У Еўропу на вучэнні прыехала 3500 амерыканскіх салдат. Хутка прыедзе яшчэ 13,5 тысяч
Пра гэта падчас сённяшняга тэлефоннага брыфінгу заявіў намеснік камандуючага сухапутных войскаў ЗША ў Еўропе генерал-маёр Эндру Ролінг.
Салдатаў прывезлі пятнаццаць паветраных місій, агулам такіх місій будзе дваццаць сем. Каля 7-10 тыс салдат будуць знаходзіцца непасрэдна на тэрыторыі Польшчы.
Генерал-маёр распавёў, што арганізатары вучэнняў «Абаронцы — 2020» пільна сочаць за сітуацыяй з каронавірусам. На дадзены момант прыкмет віруса не назіраецца як сярод амерыканскіх вайскоўцаў, якія прыбываюць на вучэнні, так і сярод цывільных. Нагадаем, сёння ў Польшчы быў зафіксаваны першы выпадак каронавірусу, а ў Германіі — лагістычным цэнтры вучэнняў — хворых на каронавірус ужо 240 чалавек.
Эндру Ролінг нагадаў, што манеўры «Абаронцы — 2020» — вучэнні не толькі ЗША, але і еўрапейскіх партнёраў, і мэта іх — умець даваць хуткі адказ на магчымыя крызісы: «Вучэнні скіраваныя на стратэгічную гатоўнасць Злучаных Штатаў і іх саюзнікаў перабрацца са Злучаных Штатаў у Еўропу, каб супрацьстаяць звычайным крызісам». Генерал-маёр апавёў, што ў 2028 годзе ў Нямеччыне пройдуць вучэнні на ўзроўні дывізій, і там вайскоўцаў будуць вучыць супрацьстаянню іншым відам крызісаў накшталт гібрыднай вайны ва Украіне.
Адказваючы на пытанне расійскага «Інтэрфакса», генерал-маёр пацьвердзіў, што расійскія назіральнікі маюць магчымасць прысутнічаць на вучэннях, каб пераканацца ў іх абарончым характары: «Мы накіравалі адпаведныя паведамленні адпаведна Венскаму дакументу ў лістападзе 2018 года і яшчэ раз у лістападзе 2019 года ўсім 57 краінам-удзельніцам у рамках Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, у тым ліку Расійскай Федэрацыі. І таму для забеспячэння максімальнай празрыстасці прымаючыя краіны могуць запрашаць прадстаўнікоў АБСЕ для ўдзелу ў назіраннях за вучэннямі і пацвярджэння іх абарончага характару. Армія Злучаных Штатаў не будзе запрашаць расійскіх назіральнікаў на тэрыторыю любой іншай краіны знаходжання. Такая роля кожнай асобнай краіны, якая ўдзельнічае ў запрашэнні любых расійскіх назіральнікаў, але мы былі дастаткова адкрытыя і празрыстыя ў гэтым».
Манеўры NАТО «Абаронцы — 2020» (Defender — 2020) з'яўляюцца буйнейшымі вучэннямі альянса за апошнія 25 гадоў. Мэта вучэнняў «Defender — 2020» — адпрацаваць аператыўную пераброску амерыканскіх войскаў ва Усходнюю Еўропу.
У манеўрах, якія будуць працягвацца каля 5 месяцаў, будуць задзейнічаны да 20 тысяч салдат і афіцэраў ЗША, а таксама 13 тысяч адзінак ваеннай тэхнікі. Усяго ў вучэннях прымуць удзел каля 37 тысяч салдат з 19 краін. Лагістычным цэнтрам пераброскі ваеннаслужачых стане Нямеччына. Непасрэдна вучэнні пройдуць з красавіка па травень 2020 года, а пераброска вайскоўцаў і тэхнікі — з лютага па чэрвень 2020 года.
Увосені 2019 года Аляксандр Лукашэнка выказваў занепакоенасць гэтымі вучэннямі: «НАТА чамусьці вырашыла праз літаральна некалькі месяцаў правесці ў нашых межах буйнамаштабныя вучэнні і задзейнічаць столькі тысяч, колькі ніколі не задзейнічала. Гэта Польшча і краіны Балтыі. Гэта ненармальна. Гэта не кажа пра тое, што свет прыйшоў на тэрыторыю Еўропы і ачагоў такіх не паўстане ў будучыні. Гэта незразумелыя вучэнні. Напэўна, нам з прэзідэнтам Расеі прыйдзецца падумаць аб тым, як засцерагчы сябе ў гэты перыяд. Таму што там будзе ўдзельнікаў парадку 30 тысяч. Гэта нямала, — сказаў Лукашэнка. — Мы, напрыклад, у Беларусі ўжо над гэтым працуем».