Беларускія бізнэсоўцы на саміце ў Рызе: Трэба забыцца пра палітыку і зарабляць грошы

Афіцыйны Мінск працягвае спробы пазбавіць «Усходняе партнёрства» палітыкі і перавесці яго ў выключна эканамічны фармат.



business_politics.jpg

Усходняе партнёрства — гэта не толькі палітыка, гэта і грошы. І чым больш палітыка краіны адкрытая, тым больш яна здольная зарабіць. Пра гэта казалі ўдзельнікі бізнэс-форуму ў межах рыжскага саміту. Забыцца пра палітыку і зарабляць грошы па-над ёю прапаноўвалі беларускія бізнэсоўцы. 
Бізнэс па-над палітыкай — гэта адна з улюбёных мантраў афіцыйнага Мінску. Пра патрэбу падпарадкаваць эканоміцы і «Усходняе партнёрства» зусім нядаўна на сустрэчы з еўракамісарам Ёганэсам Ганам казаў і аўтар гэтай мантры — Аляксандр Лукашэнка.
На практыцы гэта азначае: мы не спыняем рэпрэсіяў супраць дысідэнтаў, трымаем у турмах палітвязняў, не прымаем прапановаў адносна дэмакратызацыі, а вы, Еўропа, гандлюеце з намі без умоваў і прэтэнзіяў. Але нават калі на хвіліну ўявіць, што Еўропа заплюшчвае вочы на аўтарытарную палітыку кіраўніцтва Беларусі, то бар’ераў для нармальных бізнэс-кантактаў і без таго мора. Гэта бюракратыя і недасканаласць заканадаўства. Бяда ў тым, што гэтага не бачаць самі беларускія прадпрымальнікі, якія прынялі ўдзел у бізнэс-форуме.
«Такіх крытычных рэчаў няма. Мы прыбралі бар’еры на мяжы, мы прыбралі пытанні афармлення транспартных плыняў. Таму я б сказаў, што няма чагосьці, што трэба рэвалюцыйна змяніць. Трэба працаваць, а калі з’яўляюцца нейкія перашкоды, іх трэба ліквідоўваць», — кажа гендырэктар Рэспубліканскага саюзу наймальнікаў Сяргей Жарнікаў.
Але цяжка пазбывацца перашкодаў, калі ты іх не заўважаеш альбо свядома ігнаруеш. У Беларусі да сённяшняга дня няма базавага гандлёвага пагаднення з Еўрасаюзам.
«Дасюль паміж Беларуссю і ЕС адносіны рэгулююцца даўнейшым савецкім з 1989 года пагадненнем пра гандаль.Гэта ўвогуле выглядае нонсенсам», —   адзначае аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Андрэй Елісееў.
Усе астатнія краіны «Усходняга партнёрства» маюць прынамсі базавае пагадненне пра супрацоўніцтва. Грузія, Малдова і Украіна ўжо ўніфікоўваюць свае законы з еўрапейскімі і знішчаюць апошнія бар’еры ў бізнэсовых кантактах з Еўропаю ды, зразумела, зарабляюць на гэтым.
Прытым, што сярод усіх краінаў «Усходняга партнёрства» ў Беларусі самая нізкая эфектыўнасць засваення дапамогі Еўразвязу, у 2006-2012 гадах наша краіна атрымала ад Еўразвязу ажно $ 755 млн дапамогі. Да 2020 года на сацыяльныя, экалагічныя і іншыя праекты Мінск атрымае чарговыя сотні мільёнаў. Гэтая сума магла б быць значна большай. Для гэтага трэба зменшыць колькасць узгадняльных органаў, антызаходнія настроі чыноўнікаў і вялікую бюракратыю.
belsat.eu