Хто прыплыў першы, той і дзеліць рэсурсы
Абарыгены Рапа-Нуі выпрацавалі механізм змены ўлады метадам спроб і памылак, заплаціўшы за сацыяльныя эксперыменты тысячамі чалавечых жыццяў. Але эксперымент сябе апраўдаў.
Тэхналогія змены ўлады, якую распрацавалі абарыгены выспы Пасхі, не страціла сваёй актуальнасці ў сучаснай Беларусі.
Першая культурная рэвалюцыя (неалітычная) у гісторыі чалавецтва завяршылася экалагічнай катастрофай. Чалавек, што рэзка ўдасканаліў прылады і тэхналогіі палявання, знішчыў значную частку фауны. Дэфіцыт рэсурсаў абвастрыў унутрывідавую барацьбу, што прывяло да скарачэння колькасці насельніцтва ў 8–10 разоў.
Выхад з крызісу ў рамках тагачаснай эканамічнай мадэлі, заснаванай на паляванні і збіральніцтве, быў немагчымы. Той, хто гэтага не зразумеў, выпаў з гісторыі.
Хочаш жыць — умей круціцца. Такая формула прагрэсу. Вось і давялося homo sapiens ажыццявіць пераход да вытворчай гаспадаркі, заснаванай на земляробстве і жывёлагадоўлі.
Для гэтага спатрэбілася здзейсніць чарговую культурную рэвалюцыю. Яе цэнтральны элемент — фарміраванне ўяўлення пра будучыню. Збіральнік ці паляўнічы жыве сучаснасцю. Калі ён хацеў есці, браў кошык ці лук са стрэламі і ішоў у бліжэйшы лес. Усё знойдзенае і злоўленае ўжывалася ім у рэжыме «тут і цяпер». Ну а далей голад запускаў чарговы «вытворчы цыкл».
Адмова ад бягучага спажывання дзеля спажывання ў будучыні і выратавала чалавецтва ў канцы неаліту. Тут важна не пераблытаць прычыну са следствам. Следства — гэта тэхналогіі па вырошчванні травы і прыручэнні жывёл. Прычына — уменне думаць у катэгорыях будучыні.
Акулы — дэмакратыі не перашкода
«Разруха не ў клазетах, а ў галовах». Гэта азбука. Без яе засваення крызіс не пераадолець. У якасці прыкладу звернемся да досведу жыхароў выспы Пасхі (Рапа-Нуі).
У цяперашні час — гэта востраў без лясоў з неўрадлівай вулканічнай глебай. Аднак да часу засялення палінезійцамі ў IX–X стагоддзі ён быў пакрыты густымі лясамі. Зразумела, што без умяшання чалавека тут не абышлося. Але чаму перасяленцы дзейнічалі так радыкальна?
Лес стаў ахвярай... ідэалогіі. Акрамя традыцыйных гаспадарчых патрэб (лодкі, жыллё, паліва) бярвенне ў вялікай колькасці было неабходнае для транспарціроўкі гіганцкіх каменных статуй.
У выніку інтэнсіўнай высечкі, якая доўжылася на працягу стагоддзяў, лес быў цалкам вынішчаны прыкладна да 1600 года. Следствам гэтага сталі ветравая эрозія глебы, рэзкае скарачэнне вылаву рыбы з прычыны адсутнасці лодак, падзенне вытворчасці харчавання, масавы голад і грамадзянская вайна. Сукупнасць гэтых прычын скараціла насельніцтва выспы амаль на парадак усяго за некалькі дзесяцігоддзяў.
Будаўніцтва статуй прыпынілася натуральным шляхам, і гэта падарвала аснову пануючай ідэалогіі. Аднак, да гонару жыхароў выспы, яны здолелі пераадолець разруху ў галовах, кардынальна перапрацаваўшы сваю ідэалагічную дактрыну.
На змену пакланенню каменным ідалам прыйшла эпоха глыбокага шанавання чалавека-птушкі. Яе цэнтральны культавы рытуал — штогадовае спаборніцтва паміж прадстаўнікамі ўсіх кланаў Рапа-Нуі. У канцы жніўня, калі цёмная крачка адкладала яйкі на скалах у кіламетры ад выспы, прадстаўнікі ўсіх плямёнаў збіраліся ў вёсцы Аронга. Удзельнікі спаборніцтваў павінны былі даплысці да скалы, знайсці яйка крачкі і вярнуцца з ім назад. Прычым удзельнікі падвяргаліся вялікай небяспецы, бо гэтыя воды кішэлі акуламі.
