Грэкі Карыбскага мора

Пакуль уся ўвага была прыцягнута да пытання знешняга доўгу Грэцыі, на другім канцы планеты пра банкруцтва абвясціў урад Пуэрта-Рыка. 



18441606_7.jpg

Самае незвычайнае ў сітуацыі з пуэрта-рыканскім дэфолтам — тое, што Пуэрта-Рыка — фактычна частка ЗША, а дакладней, юрыдычна гэта гучыць як «асацыяваная з ЗША тэрыторыя». Сувязь з ЗША заключаецца ў наяўнасці агульнага грамадзянства, супольнай абароны і валюты. Іншымі словамі, за фінансавую стабільнасць адказвае Вашынгтон, а ўзровень жыцця ў краіне, па логіцы, павінен быць не горшым, чым у Злучаных Штатах.

У дадатак тое, што Канстытуцыя ЗША мае тут абмежаваны характар, часам выглядае пазітывам. Так, тубыльцы не плацяць падаткі ў федэральны бюджэт, затое маюць гарантаваныя сацыяльныя стандарты амаль як у Штатах. Гадавы прыбытак на чалавека складае на востраве каля 16 тысяч долараў ЗША. Памер дапамогі па беспрацоўю тут даходзіць да 700 долараў, хаця плацяць яе часта рознымі талонамі на ежу і адзенне. Праўда, на агульнаамерыканскім фоне ўзровень жыцця ў Пуэрта-Рыка застаецца вельмі нізкім. Інакш бы кожны год адсюль не эміграваў у ЗША адзін працэнт насельніцтва.

Незвычайная правая катавасія ў адносінах ЗША і вострава на Карыбах — следства пакету законаў, якія былі распрацаваныя пасля захопу вострава амерыканцамі ў выніку амерыкана-іспанскай вайны 1898 года. Сярод тых законаў быў блок, прысвечаны эканамічнай кампетэнцыі мясцовага аўтаномнага ўраду. Напрыклад, закон надаваў права Пуэрта-Рыка друкаваць свае крэдытныя аблігацыі, або боны. Прыкладна з пачатку 1970-х гадоў друк такіх бонаў (іх існуе тры катэгорыі) стаў асноўным прыёмам, каб падтрымліваць бюджэтны баланс вострава. Тым больш астраўныя боны разыходзіліся добра, паколькі былі вызваленыя ад федэральных падаткаў, што выклікала да іх вялікі інтарэс інвестараў.

Нягледзячы на дыстанцыю ад тэрыторыі ЗША, востраў не змог застацца ўбаку ад фінансавага крызісу 2008–2009 года, што прымусіла пуэрта-рыканскія ўлады розных узроўняў актыўна размяшчаць свае боны на крэдытных рынках. Тым больш, што мясцовую эканоміку ліхаманіла і раней. У 2006-м нават часова звольнілі ўсіх чыноўнікаў, а Мінадукацыі ўвогуле вырашылі ліквідаваць.

Цяжка сказаць, калі эксперты пачалі падазраваць, што ў Пуэрта-Рыка маюцца праблемы з ліквіднасцю, аднак у лютым мінулага года большасць крэдытных агенцтваў ЗША, дзе знаходзяцца галоўныя ўладальнікі пуэрта-рыканскіх каштоўных папераў, рэзка панізілі інвестыцыйныя індэксы для Пуэрта-Рыка. А на пачатку ліпеня гэтага года губернатар Пуэрта-Рыка афіцыйна прызнаў, што чарговую выплату працэнтаў па крэдытах востраў дакладна не аплаціць.

Цяпер на востраве і ў Вашынгтоне ўсе носяцца з юрыдычным казусам, які таксама з’яўляецца наступствам малазразумелага прававога стану вострава ў амерыканскай юрыдычнай сістэме. Амерыканскія законы не прадугледжваюць прымяненне да Пуэрта-Рыка працэдуры банкруцтва для рэструктурызацыі запазычанасці, якую маюць іншыя суб’екты краіны. Пакуль не зразумела, калі папраўка будзе прынятая, хаця яе актыўна лабіруюць не проста палітыкі, аднак фаварыты прэзідэнцкай кампаніі 2016-га Хілары Клінтан ад дэмакратаў і Джэб Буш ад рэспубліканцаў.

Між тым, усе пагаджаюцца, што нават увядзенне працэдуры банкруцтва не зможа зняць праблему хуткага росту сацыяльнай напружанасці на Пуэрта-Рыка. Тут і так 40 працэнтаў насельніцтва не маюць працы і жывуць за рысай беднасці, а праграма санацыі эканомікі, па словах аўдытараў, павінна ўключаць такія непапулярныя змены, як рэформа працоўнага заканадаўства, рост падаткаў і скарачэнне пенсій. Прычым рабіць гэта ўсё прапануюць тэрмінова.

Відавочна, радыкальныя рэформы выклікаюць палітызацыю насельніцтва і актуалізацыю статусу вострава. Шмат хто звязвае цяперашні дэфолт з тым, што Пуэрта-Рыка не цалкам інтэграваная ў амерыканскую сістэму, іншыя лічаць, што краіна, наадварот, занадта інтэграваная. Першая фракцыя ўжо патрабуе плебісцыт аб канчатковым уключэнні Пуэрта-Рыка ў склад ЗША на правах штату. Па іх словах, адсутнасць у Кангрэсе дэпутатаў ад востраву не дазваляе лабіраваць салідныя федэральныя праграмы падтрымкі. Нагадаем, што ў свой час прэзідэнт Кенэдзі паабяцаў жыхарам востраву права стаць грамадзянамі ЗША, калі яны так вырашаць.

Прыхільнікі ж незалежнасці бачаць крыніцу ўсіх цяперашніх праблем у адсутнасці самастойнасць. Пуэрта-Рыка як фармальная частка ЗША эканамічна абмежаваная ў кантактах з іншымі краінамі. Напрыклад, яна падпадае пад закон, які забараняе замежным караблям перавозіць грузы паміж партамі ЗША. З-за таго ж закону замежныя караблі з грузам не могуць заходзіць у мясцовыя порты, а імпарт з востраву дазваляецца рабіць выключна амерыканскім кампаніям, што вельмі дорага для мясцовых бізнесменаў. Дарэчы, нягледзячы на просьбу жыхароў востраву перагледзець той закон, Кангрэс некалькі разоў заварочваў іх просьбы. Нарэшце, амерыканскія кампаніі, якія, як правіла, працуюць на востраве, могуць вывозіць адсюль заробленыя грошы без падаткаў у мясцовы бюджэт.

Згадваюць незалежнікі і псіхалагічны фактар. Палітыкі на Пуэрта-Рыка, маўляў маюць комплекс перад суседзямі па Карыбскім моры, у якіх ёсць увесь набор прыкмет суверэнных нацый, у тым ліку свае грашовыя сістэмы. Забарона на друк сваіх грошай, быццам, выклікае ва ўлады Пуэрта-Рыка некантраляваную манію друкаваць аблігацыі, якія часткова кампенсуюць траўму.

Час пакажа, у якім накірунку — незалежніцкім або праамерыканскім — будзе развівацца грамадска-палітычная думка на Пуэрта-Рыка. Хаця, магчыма, цэнтр знойдзе варыянт вырашыць праблему Карыбскай Грэцыі. Прынамсі, еўрапейцы лічаць пуэрта-рыканскі дэфолт дробяззю на фоне грэчаскай эпапеі.