязі. У эканоміцы імітуецца развіццё, у сацыяльнай сферы — адзінства народа, у палітыцы — дэмакратыя.

Колькасць імітацый спараджае не проста новую якасць. Яна спараджае новую рэальнасць. Як тут не прыгадаць сацыёлага Сімона Кардонскага.

Ёсць рэальнасць, якую дазволена абмяркоўваць публічна. Яе палітычны складнік апісаны ў Канстытуцыі. І ёсць тое, што адбываецца на самай справе.

У гэтай рэальнасці мы маем поўныя трыбуны заўзятараў, прычым не толькі спартыўных, але і электаральных. Колькасць апошніх такая вялікая, што «псіхалагічна не ўспрымаецца». Таму даводзіцца АП перыядычна ўносіць карэкціроўкі, «каб не 93% было, а недзе там 80».

Якая колькасць электаральных заўзятараў на самай справе — пытанне адкрытае. Апытанні НІСЭПД «не могуць даць якасных вынікаў». Такой думкі прытрымліваецца дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра (ІАЦ) Аляксея Дзербін. Чаму не могуць? Дапытлівых адсылаю да студзеньскага інтэрв’ю кіраўніка гэтай аўтарытэтнай структуры. Яно размешчана на сайце БЕЛТА.

Якасныя вынікі дае ІАЦ. Заходжу на сайт. Адкрываю раздзел «Сацыялагічныя даследаванні». Чытаю: «Сёння Цэнтрам вядзецца аналітычная дзейнасць па стратэгічных напрамках дзяржаўнай палітыкі. Да асноўных задач ІАЦ належаць аналіз унутрыпалітычных працэсаў, ацэнка палітычнай сітуацыі ў краіне і падрыхтоўка прапаноў, накіраваных на аптымізацыю ўзаемаадносін паміж дзяржаўнай уладай і грамадствам. Па сутнасці, тэматыка, па якой праводзяцца сацыялагічныя даследаванні, разнастайная і ахоплівае практычна ўсе бакі жыцця беларускага грамадства».

За 2014 знаходжу адзін аналітычны матэрыял: «Медыясфера Беларусі». Гэта да пытання аб разнастайнасці тэматыкі. За 2013 год матэрыялаў няма. Тут без каментараў. За 2012 год — адна салідная справаздача: «Рэспубліка Беларусь у люстэрку сацыялогіі».

Не так і часта! За грошы падаткаплацельшчыкаў, не так і часта! Гледзячы на такую справаздачнасць, пачынаеш разумець актуальнасць дэкрэта №5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікам арганізацый».

Ну, вы ж павінны разумець...

Калі хто-небудзь з чытачоў НЧ спадзяецца ў «люстэрку сацыялогіі» адшукаць інфармацыю аб рэйтынгу АП, то ён будзе расчараваны. Такімі нязначнымі даследаваннямі ІАЦ не займаецца.

Аднак не выключана, што я паспяшаўся з такой высновай, і ўсе патрабаванні службовых інструкцый, супрацоўнікі ІАЦ выконваюць якасна і ў тэрмін. Праблема ж узнікае на стадыі публікацыі.

Растлумачу цытатай з любімага Кардонскага: «...калі я ў нейкім махнатым годзе падрабязна апісаў дзейнасць аднаго сельскага райкама партыі і аднаго сельскага выканкама партыі, то скончылася гэта крымінальнай справай, па якой пасадзілі даволі шмат народу. Такая сацыялагічная выпадковасць: зрабіў справаздачу ў адным экземпляры, гэты асобнік быў выкарыстаны ў рамках палітычнай барацьбы на ўзроўні краю. Значыць, апісанне сістэмы знішчае сістэму».

Што мы маем у рэальнасці, якую дазволена абмяркоўваць публічна? Мы маем адзіны беларускі народ, згуртаваны вакол фігуры нацыянальнага лідара. Ніякіх забаронаў на абмеркаванне такога кшталту згуртаванасці не існуе. Больш за тое, кожны ахвочы мае магчымасць уносіць прапановы па яе ўзмацненні. У гэтым пытанні ў нас поўная дэмакратыя.

Дарэчы, на днях новы старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч такой магчымасцю скарыстаўся. Яго прызначылі. Ён падзякаваў, і тут жа заклікаў дэпутатаў «у гэты важны гістарычны перыяд яшчэ мацней згуртавацца вакол лідара».

Апісанне сістэмы (не ў публічнай рэальнасці, а на самай справе) знішчае сістэму. У ІАЦ гэта выдатна разумеюць і без Кардонскага. Разумеюць гэта і ў Інстытуце сацыялогіі НАН РБ. Таму дазавана публікуюць вынікі даследаванняў. На маё пытанне: «Чаму не публікуеце?», адзін з кіраўнікоў інстытута даў вычарпальны адказ: «Ну, вы ж павінны разумець...» Мне 62 гады. Я разумею.

Забытыя сацабавязальніцтвы

Уменне жыць адначасова ў дзвюх рэальнасцях усмоктваецца савецкім і постсавецкім чалавекам з малаком маці. Інакш прападзеш. Аднак разуменне ўладкавання сапраўднага жыцця ў кожнага з нас абмежавана ўласным гарызонтам. Што датычыцца навуковых ведаў пра сістэму ў цэлым, то яны адсутнічаюць. Сістэма на падсвядомым узроўні блакуе атрыманне такіх ведаў.