Плывец-пераможца станавіўся «птушкачалавекам года», а яго племя і надзялялася правам кантролю над размеркаваннем рэсурсаў на востраве. І так да наступнага заплыву.
Перад намі, як няцяжка здагадацца, своеасаблівы механізм змены ўлады. Ён унікальны. Але яго ўнікальнасць заключаецца не ў дэталях рытуалу, а ў самім факце змены ўлады ва ўмовах размеркавальнай
эканомікі (азбукавыя прынцыпы функцыянавання дыстрыбутыўнай, г.зн. размеркавальнай эканомікі былі разгледжаны аўтарам у артыкуле «Людзі на камянях і людзі на балоце»).
Абарыгены Рапа-Нуі выпрацавалі механізм змены ўлады метадам спроб і памылак, заплаціўшы за сацыяльныя эксперыменты тысячамі чалавечых жыццяў. Але эксперымент сябе апраўдаў. Дэпапуляцыя выспы
была спыненая.
«Сіла інтэрнэту — гэта хаос»
Гісторыя, як і інструкцыі па тэхніцы бяспекі, пішацца крывёй. Таму сучасныя грамадствы навучыліся здабываць урокі са сваіх і чужых памылак. Яны стварылі сістэму інстытутаў, якія дазваляюць падтрымліваць разумны баланс паміж стабільнасцю і нявызначанасцю.
Звернемся да інтэрнэту. Спробы абмежаваць яго свабоду — гэта дакладная прыкмета няздольнасці палітычнай сістэмы існаваць у сучасных дынамічных умовах. Такія спробы ў сярэдзіне 90-х гадоў рабіліся і на радзіме інтэрнэту, у ЗША. Маўляў, тэрарызм, парнаграфія і іншыя спакусы. Без дзяржаўнага рэгулявання тут не абысціся.
Заканадаўцы на запыт «прагрэсіўнай грамадскасці» адрэагавалі і прынялі закон аб абароне маральнасці ў інтэрнэце. Аднак Федэральны суд у Пенсільваніі сваім рашэннем яго адмяніў. Прывяду фрагмент судовага вердыкту: «Гэтак жа, як сіла інтэрнэту — гэта хаос, сіла нашай свабоды вызначаецца хаосам і какафоніяй неабмежаванай свабоды слова, якая абараняецца Першай папраўкай да Канстытуцыі».
Суд — гэта інстытут, які закліканы ахоўваць дзеючы сацыяльны лад. І гэты інстытут стаў на абарону хаосу! Але такое патрабаванне Канстытуцыі. Першая папраўка (Біль аб правах), якая гарантуе свабоду слова, таму і стала першай. Амерыканскім заканадаўцам хапіла двух гадоў, каб усвядоміць неэфектыўнасць Канстытуцыі, у якой адсутнічаюць механізмы абароны асобы. А кожная аўтаномная асоба — гэта крыніца дадатковай нявызначанасці для дзяржавы.
Дарэчы, Першая папраўка забараняе дзяржаве падтрымліваць якую-небудзь рэлігію альбо сцвярджаць дзяржаўную рэлігію. Але гэта так, да слова.
Адчуйце розніцу
Штогадовае спаборніцтва па хуткаснай дастаўцы яйка крачкі — далёка не адзіны спосаб генерацыі сацыяльнай нявызначанасці, выпрацаваны чалавецтвам. Індзейцы наскапі, напрыклад, вызначалі раён палявання па слядах сажы на лапатцы аленя. «Такім чынам, — рэзюмуе амерыканскі сацыёлаг Дэвід Старк, — наскапі ўводзілі ў свае дзеянні элемент выпадковасці, які дазваляў пазбегнуць ціску кароткатэрміновай рацыянальнасці, якая прымушае меркаваць, што найлепшы спосаб знайсці дзічыну заўтра, — пашукаць там жа, дзе яе знайшлі сёння».
Каб не шукаць адказы на выклікі там жа, дзе яны былі знойдзеныя ўчора, чалавек прыдумаў выбары. Гэта лепшы на сённяшні дзень генератар нявызначанасці, генератар хаосу. Але калі будучыня няпэўная, дык і пераадольваць яе варта з дапамогай выпадковых механізмаў.
