Макей: Лукашэнка не прыехаў у Рыгу, бо ў яго шмат спраў у Беларусі
Аляксандр Лукашэнка не прыехаў на саміт Усходняга партнёрства ў Рызе, таму што ў яго шмат спраў у Беларусі, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, адказваючы на пытанні журналістаў па выніках саміту 22 мая.
«Вельмі шмат спраў у Беларусі ў яго, — сказаў Макей. — Вось сёння, напрыклад, з'езд прафсаюзаў вельмі важны. Гэта развіццё грамадзянскай супольнасці, дарэчы.
Прэзідэнт там выступаў з прамовай. Таму ён упаўнаважыў мяне ў якасці кіраўніка беларускай дэлегацыі ўдзельнічаць у гэтым саміце».
Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка занесены ў спіс асобаў, якіх ЕС лічыць вінаватымі ў парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, яму забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС.
На пытанне, ці абмяркоўвалася сёння на саміце пытанне зняцця візавых санкцый з беларускіх чыноўнікаў, Макей адказаў: «Мы абмяркоўваем усе пытанні з нашымі еўрапейскімі калегамі. Больш
за тое, я скажу, што сёння нават міністры некаторых краін, якія заўсёды вельмі стрымана ставяцца да Беларусі, праявілі ініцыятыву адносна сустрэчы са мной. І ў нас адбылася з імі вельмі плённая
канструктыўная размова».
Пры гэтым Макей заўважыў, што пакуль не можа назваць імёны гэтых міністраў.
БелаПАН