Чарговыя абвінаваўчыя прысуды

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 20 мая агучыў вердыкты ў адносінах яшчэ шасці ўдзельнікаў падзеяў 19 снежня 2010 года. Гэтым разам абышлося без рэальных тэрмінаў зняволення. Але і без апраўдання фігурантаў справы.



6c2e49911b68d315555d5b3eb0dd45bf.JPG

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 20 мая агучыў вердыкты ў адносінах яшчэ шасці ўдзельнікаў падзеяў 19 снежня 2010 года. Гэтым разам абышлося без рэальных тэрмінаў зняволення. Але і без апраўдання фігурантаў справы.
Суддзя Жанна Жукоўская прызнала ўсіх фігурантаў працэсу вінаватымі ў падрыхтоўцы і арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь) і  прыгаварыла экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі Уладзіміра Някляева да 2 год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на 2 гады і Віталя Рымашэўскага да 2 год пазбаўлення волі ўмоўна. Давераная асоба Някляева, галоўны рэдактар незалежнай газеты “Товарищ Сяргей Вазняк атрымаў 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна. Сябры выбарчага штабу Някляева Аляксандр Фядута і Андрэй Дзмітрыеў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады, а намесніца старшыні зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронту Наста Палажанка атрымала 1 год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 1 год.
Фрунзенскі суд беларускае сталіцы разглядаў справу 10 працоўных дзён. Дзяржаўны абвінаваўца Кажэўнікаў прасіў Някляеву 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады, Дзмітрыеву 3 гады пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады, Фядуту 2 гады ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады, Вазняку 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу з адтэрміноўкай на 2 гады, Рымашэўскаму 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады, Палажанцы - 1 год 6 месяцаў умоўна з выпрабавальным тэрмінам на 1 год.
Уладзімір Някляеў па выхадзе з будынку суда пад воклічы “Жыве Беларусь! заявіў журналістам, што не лічыў і не лічыць сябе вінаватым у тым злачынстве, у якім яго абвінавачвалі. Някляеў перад тэлекамерамі шматлікіх замежных тэлеканалаў адразу даў ацэнку агучанаму прысуду. “Мы зараз перад вамі не таму, што добры суд, не таму, што нешта зразумела і збіраецца павярнуць краіну да свабоды і дэмакратыі ўлада. Наш выхад на волю – плён чалавечай салідарнасці. Менавіта перад чалавечай салідарнасцю паўстала гэтая антынацыянальная ўлада. Але прыйдзе дзень, калі давядзецца за ўсё адказваць. У тым ліку і за тое, што адбывалася не толькі з намі, але і з вамі, за тое, што адбывалася з нашымі роднымі, з маёй жонкай і роднымі кожнага, хто там сядзеў, за іх прыніжэнні, за іх слёзы, за тое, што яны не ведалі, ці жывыя іх родныя людзі ці не, за гэта таксама прыйдзецца адказваць, і мы не будзем адцягваць гэта да тога моманту, пакуль спытае за гэта Бог. Перад чалавечым судом за гэта, а пасля ўжо за эканоміку і за даведзенае да жабрацтва грамадства, за тое што народ душыцца сёння па соль, быццам заўтра вайна,  давядзецца гэтай уладзе адказваць, - заявіў паэт і палітык.


Па словах Уладзіміра Някляева, 19 снежня 2010 году ўдзельнікі акцыі “атрымалі маральную перамогу над дыктатурай. “Калі б не было падтрымкі з боку ЗША і Еўрасаюза, то не стаяў бы я перад вамі зараз, а сядзеў бы ў “амерыканцы і адказваў бы на адно і тое ж пытаньне: “Якой краіны я шпіён?, - заявіў экс-кандыдат на пасаду кіраўніка Беларусі, адказваючы на пытанне, чаму прысуд быў адносна мяккім. 
Адвакатка Някляева Тамара Сідарэнка лічыць, што прысуд яе манданту вынесены несправядліва. “Мы займалі пазіцыю і працягваем лічыць яе абгрунтаванай з пункту гледжання невінаватасці яго ў злачынстве, якое яму інкрымініравалі, - адзначыла абаронца. Па словах Тамары Сідарэнкі, недзе праз пяць дзён, калі асуджаны і яго абарона азнаёмяцца з матывавальнай часткай прысуду, будзе прымацца рашэнне аб абскарджванні вердыкта суда першай інстанцыі.
Наста Палажанка вельмі спакойна прыняла прысуд, агучаны Жаннай Жукоўскай. “Я разумела, што прысуды будуць адносна мяккімі на фоне тых вердыктаў, якія будуць агучаны па справе Статкевіча, і тых, што ўжо агучаны па справе Саннікава. Я, як планавала раней, так і планую надалей займацца грамадскай дзейнасцю, планую заставацца адным з лідэраў “Маладога фронту, паколькі адчуваю адказнасць за гэтую арганізацыю, адказнасць за лёсы тых людзей, якія зараз сядзяць у турме. Ніякія судовыя тэрміны для мяне нічога не мяняюць, - падкрэсліла Наста Палажанка ў інтэрв’ю “Новаму часу.


Дарэчы, дамагацца вызвалення палітычных вязняў паабяцалі практычна ўсе, хто 20 мая быў асуджаны, але застаўся на волі.
Агалошанне выраку па справе экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Вуса, а таксама яшчэ пяці чалавек, якіх абвінавачваюць паводле частак 1 і 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі) і якім пагражае (паводле патрабавання пракурора) да васьмі з паловай гадоў пазбаўлення волі, перанесены на нявызначаны тэрмін “у звязку з захворваннем суддзі. Гэты факт выклікаў шмат пытанняў, якія пакуль застаюцца без адказу.