Галоўны вынік выбараў — непрадказальнасць іх зыходу. Выбары з прадказальным зыходам выбарамі не з’яўляюцца. Яны праводзяцца не для абнаўлення кіруючай эліты, а для яе легітымацыі. Як тут ні прыгадаць старых крамлёўскіх кіраўнікоў, якіх выносілі з рабочых кабінетаў наперад нагамі.
Выбары, у тым ліку і прэзідэнцкія, рэгулярна праводзяцца і ў Беларусі. Але сам адзіны палітык (АП) у якасці палітычнага мерапрыемства іх не разглядае. Для яго выбары — гэта экзамен, які ўлада здае народу. Заўважце, не ён асабіста здае экзамен, а ўся ўладная «вертыкаль». Таму ў размовах на экзаменацыйную тэму заўсёды фігуруе займеннік «мы».
Множны лік займенніка першай асобы азначае, што кандыдатам ад апазіцыйных партый супрацьстаіць не дзейны прэзідэнт і не канкрэтныя фізічныя асобы на парламенцкіх і мясцовых выбарах, а дзяржава як такая. Адчуйце, што называецца, розніцу!
Інстытут інстытуту розніца
У рамках беларускай мадэлі баланс паміж стабільнасцю і нявызначанасцю дзяржава спрабуе ўтрымаць за кошт звядзення нявызначанасці да мінімуму. У артыкуле «Тры пакаленні Пуціна» расійскі эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў наступным чынам характарызуе пакаленне, якое займае сёння «камандныя вышыні»: «Яны прайшлі канкурэнцыю без правілаў і стварылі сістэму правілаў, якія не дапускаюць канкурэнцыі». Лепш і не скажаш.
Мінімум канкурэнцыі — мінімум нявызначанасці. Але на падтрыманне такога мінімуму даводзіцца накіроўваць максімум рэсурсаў. Абарона манаполіі на ўладу ва ўсе часы абыходзілася нятанна. Тут ужо не да развіцця.
Без моцнай улады падтрымліваць на працягу доўгага часу сістэму правілаў, якія не дапускаюць канкурэнцыю, у наш час яшчэ ні ў каго не атрымлівалася. Падмацую гэта сцвярджэнне выказваннем АП: «Моцная ўлада, развітыя структуры кіравання патрэбныя як для захавання сацыяльна-палітычнай стабільнасці ў краіне, так і для дзяржаўнага рэгулявання працэсу эканамічных пераўтварэнняў.
Сусветны вопыт паказвае, што вырашальным фактарам паспяховага развіцця з’яўляюцца моцныя дзяржаўныя інстытуты, якія забяспечваюць нармальную работу рынкавых механізмаў».
Хто б спрачаўся, без моцных інстытутаў на траекторыю ўстойлівага развіцця не выйсці. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Дастаткова звярнуцца да досведу «азіяцкіх тыграў». Але моцныя інстытуты моцным інстытутах розніца. Уся справа ў адносінах да канкурэнцыі. Без моцных інстытутаў яе не прыдушыць, але і стрымліваць ціск лабісцкіх груп таксама не атрымаецца.
«Па меры ўмацавання ўлады над асяроддзем, — сцвярджаў англійская гісторык Арнольд Тойнбі, — пачынаецца працэс надлому і распаду, а не росту». Як гэта тэарэтычнае палажэнне рэалізуецца на практыцы, наглядна дэманструе беларуская мадэль. Яна жыве пяцігодкамі. Таму для вызначэння яе рэальнага стану дастаткова адкрыць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гады.
Гэту праграму нескладана знайсці на сайце Мінэканомікі. Любы абзац праграмы сёння чытаецца як песня. Прыводжу фрагмент абзаца, абранага выпадкова: «У развіцці галін прамысловасці ўпор будзе зроблены на апераджальнае развіццё вытворчасцей, якія выпускаюць прадукцыю з высокім дабаўленым коштам: мікраэлектроніка, прыборабудаванне, дакладнае машынабудаванне, інфармацыйныя тэхналогіі...»
Нагадаю, выбары ў Беларусі — гэта іспыт. Але права на здачу іспыту яшчэ трэба заслужыць...