Замена кафедраў марксізму-ленінізму на кафедры паліталогіі і сацыялогіі нічога не змяніла. Спытайце любога ўладальніка ўніверсітэцкага дыплома, чаму на першым канстытуцыйным рэферэндуме яўка склала 64%, а на другім — 84%. Адказу не будзе. У рэальнасці, якую дазволена абмяркоўваць публічна, яго і не існуе. Ён з таго свету, які існуе на самай справе.

Але калі веды кіраўнікоў краіны абмяжоўваюцца гэтай рэальнасцю, то яны не толькі не змогуць эфектыўна вырашаць праблемы, яны не змогуць усведамляць іх наяўнасць. Што на практыцы і назіраецца.

Свежы прыклад. Ён звязаны са станоўчым момантам, які АП разглядзеў у цяперашні складаны перыяд: «То, что нам сегодня не надо думать о выработке каких-то новых направлений. У нас перед правительством нет проблемы: а как быть, а как работать? Мы уже все пощупали не просто теоретически, в букварях где-то, в книжках почитали и думаем: подойдет — не подойдет. Мы это на практике проверили. Выбирай сегодня любой инструмент и действуй. Мы знаем, куда идти, как идти, что надо делать в процессе этого пути — все органы власти и управления это знают. И это великое достижение».

Іншых вялікіх дасягненняў, акрамя сакральных ведаў наконт дакладна абранага шляху, у нас няма. Маштабная мадэрнізацыя скончылася маштабнымі стратамі. У 2013-м, афіцыйна абвешчаным у Беларусі Годам беражлівасці, рост інвестыцый у асноўны капітал на 7,4% забяспечыў зніжэнне чыстага прыбытку на 39,4%!

Але хто сёння ўспамінае сацыяльныя абавязацельствы, прынятыя на IV Усебеларускім народным сходзе? Яны выключаныя з публічнай рэальнасці. А тое, што існуе на самай справе, гучна ў нас не абмяркоўваюць.

У кіраўніцтве Расіі здольнасць усведамляць наяўнасць праблем істотна вышэйшая. Як яна рэалізуецца на практыцы — пытанне асобнае. Абмяжуюся адным прыкладам. «Старая энерга-сыравінная мадэль вычарпаная, гэта разумеюць усе, яна не можа даць ні ўстойлівага росту, ні стымулаў для інвестыцый у рэальную вытворчасць. Усё горш яна ўспрымае тэхналагічныя інавацыі, і галоўнае, не забяспечвае стабільнага павышэння ўзроўню жыцця». Гэта сказаў не апазіцыянер Навальны, а Дзмітрый Мядзведзеў на гайдараўскім форуме–2015.

Я начальнік — ты дурань

Мяжа паміж рэальнасцю, якую дазволена абмяркоўваць публічна, і тым, што існуе на самай справе, не з’яўляецца абсалютна непранікальнай. Таму ў публічную прастору пастаянна ўкідваецца інфармацыя, якая з пункту гледжання Канстытуцыі не мае права на існаванне. Нескладана здагадацца, хто выступае ў ролі галоўнага ньюсмейкера.

Ужо першыя працоўныя дні новага года былі адзначаны такімі ўкідамі. Абмяжуюся двума:

«Вы (чальцы ўрада і супрацоўнікі АП) — профессионалы, специалисты, и должны были представить исчерпывающий проект декрета без всякой политики: как на нас посмотрит некая пятая колонна в Беларуси или как российские и другие СМИ нас покритикуют за это. Вопросы политики вы, пожалуйста, адресуйте мне. Я буду принимать решение и учитывать политические нюансы».

«Решения министра должны выполняться немедленно. Любое решение, которое он примет, законно».

Пра што першае сцвярджэнне? Пра манапалізацыю адным чалавекам палітычных правоў у краіне. Такая манапалізацыя існуе з канца 1996-га. Але гэта на самай справе. А ў публічнай рэальнасці? Паспрабуйце адшукаць адпаведны артыкул у Канстытуцыі. Я шукаў. У мяне не атрымалася.

З другім сцвярджэннем не ўсё так проста. Канстытуцыя надзяляе ўрад правам выдаваць часовыя дэкрэты, якія маюць сілу закона. Але, па-першае, яны павінны быць замацаваны подпісам прэм’ер-міністра. Па-другое, быць у трохдзённы тэрмін прадстаўлены для наступнага разгляду Палатай прадстаўнікоў, а потым Саветам Рэспублікі (артыкул 100). Якое ўжо тут «неадкладна»! Якія ўжо тут «любыя рашэнні»!

У праве міністраў прымаць любыя рашэнні, якія маюць сілу закона, лёгка адгадваецца савецкая класіка: «Я начальнік — ты дурань». Далёка не ўсе начальнікі ў СССР былі міністрамі. Але начальнікі на ўсіх узроўнях кіраўнічай іерархіі былі надзелены няпісаным правам (на самай справе) ставіцца да сваіх падначаленых як да дурняў. Любая іерархія фрактальная, г. зн. усе яе ўзроўні валодаюць уласцівасцю самападабенства.